Главная - Новости - Новости из общественной жизни - Завіталі на творчы вечар народнага пісьменніка Мікалая Іванавіча Чаргінца

Завіталі на творчы вечар народнага пісьменніка Мікалая Іванавіча Чаргінца

Завіталі на творчы вечар народнага пісьменніка Мікалая Іванавіча Чаргінца

Сустрэча з Мікалаем Чаргінцом адбылася на мінулым тыдні ў Мінску. З нагоды 85-гадовага юбілея Мікалая Іванавіча ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі прайшоў яго творчы вечар. З саліднай датай вядомага грамадскага дзеяча, палітыка, ганаровага старшыню Саюза пісьменнікаў Беларусі прыйшлі павіншаваць дзяржслужачыя, калегі, сябры, родныя, студэнты беларускіх вну.

 

Многія з тых, хто прысутнічаў на мерапрыемстве, з’яўляюцца даўнімі прыхільнікамі творчасці Мікалая Чаргінца – аўтара амаль сотні вострасюжэтных твораў, якія перакладзены на васямнаццаць моваў свету. Піша ён не толькі прозу, але і паэзію. На юбілейным вечары адбылася прэм’ера песні «Нарач» на яго вершы, музыку да якой стварыў знакаміты беларускі кампазітар Эдуард Ханок. Яшчэ Мікалай Іванавіч – заснавальнік жанру міліцэйскага дэтэктыва ў беларускай літаратуры. Пра творчыя здабыткі і планы, сяброўства з літаратарамі і асабісты экзамен жыцця гуртка карэспандэнта Zarya.by з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем ЧАРГІНЦОМ.

 

– У маёй асабістай бібліятэцы маецца некалькі вашых кніг. Рэцэнзентам да рамана «Вам – заданне», выдадзенага ў 1982 годзе, з’яўляецца народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Якія адносіны Вы мелі з беларускімі творцамі? Чым яны запомніліся?

 

– У сяброўскіх стасунках быў з Андрэем Макаёнкам, Іванам Чыгрынавым, Максімам Танкам, Васілём Быкавым, Іванам Шамякіным, Генадзем Бураўкіным. Так, Васіль Быкаў пісаў рэцэнзіі на многія мае кнігі. На раман «Вам – заданне», напрыклад, ён зрабіў вялікі матэрыял у «Літаратурную газету», якая заўсёды была папулярнай у творчым асяроддзі. Калі служыў у Афганістане, ліставаўся з Быкавым – па натуры вельмі глыбокім чалавекам. Ён і расказваў, як справы ў Саюзе пісьменнікаў, краіне, сваёй і маёй сем’ях. Тыя пісьмы, іх недзе сто, захоўваю, часам перачытваю. Дзякуючы ім не так балюча ўспрымаў тое, што знаходзіўся далёка ад радзімы. У добрых адносінах быў з Макаёнкам, які прыносіў свае п’есы, каб я прачытаў, а потым пытаў маё меркаванне.

 

Неяк, калі Андрэй Ягоравіч працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман», едучы ў камандзіроўку ў Маскву, ён папрасіў: «Мікола, дай мне свой рукапіс. Не люблю спаць у вагоне». Па вяртанні казаў: «Ды ну цябе! Ехаў і ўвесь час чытаў». Сардэчнымі таварышамі былі з Чыгрынавым. Ён мне запомніўся такой сваёй якасцю: не забываў пахваліць чалавека, калі было за што. Яшчэ прыгадваецца выпадак: ідзе сход, Іван выйшаў за трыбуну. Нехта пачаў скардзіцца, што па-беларуску мала чытаюць. А ён у адказ: «Трэба добра пісаць, тады будуць чытаць». Гаворачы пра свае захапленні, скажу, што чытаю і прозу, і паэзію. Асабліва люблю Максіма Танка і Сяргея Ясеніна. Дарэчы, маці першага касманаўта Зямлі Юрыя Гагарына Ганна Цімафееўна была высокага меркавання пра нашых «народных».

 

– Сяброўства з кім вам асабліва дорага?

 

– Даўняе шчырае сяброўства звязвае маю сям’ю з Гагарынымі: бацькамі касманаўта – Ганнай Цімафееўнай і Аляксеем Іванавічам, яго сястрой Зояй, братамі Барысам, Валянцінам і іх сем’ямі. Яны часта прыязджалі ў Мінск, гасцявалі ў нас. У 1970-х гадах Ганна Цімафееўна прывезла сваю ўнучку Наташу, пляменніцу Юрыя Аляксеевіча, у Мінск. Мы пазнаёміліся. Угаварылі яе паступіць у наш Лінгвістычны ўніверсітэт. Закончыўшы яго, яна засталася ў Беларусі. З таго часу гэтае сяброўства без гальштукаў, што называецца, працягваецца і па сённяшні дзень.

