Пасля спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Шлюб з ветрам», які з аншлагам прайшоў у суботу ў межах конкурснай праграмы Міжнароднага тэатральнага фестываля «Белая вежа», публіка доўга не адпускала артыстаў. Што і не дзіўна – такой пастаноўкі на айчыннай сцэне дагэтуль не было.
Аўтары Яўген Карняг і Кацярына Аверкава разам з мастаком Таццянай Нерсісян неверагодна таленавіта і эмацыянальна распавядаюць пра лёс мужчыны, які знаходзіцца ў палоне чужых рашэнняў – мацярынская любоў проста-такі паралізуе яго асобу. Урэшце з рук адной маці ён трапляе на рукі другой – маці-жонкі, якой стае сілы трывала трымаць яго. Дзея разгортваецца на вяселлі, але не жаніх і нявеста ў цэнтры ўвагі. У тэкстах песень, якія зацягвалі нашы бабулі за вясельным сталом, паўстаюць трагічныя і да жаху рэалістычныя гісторыі.
Эксперыментальная пастаноўка, прэм’ера якой адбылася ў снежні 2019 года, нарабіла шмат шуму ў сталіцы. Традыцыйных дыялогаў тут зусім няма. Жанр вызначаны як «песня ў адной дзеі» – «Шлюб з ветрам» цалкам сатканы з фальклорных матываў. Пэўна, таму ў амаль суцэльна маладзёжны калектыў неверагодна арганічна ўпісалася народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель з яе прыгожым непаўторным голасам, якой на тую пару споўнілася акурат 80 гадоў, – яна сыграла маці жаніха.
З Таццянай Рыгораўнай мы паразмаўлялі адразу пасля спектакля.
– У папярэдніх ролях за вамі трывала замацаваўся вобраз тыповай беларускі, простай вясковай жанчыны і раптам – гэткае пераўвасабленне. Раскажыце, калі ласка, як ішла работа над зусім новым для вас праектам.
– Да гэтага Яўген Карняг у нашым тэатры паставіў спектакль «Бетон». Я першы раз глядзела яго як член мастацкай рады. Была вельмі ўражана – я ўбачыла нашых акцёраў, якія раптам сталі рухацца, так нечакана пластычна, прыгожа. Падумала, няўжо нашы могуць так рабіць?!
І вось новая пастаноўка. Мне так хацелася паўдзельнічаць, але я нават не думала, што мяне возьмуць. Вельмі прыемна было апынуцца ў такім незвычайным творчым асяроддзі. Безумоўнае адкрыццё – мастачка Таццяна Нерсісян, галоўныя ролі – жаніха і нявесты –цудоўна выконваюць Арцём Курэнь і Аня Семяняка… Спачатку мы спявалі песні, якія падбірала Кацярына Аверкава. І што дзіўна: звычайны беларускі фальклор – а такая глыбінная філасофія ў ім закладзена, што нават ніякіх слоў больш не трэба. Пасля, калі яны былі апрацаваны і стройна ўплецены ў тканіну спектакля, аказалася: гэта і ёсць кола жыцця чалавека, прыроды, усяго зямнога і духоўнага…
Дык вось, атрымліваю ролю, пачынаем рэпеціраваць. Я, па звычцы, у сваім амплуа. Ёсць такая сцэна – калі сын ад’язджае, маці яго шукае, і па ўсіх канонах драматургіі я закаціла такую істэрыку, што Яўген сказаў мне: «Ну ведаеце, Таня, ваша рэпетыцыя – гэта страшны сон рэжысёра». (Смяецца.) Пажартаваў, можа. А можа, і не. Але далей я старалася трапіць у вызначанае ім русла, стала прыслухоўвацца – таму што ў яго свой стыль. Штосьці даводзілася ў сабе перавыхоўваць, пераглядаць, прыстасоўвацца. І, урэшце, ад работы побач з іншымі акцёрамі атрымлівала вялікае задавальненне.
Тое, што адбывалася на сцэне, – надзвычай цікава і неверагодна эмацыянальна. Гэта вялікае дзіва – што можна зрабіць з фальклорам. На жаль, у лепшым выпадку гэты здабытак народны ў тэатры сёння выкарыстоўваецца толькі як ілюстрацыя… Цяпер ужо чакаю новых пастановак – у Яўгена ёсць планы на наш тэатр. Думаю, ці возьме мяне. Безумоўна, хочацца.
