У рамках акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» на Лунінеччыне арганізавалі бясплатную экскурсію ў дзяржаўныя прыродаахоўныя заказнікі рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Лунінскі». Гасцямі заказніка «Сярэдняя Прыпяць» сталі наведвальнікі аздараўленчага лагера, які з пачаткам летніх канікул адкрылі ў сярэдняй школе №1 г. Мікашэвічы. Паездка стала незабыўнай для дзетвары.
Прымай гасцей, «Лазовая даліна»!
У маляўнічай «Лазовай даліне», якая знаходзіцца на адлегласці ў дзясятак кіаметраў на поўдзень ад Лунінца, жаданых гасей сустракала вядучы спецыяліст дзяржаўныя прыродаахоўныя заказнікі рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Лунінскі» Марына Брэзіна. Улічваючы ўзрост экскурсантаў (у асноўным гэта былі малодшыя школьнікі і вучні сярэдняга звяна), Марына Уладзіміраўна пастаралася даходліва і проста расказаць пра ахоўваемую тэрыторыю і правілы паводзін на ёй.
Першай кропкай маршруту стаў экалагічны цэнтр. Менавіта адсюль бярэ пачатак знакамітая экалагічная сцежка. Юныя наведвальнікі з цікавасцю ступілі на драўляны насціл, затрымаліся на невялікім мастку, слухаючы аповед экскурсавода пра тое, што сілкуюць Прыпяць на Лунінеччыне адразу пяць рэчак – Бобрык, Цна, Смердзь, Лань і Случ. У пойме «палескай Амазонкі» у вегетацыйны перыяд сканцэнтравана велізарная колькасць пералётных птушак – гусей, качак, чапляў, журавоў… Сустракаюцца рэдкія экземпляры – такія, як вяртлявая камышоўка, арлан-белахвост, белая чапля і некаторыя іншыя віды птушынага брацтва.
Экскурсантам пашчасціла: практычна адразу яны ўбачылі невялікае качынае сямейства. Воклічамі замілавання праводзілі дзеці качку-маму і вывадак маленькіх яе дзетак.
Кранаючай была сустрэча дзетвары з мясцовым абарыгенам – буслам Грышай. Штовясны вяртаецца верная птушка да родных гнёздаў. Сёлета Грыша стварыў сям’ю, і эколагі чакаюць у ёй папаўнення. Бусел прывык да людзей і нярэдка падыходзіць вельмі блізка да наведвальнікаў, не грэбучы пачастункамі. Праўда, на гэты раз Грыша сумеўся ад вялікай колькасці непаседлівых гасцей і толькі здалёк асцярожна назіраў за іх валтузнёй.
А яшчэ Марына Брэзіна паведаміла дзетвары, што жыве ў забалочаных лясах і хмызах заказніка вялікае мноста рознай жывёлы – ласёў, кабаноў, касуль, зайцаў… Быццам у пацвярджэнне яе слоў з хмызоў выскачыла маладая касуля. Напалоханая дзіцячай гаманой, яна хутка схавалася ў густой лістоце зараснікаў.
«Дуб жаданняў»
Па дарозе юныя экскурсанты не прамінулі затрымацца каля «Дуба жаданняў». Згодна з паданнямі, старое дрэва, узрост якога вылічваецца стагоддзямі, абавязкова дапамагае спраўдзіць самыя запаветныя мары. Хлопчыкі і дзяўчынкі шчыра верылі ў гэта і старанна туліліся да магутнага камля, нашэптваючы дубу ціхуткія просьбы.
Далей гасцей чакала не менш захапляючая частка экскурсіі – пад’ём на аглядную вышку. Тыя, хто не баіцца вышыні (а баязліўцаў сярод гасцей не было ўвогуле!) узняліся на пляцоўку, каб атрымаць асаблівую асалоду ад сузірання неабсяжных прастораў «Лазовай даліны». Відовішча ўразіла. Даліна і насамрэч у гэты час выглядае вельмі прыгожа: блакітныя плямкі вады перамяжаюцца з аксамітам маладой лазы. Марына Брэзіна паведаміла, што ціхуткім надвячоркам адсюль можна ўбачыць практычна ўсіх прадстаўнікоў фаўны і флоры беларускага Палесся. Дарэчы, сярод раслін – нямала чырванакніжнікаў. Менавіта тут знойдзены папуляцыі сальвініі плаваючай, гарлачыка белага, кубышкі малой, калюжніцы балотнай, касаціка сібірскага і іншых рэдкіх раслін. Карыстаючыся выпадкам, дзетвара рабіла сэлфі, спяшаючыся занатаваць у тэлефонах незабыўныя краявіды малой радзімы.
А потым усіх частавалі духмянай гарбатай, якую па-майстэрску прыгатаваў егер Аляксандр Барысевіч. Напой мае назву «Сіла прыроды», а рэцэптуру яго работнікі трымаюць у сакрэце. Вядома толькі, што ўваходзяць у склад гаючага напітка травы, якія растуць на прасторах заказніка.
Тым часам блізкая Прыпяць жыла сваім жыццём, нашэптваючы хвалямі берагам толькі ёй вядомыя сакрэты. Цішыню парушаў рокат катэра, які натужна цягнуў на супацьлеглы бераг вялікі паром. Пераправа, што злучае Лунінецкі і Столінскі раёны, – яшчэ адна славутасць Лунінеччыны і прамінуць яе экскурсанты аніяк не маглі. Удосталь паназіраўшы за работай парома, госці прадоўжылі вандроўку: іх чакалі на аграсядзібе «Гарадоцкі рай» і вядомай далёка за межамі раёна конеферме.
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ
Фота аўтара і Марыны БРЭЗІНАЙ
Оставить комментарий