 

 

 

 

Як цяпер помню чэрвень 1984 года. Я знаходзіўся ў Афганістане. Са мною звязаўся камандуючы 40-й арміяй генерал-лейтэнант Леанід Генералаў, які пацікавіўся, калі мы скончым баявое заданне і вернемся ў Кабул. Калі сустрэліся, Леанід Яўстаф’евіч перадаў мне вялікі канверт з надпісам: «Пошта маці першага касманаўта Зямлі Юрыя Аляксеевіча Гагарына Ганны Цімафееўны Гагарынай». Адкрыўшы, знайшоў яе фотаздымак каля спадарожніка. Почыркам Зоі (сястры Юрыя Гагарына) напісана: «Мікалаю Іванавічу на памяць ад Ганны Цімафееўны Гагарынай, якая лічыла яго сваім сынам». Так я даведаўся, што гэтая вялікая, простая, мудрая жанчына памерла…

 

Даўно знаёмы з народнай артысткай Беларусі Марыяй Захарэвіч, якая нядаўна прызналася, што ў яе ёсць запрашальны білет на маю творчую сустрэчу з чытачамі 1977 года. Заўсёды цешаць размовы з вялікім чалавекам, народным артыстам Беларусі Эдуардам Ханком. Дарэчы, Саюз пісьменнікаў Беларусі накіраваў просьбу ў Брэсцкі гарвыканкам аб прысваенні Эдуарду Сямёнавічу звання «Ганаровы грамадзянін г. Брэста». Увогуле, людзей, пагаварыць з якімі хоць непрацяглы час для мяне – задавальненне, не пералічыць.

 

 

– Прызнаюся, назвы вашых твораў інтрыгуюць, прымушаюць уважліва чытаць кнігі. Як яны з’яўляюцца?

 

– Назва твора нараджаецца ў працэсе яго напісання, і, зазвычай, калі ён закончаны, у галаве ёсць ідэя, як назваць чарговую аповесць, раман. Так было з многімі: напрыклад, раманам «Сыны», дзе расказваецца пра баявыя будні, мужнасць і гераізм воінаў-інтэрнацыяналістаў, пра трывожныя чаканні іх бацькоў; «Аперацыя «Кроў», у якім апавядаецца пра донарскія цэнтры, арганізаваныя немцамі для адбору крыві ў беларускіх дзяцей для сваіх салдат і афіцэраў. Адзін з такіх быў у вёсцы Сёмкава каля Мінска. Там знаходзіліся хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 12 год. У 1944 годзе партызаны арганізавалі аперацыю па ліквідацыі цэнтра і эвакуявалі з яго 519 дзяцей.

 

– Вы як удзельнік ваенных дзеянняў у Афганістане ведаеце кошт чалавечага жыцця. Сёння ў свеце няпростая сітуацыя, каля беларускіх межаў таксама неспакойна. На вашу думку, як зберагчы жыцці і душы беларусаў, увогуле славян?

 

– Трэба гэтыя душы аб’ядноўваць. Многія краіны і раней, і цяпер зацікаўлены ў тым, каб славян раз’яднаць. Сумна, але факт: ім гэта ўдаецца. Таму патрэбна рабіць вялікія намаганні, каб у славян прачнулася пачуццё адзінства.

 

– На асабістым сайце ёсць інфармацыя пра тое, што вы пабывалі ў многіх краінах. Паездкі куды найбольш запомніліся?

 

– Прадстаўляючы Беларусь у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, я двойчы на год выязджаў у Нью-Ёрк. Акрамя ўдзелу ў сесіі ААН, дзе адстойваў палітычную пазіцыю нашай дзяржавы, многа дзе пабываў у Амерыцы. Так, заўсёды лічыў, што спецыялістам будаўнічай галіны варта паглядзець Нью-Ёрк – мегаполіс, збудаванні якога выклікаюць гонар да чалавека працы. У Вашынгтоне абавязкова наведайце Арлінгтонскія нацыянальныя могілкі, дзе ўшанавалі памяць амерыканскіх салдат, якія загінулі падчас карэйскай вайны. Мемарыял складаецца з некалькіх дзясяткаў статуй – салдат у патрулі, якія стаяць перад нацыянальным сцягам. Глядзіш на гэтыя фігуры, і здаецца, што яны жывыя, рухаюцца. А на чорнай мармуровай сцяне вышынёй 3-4 метры выбіты прозвішчы тых, хто склаў галовы. Чулліва было на душы, калі бачыў, як дзеці цягнуцца да пэўнага прозвішча, каб дакрануцца да яго вуснамі альбо хаця б рукой.

 

– Над чым працуеце сёння? Ці варта ў бліжэйшы час чакаць новыя творы?

 

– Нядаўна ў выдавецкім доме «Звязда» выйшлі першая і другая кнігі маіх мемуараў «Цяжкія дарогі жыцця». Плануецца выхад яшчэ трох ці чатырох кніг. Дзякуй Богу, маё жыццё доўгае і насычанае. Ёсць пра што расказаць.

 

– У кнізе «Апошні герой» з вуснаў генерала юстыцыі Лімонава гучаць развагі пра «экзамен жыцця». Што для Вас азначае гэтае паняцце?

 

– Сэнс і экзамен жыцця – узаемазвязаны. Для мяне імі з’яўляюцца справы на карысць грамадства і дзяржавы, нават асобных людзей у часе твайго існавання на зямлі. Быць карысным камусьці – больш важна, чым клапаціцца пра сябе. У ваенны час ты павінен падставіць плячо краіне, дзе жывеш, людзям; у мірны час неабходна вызначыцца ў працы. Радзіма, грамадства, сям’я – трыяда асабістых каштоўнасцяў, любоў да іх – сэнс майго жыцця.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота газеты «Звязда»

Яндекс.Метрика