Дзіцячы ансамбль з Астрамечава іграе на старажытным інструменце

У выкананні гэтага самабытнага дзіцячага ансамбля можна пачуць арыгінальныя інструментальныя творы з “Астрамечаўскага рукапісу” – зборніка музычных твораў  XVI – XVII стагоддзя, помніка нематэрыяльнай культуры вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна. Выступаюць удзельнікі творчага калектыву ў касцюмах, створаных па этнічных матывах. А іх рэпетыцыйная “база” – клас цымбал мясцовай дзіцячай школы мастацтваў – нагадвае філіял краязнаўчага музея: такое там сабрана багацце вышыўкі, ткацтва, карункапляцення, вырабаў з лазы і дрэва…

 

Калі б узорны інструментальны ансамбль “Астрамечаўскія жаўрукі” вёў свой біяграфічны “рукапіс”, то ў ім больш чым за 10 год існавання калектыву назбіралася б шмат удзячных слоў землякоў ды ўхвальных водгукаў прафесійных журы разнастайных конкурсаў. Не злічыць, колькі яго старонак занялі б нотныя знакі – рэпертуар юных музыкантаў штогод абнаўляецца. Абсяг музычных інтарэсаў “Жаўрукоў” разнастайны: найперш – гэта творы беларускага фальклору, рускіх і ўкраінскіх кампазітараў, замежная класіка.

 

 

 

За гады актыўнай дзейнасці змянілася пяць саставаў калектыву. Нярэдка за інструмент у “Жаўруках” сядаюць брацікі і сястрычкі выпускнікоў. Дарэчы, склалася нават своеасаблівая традыцыя: былыя ўдзельнікі на працягу яшчэ некалькіх гадоў падтрымліваюць сувязь з ансамблем, дапамагаюць новым “жаўрукам” уліцца ў калектыў. Ды нязменным ідэйным натхняльнікам і кіраўніком ансамбля застаецца педагог па класе цымбал Астрамечаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Ільюк. Менавіта Ала Мікалаеўна з’яўляецца тым энергічным рухавіком, які дапамагае “Астрамечаўскім жаўрукам” няспынна развівацца і творча расці. Літаральна з першых дзён стварэння працавала з ансамблем цудоўны канцэртмайстар, педагог па класе фартэпіяна, а зараз – дырэктар Астрамечаўскай ДШМ Вера Сабірава. Сёлета каманду калектыву папоўніў канцэртмайстар Міхаіл Кліманаў (баян). Інструмент Міхаіла Іванавіча дадае тэмбральную афарбоўку і вельмі арганічна гучыць з цымбаламі.

 

 

 

Зараз у калектыве 13 удзельнікаў, якія рупліва ўдасканальваюць сваё выканальніцкае майстэрства і далучаюцца да беларускай народнай культуры. Цымбалы – старажытны інструмент, музычны сімвал нашай краіны. Каб дзіцячыя рукі ўпэўнена валадарылі над 78 струнамі і двума малаточкамі, патрэбна шмат працы – як педагогаў, так і саміх юных музыкантаў. Узнагародай за стараннасць становіцца непаўторнае гучанне беларускіх цымбал – чароўнае і меладычнае. Дарэчы, акрамя цымбал хлопчыкі і дзяўчынкі абавязкова асвойваюць другі музычны інструмент, а таксама вывучаюць нотную грамату, сальфеджыа, музычную літаратуру і іншыя дысцыпліны.

 

 

 – Найперш мая мэта – паказаць дзецям і іх бацькам, што музыка – гэта цэлы свет, дзіўны і захапляльны. Нашы выступленні матывуюць дзяцей, а перамогі натхняюць. Яны сапраўды цікавяцца народнай музыкай, з поўнай самааддачай падыходзяць да падрыхтоўкі. Прыемна, што наш калектыў ужо добра ведае і цёпла прымае публіка ў раёне і вобласці. Мы імкнёмся ўвесь час пашыраць геаграфію выступленняў, рыхтуем новыя нумары сольнай і ансамблевай ігры на музычных інструментах, вакальныя нумары, танцавальныя пастаноўкі. Вялікую падтрымку “Астрамечаўскім жаўрукам” аказвае нашы дзіцячая школа мастацтваў і сярэдняя школа, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, таксама заўсёды адгукаецца на нашы просьбы кіраўніцтва ААТ “Астрамечава”,– распавяла Ала Мікалаеўна.

 

Асобныя словы ўдзячнасці мастацкі кіраўнік творчага калектыву адрасуе бацькам юных цымбалістаў – найлепшым памочнікам і слухачам. Іх дапамогу і клопат ансамбль адчувае штодня – бацькі са шчырай зацікаўленасцю ставяцца да вырашэння любых пытанняў, радуюцца поспехам сваіх дзетак.

 

 

Пад крылом Алы Ільюк “Жаўрукі” “абляцелі” ўжо шмат конкурсаў, свят і фестываляў. Не стала перашкодай сёлета нават пандэмія: астрамечаўскія цымбалісты паспяхова выступілі ў шэрагу міжнародных праектаў дыстанцыйна. У скарбонцы ўзнагарод за гэты год – дыплом І ступені абласнога конкурсу інструментальных калектываў “Берасцейскі калейдаскоп”, Гран-пры міжнародных конкурсаў інструментальнага выканання “Музычны світанак” і “Жывая музыка” (г. Масква), дыпломы лаўрэата І ступені ІІІ Міжнароднага конкурсу выканальніцкіх відаў мастацтваў “#Сябры-2020” (г. Мінск), Усерасійскага конкурсу “Новыя імёны” (г. Масква), ІІ Міжнароднага конкурсу інструментальнага выканання “Натхненне музыкай” (г. Санкт-Пецярбург). Зараз калектыў прайшоў у фінал IV Рэспубліканскага форуму цымбалістаў “Сярэбраны звон цымбал” (у 2016 годзе “Астрамечаўскія жаўрукі” ўжо станавіліся яго лаўрэатамі). І такая высокая ацэнка творчасці калектыву цалкам заслужаная: шматлікія слухачы, якім давялося пачуць выступленне “Астрамечаўскіх жаўрукоў”, згадваюць пра ансамбль як пра годных прадаўжальнікаў традыцый “бацькі цымбал” Іосіфа Жыновіча, заснавальніка сучаснай цымбальнай школы.

 

 

Алена САЦУТА

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Опубликовано: 10:52 - 21.12.2020г.
Поделиться новостью