– А наколькі блізкая вам ваша роля ў «Шлюбе з ветрам»?
– Мая гераіня – жанчына, пэўна, адзінокая, бацькі там няма. І таму мацярынская любоў даходзіць да абсурду, без свайго сыночка яна не ўяўляе жыцця. Асабіста ў мяне – тры дачкі, сына Бог не паслаў, але зяці мне – як сыны. Як і яна, я таксама чапляюся за дзяцей. Па праўдзе казаць, апошнія 30 гадоў вельмі прывязана да іх (з мужам мы разышліся – не па маёй віне, а па маёй прынцыпіяльнасці, напэўна; гэта быў проста нясцерпны боль расставання з любімым чалавекам). У свой час мне прыйшлося выбіраць: дзеці альбо чужы мужчына ў хаце – другі муж… З тае пары – дзеці і тэатр – маё выратаванне.
– Тэатразнаўцы таксама адзначаюць вашу ролю Бабулі ў сатырычнай камедыі «Мудрамер» па п’есе Міколы Матукоўскага як адну з лепшых за апошні час…
– Я іграю тое, што калісьці на сцэне Купалаўскага тэатра неверагодна таленавіта ўвасабляла вялікая зорка Стэфанія Станюта. Стэфанію Міхайлаўну я добра ведала, на кінафестывалі ездзілі, але ў гэтай ролі не бачыла. Ну і псіхалагічна мы розныя – таму вобраз атрымаўся іншы. Мне ён быў цікавы тым, што маці адзінаццаці дзяцей ідзе да чыноўніка прасіць дазволу заказаць сабе дамавіну. Усім расказвае: дзеці, маўляў, харошыя-расхарошыя. Доўга думала я: ну чаму – так? Каб дамавіна ў хаце за шырмачкай стаяла. Баюся, што пры цяперашняй занятасці дзеці могуць не паспець. Гэтае пачуццё я хаваю – і ад гледача, і ад акцёра, які іграе Міністра. І калі дамавіну ён будаваць такі дазваляе, мая гераіня раптам робіцца такой вясёлай і дыктуе ўмовы: «Дайце мне з дуба, каб шашаль не патачыў. А дуб яму – во!» І фігу пад нос Міністру. Усё гэта ў такім запале… Ведае, чыноўнік зразумеў яе адзіноту. І што не ад вялікага шчасця звярнулася жанчына з нечаканай просьбай. Тэма старасці, адзіноты чалавечай – актуальная ва ўсе часы.
– Таццяна Рыгораўна, вы сыгралі больш як у трыццаці кінастужках. Работа ў кіно працягваецца?
– Так, зараз Андрэй Кудзіненка працуе над серыялам пра легендарнага барца Аляксандра Мядзведзя. Вельмі цікавы сцэнарый, напісаны ён паводле біяграфіі куміра савецкіх хлопцаў. Фільм «Дзевяць жыццяў Мядзведзя» – пра волю да перамогі, паражэнні і іх пераадоленне, пранізаны неверагоднай любоўю да жыцця, з гумарам. Я была задзейнічана на самым пачатку, здымкі ішлі каля старажытнага Ракава. Наколькі ведаю, прэм’ера запланавана на наступны год.
– А як наогул вы, вясковая дзяўчынка, трапілі ў артысткі?
– Мы яшчэ ў школе нейкія сцэнкі ставілі. Мама ж хацела, каб я стала доктарам. Скончыла медвучылішча, два гады працавала ў медсанчастцы Мінскага трактарнага завода, потым паступіла ў медінстытут. Але, агледзеўшыся, зразумела: не, не маё. Прыйшла забіраць дакументы. Кажу: у меня мама захварэла, трэба кароў, свiней глядзець. А дэкан мне: «Дзяўчына, вы разумееце, што гаворыце: 25 чалавек на месца! Вы паступілі ў медінстытут – якія свінні!». Толькі я ўсё на той час ужо вырашыла… У тэатральна-мастацкім усе былі прыгожыя, гарадскія. Трэба было адпавядаць агульнай атмасферы. Я стала займацца музыкай, пластыкай, танцамі, гімнастыкай. Самастойна пачала вучыцца іграць на фартэп’яна.
