Абласны пленэр разьбяроў паркавай скульптуры прайшоў на Іванаўшчыне

XVIII абласны пленэр разьбяроў паркавай скульптуры прайшоў у аграгарадку Моталь на Іванаўшчыне. Мерапрыемства арганізавана ўпраўленнем культуры Брэсцкага абвлвыканкама, «Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам» і аддзелам культуры Іванаўскага райвыканкама.

 

На свежым паветры каля Мотальскага музея народнай творчасці мінулы тыдзень працавалі разьбяры: Мікалай Задрэйка (Мінская вобласць), Сяргей Козел, Анатоль Туркоў, Валерый Манцэвіч, Юрый Рубан (усе – Брэсцкая вобласць), Мікалай Скляр (г. Гродна). Кіраўніком пленэра быў народны майстар Беларусі Анатоль Савельевіч Туркоў. Разам скульптары стваралі кампазіцыю, прысвечаную мястэчку Моталь, яго вядомым гістарычным асобам, рамёствам і брэндам.

 

Па традыцыі на адкрыцці пленэра была зроблена першая «зарубка», выкананая старэйшым разьбяром – Мікалаем Склярам. Свае аўтографы на вырубленай шчапе пакінулі ўсе ўдзельнікі і арганізатары пленэру. «Зарубка» на памяць застанецца ў мясцовым музеі.

 

 

 

 

 

З раніцы да вечара майстры шчыравалі над дубовымі калодамі, якія, дзякуючы моцным рукам, багатай фантазіі мужчын і шматлікім інструментам (бензапіле, балгарцы, стамесцы, сякеры і інш.), ператвараліся ў драўляныя шэдэўры. Бона Сфорца, сват з караваем, рыбак, жанчына ў кажусе, стол з прысмакамі, фатограф Мінюк, прадпрымальнік-каўбаснік, дэпутат Панядзелец будуць усталяваны да гастранамічнага фэста «Мотальскія прысмакі», які пройдзе ў аграгарадку 7 і 8 жніўня.

 

Рэзчык з трыццацігадовым стажам Мікалай Задрэйка выразаў з дрэва маладую жанчыну ў паўкажушку:

 

– У музеі мне паказалі фота, як выглядала мясцовая прыгажуня ў папулярным у савецкі час верхнім адзенні. Паставіў сабе галоўную задачу – перадаць у дрэве характар маталянкі.

 

 

 

 

Баранавіцкі майстар Сяргей Козел стварыў драўляную скульптуру Аляксея Мінюка – першага мотальскага фатографа, самавука, дарэчы. Гэты чалавек, змайстраваўшы фотаапарат з лінзаў для акуляраў, захаваў для гісторыі выявы з жыцця землякоў.

 

– Хацеў адлюстраваць свайго героя ў працэсе: як ён настройвае інструмент, шукае фокус, выбірае ракурс для таго, каб зрабіць чарговы цікавы здымак, – падзяліўся Сяргей.

 

 

 

 

З Мікалаем Склярам, які працаваў над манументальнай скульптурай дэпутата з прозвішчам Панядзелец, дзялюся асабістым меркаваннем: маўляў, ёсць стэрэатып, што ўсялякую важную справу пажадана не выконваць у панядзелак. На што суразмоўца адказвае:

 

– Мабыць, гэтае правіла прыдумалі гультаі. Мотальскі Панядзелец, які меў гонар сустракацца з каралём для пацвярджэння прывілеяў жыхароў мястэчка, знакамітая асоба. Таму я пакажу гэтага шляхціца са скруткам дакументаў у руцэ.

 

Валерый Манцэвіч з Драгічына стварыў вобраз мужыка-каўбасніка, які паўстаў перад гледачамі з вялікай колькасцю смачных мясных вырабаў. Ля ног каўбасніка аблізваецца кот.

 

 

 

 

З вяслом у адной руцэ і шчодрым уловам – велізарнай рыбінай, у другой – адлюстраваў рыбака Юрый Рубан, які прыехаў у Моталь з горада Бяроза:

 

– Сам рыбак. Таму парадаваўся, калі мне далі такое заданне. Мотальскаму рыбаку трапіўся велізарны шчупак. Спадзяюся, што калі-небудзь і я злаўлю такога.

 

Народнаму майстру Беларусі Анатолю Туркову даручылі стварыць драўляную Бону Сфорцу, пры якой у 1553 годзе Моталю далі Магдэбурскае права.

 

 

 

 

– Партрэт патрабуе многа фізічных і інтэлектуальных высілкаў. Перад пачаткам работы ў маёй галаве склаўся закончаны вобраз гераіні. Як і належыць каралеве, Бона мае карону. Акцэнт зрабіў на касцюме тагачаснай эпохі. Вялікую ўвагу надаў знешнасці гераіні.

 

Мотальскі пленэр завяршылі ў суботу 10 ліпеня. На наступны дзень яго ўдзельнікі пераехалі ў Лагішын дзеля таго, каб стварыць адмысловыя арт-аб’екты да абласнога свята «Дажынкі», якое ў верасні будзе прымаць Піншчына.

 

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Опубликовано: 10:38 - 13.07.2021г.
Поделиться новостью

Последние новости