Вось і дачакаліся! Услед за Камянецкім раёнам Пружаншчына выйшла на 100 тысяч тон намалоту! З гэтай нагоды адбылося ўрачыстае мерапрыемства на палетку ААТ «Агра-Калядзічы» каля вёскі Дабучын.
Прыгожа выстаўленыя беларускія камбайны і «МАЗы» нібы нагадвалі, што мы, беларусы, і самі можам многае, што працавітасці і кемлівасці нам не займаць. А Дзяржаўны сцяг сімвалізаваў вялікую сілу духу кожнага працаўніка краіны, у дадзеным выпадку хлебаробаў.
Адзначыць прыемную навіну сабралася многа гасцей. Асаблівая увага была скіравана на непасрэдных удзельнікаў жніва, кіраўнікоў сельгаставарыстваў раёна. Менавіта гэтыя людзі цяпер прыкладаюць вялікія намаганні, каб не згубілася ніводнае зярнятка, каб беларускі каравай быў важкім.
Павіншаваў з перамогай хлебаробаў Пружаншчыны першы намеснік старшыні аблвыканкама Валянцін Зайчук, які адзначыў, што для Пружанскага раёна 100 тысяч – гэта зусім не мяжа. У нас ёсць усё для таго, каб у будучым узняць планку да 150 тысяч. А чаму б і не? У гаспадарках раёна працуюць сумленныя і заўзятыя людзі! Валянцін Міхайлавіч пажадаў хлебаробам моцнага здароўя, дастатку і поспехаў у нялёгкай працы. Пасля зачытаў прывітальнае слова старшыні аблвыканкама Юрыя Шулейкі з нагоды знакавай для Пружаншчыны падзеі.
Выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў адзначыў, што Пружаншчына – адзін з вядучых раёнаў краіны, таму гэтую марку трэба трымаць і надалей, задаваць тэмп для іншых раёнаў. Добра, што ёсць людскі патэнцыял і жаданне дамагацца поспеху. Падзячнае пісьмо за шчырую працу і каравай з Брэстчыны Сяргей Дзмітрыевіч уручыў старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу. Дарэчы, прыгожымі караваямі ў знак павагі былі адораны і першы намеснік старшыні аблвыканкама Валянцін Зайчук, і дырэктары гаспадарак раёна.
Велізарную падзяку за працу ўсім, хто так ці інакш мае дачыненне да працы на зямлі, адрасаваў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Як падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч, хлебароб – гэта прызванне. Толькі людзі шчырыя душой і з адкрытым сэрцам па-сапраўднаму адчуваюць сувязь з роднай зямлёй, такімі і з’яўляюцца жыхары Пружаншчыны. Адсюль – вынік, які прыносіць і маральнае, і матэрыяльнае задавальненне. У знак павагі каравай старшыня райвыканкама ўручыў непасрэдным удзельнікам жніва – камбайнерам і вадзіцелям, тым, хто без лішніх слоў робіць вялікую справу – забяспечвае свой народ хлебам.
І… у добры шлях! Уборка чакаць не будзе, значыць, трэба годна завяршыць сёлетняе жніво. Чаго і жадаем усім хлебаробам!
На гэтай прыемнай ноце можна было б і завяршыць аповед, калі б не… 3000 тон намалоту на раённым узроўні ў маладзёжнага экіпажа з ААТ «Велікасельскае Агра»!
Віншавалі старшага камбайнера Аляксандра Сямашку і камбайнера Цімафея Мелеша на палетку каля вёскі Юхнавічы. Новых перамог на жніве-2023, упэўненасці ў заўтрашнім дні жадалі высокія госці з Брэста. Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што кожны з камбайнераў гаспадаркі ўносіць вялікую лепту ў агульную справу па ўборцы зерня. За гэта ўсім нізкі паклон!
Дырэктар сельгаставарыства Васіль Севасцьянчык звярнуў увагу прысутных на тое, што ў гісторыі гаспадаркі гэта першыя 3000 тон, і падкрэсліў, што толькі дзякуючы самаадданай працы работнікаў «Велікасельскае Агра» развіваецца, будуюцца планы.
На памяць пра значную падзею пераможцам уручаны бензапіла, электраінструмент, падарункавыя сертыфікаты.
Што сказаць, хлопцы – проста малайцы! Цяпер збаўляць тэмпаў ніяк нельга, бо на вас раўняюцца іншыя. Таму толькі наперад, да чарговых вышынь!
Вадзім РАЎНЕЙКА, Пружанскі раён
Фота Кацярыны МАСІК