– Па размеркаванні, як вядома, вы трапілі ў Гродзенскі абласны драмтэатр, і адной з першых роляў стала роля жанчыны лёгкіх паводзінаў…
– Сапраўды, было такое (смяецца). Я, учарашняя студэнтка, вельмі хвалявалася і зусім не ўяўляла, што гэта за жанчыны. Як жа сыграць? Мне параілі пайсці ў рэстаран: маўляў, там яны тусуюцца. Пайшла да дырэктара, растлумачыла сітуацыю. Ён і паказаў мне столік, дзе сядзяць дзяўчаты ды п’юць ваду. Падсела я да іх – як нічога ніякага, таксама вадзічку пацягваю. А потым пачаліся танцы. Мяне то адзін, то другі кавалер запрашае. Я ж маладзенькая, пластычная. Адзін дадому кліча, другі прапаноўвае на машыне пакатацца. На вуліцы ўжо спрачаюцца, каму дастануся. Я ўжо і не ведала, як выкруціцца, але тут на маё шчасце ў рэстаран зайшоў мастак нашага тэатра. Здзівіўся: што я тут раблю і літаральна за руку павёў дадому, у інтэрнат. Назаўтра ўвесь тэатр з усмешкамі цікавіўся: «Ну як, Таня, атрымалася ў цябе роля прастытуткі?».
Потым было шмат вобразаў – галоўным чынам жанчын з народа. Такіх блізкіх, зразумелых і родных. Як мама. Я заўсёды яе іграла – хаду, манеры, спявала яе песні. Мама была чалавекам вельмі працавітым – яна ўставала ў чатыры раніцы, запальвала печку. Патрэсквалі дровы, і па хаце разліваўся водар бліноў. Прыкладна а палове шостай я выганяла ў поле статак. Зямлі мы мелі 60 сотак, і яе трэба было апрацоўваць. У вайну фашысты спалілі нашу хату, жылі ў зямлянцы, якую пабудаваў бацька. Загінуў тата пад Кёнігсбергам. Потым у сваім жыцці я многае бачыла ўпершыню: электрычнасць, тэлевізар…
У тэатральна-мастацкім інстытуце проста-такі закахалася ў італьянскі жывапіс. І як толькі зняліся ў двухсерыйнай кінастужцы «Новая зямля» па Коласе, атрымалі першыя грошы, я сказала мужу: «Мы з табой садзімся і едзем у Італію». Вельмі хацелася ўбачыць Мікеланджэла ў арыгінале. Вось такая была даставучая. Хоць жылі тады ў Віцебску, поўны галяк, блізняты толькі нарадзіліся, але вырашылі паглядзець свет. Мілан, Рым, Венецыя, Фларэнцыя. Сёння за плячыма – ужо ці не паўсвету: Нью-Ёрк, Кліўленд, Лондан, Парыж, Брусель. Дарэчы, у Бруселі прыйшлі мы на сустрэчу з гледачамі, а яны просяць: раскажыце, што такое Беларусь. Праз перакладчыка я ў адказ: давайце праспяваю вам калыханачку. І пачала – люлі-люлі-люлі. А яны нам сваю, на фламандскім. Так атрымаўся поўны кантакт. Матуліна песня – яна і без слоў зразумелая.
– Таццяна Рыгораўна, думаю, што выкажу меркаванне шматлікіх прыхільнікаў вашага таленту: з цягам часу вы робіцеся ўсё больш прыгожай. У чым сакрэт? І вашай прыгажосці асабіста, і чалавечай наогул?
– Не ведаю, як у каго – у мяне ёсць дача. Увесь агарод я засаджваю бульбай. Хаджу басанож па расе. Сонца, неба, птушкі пяюць. Вось такая медытацыя. Божы свет вельмі багаты, цікавы. І да яго трэба ўмець быць адкрытым.
Даведка «Зари»: Таццяна Рыгораўна Мархель нарадзілася ў вёсцы Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працавала ў тэатрах Гродна, Магілёва, Віцебска. З 1987 года жыве ў Мінску. Служыць у Дзяржаўным тэатры беларускай драматургіі. Больш за 30 роляў у кіно і за паўсотні тэатральных зрабілі Народную артыстку Беларусі любімай актрысай людзей розных пакаленняў.
Гутарыла Ірына АРЛОВА