У ваенна-гістарычным музеі імя Дзмітрыя Удовікава ў Драгічыне працуе выстава «Успамінаць балюча»

14.03.2022

У ваенна-гістарычным музеі імя Дзмітрыя Удовікава ў Драгічыне працуе выстава «Успамінаць балюча», прысвечаная генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Першымі наведвальнікамі экспазіцыі сталі драгічынскія гімназісты-адзінаццацікласнікі.

 

Новыя звесткі крымінальнай справы, распачатай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 года, дапоўнілі ў мясцовым музеі існуючую экспазіцыю, якая размешчана ў зале пачатку Вялікай айчынная вайны і акупацыйнага рэжыму.

 

– Наш абавязак як нашчадкаў у адносінах да мірных жыхароў, якія падвяргаліся пакутам, катаванням з боку акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, – захаваць гістарычную памяць, не дапусціць перапісвання гісторыі, помніць пра мінулае. У рамках раследавання толькі па Драгічынскаму раёну ў якасці сведкаў апытана звыш 70 чалавек. Яны валодаюць інфармацыяй пра падзеі, якія сведчаць аб генацыдзе беларускага народа. Справа будзе працягнута, – запэўніў пракурор Драгічынскага раёна Васіль Дзяшко.

 

 

 

 

Дарэчы, нямецка-фашысцкімі захопнікамі Драгічын быў заняты 25 чэрвеня 1941 года. Амаль тры гады нацысцкае пекла праіснавала ў гэтым палескім раёне, які толькі 17 ліпеня 1944 года быў вызвалены ад ворагаў. Маштабы зверстваў – велізарныя: ахвярамі фашызму на тэрыторыі Драгічынскага раёна сталі 12437 чалавек. Менавіта столькі людзей рознага ўзросту і нацыянальнасцяў (беларусы, яўрэі, цыгане і іншыя) былі растраляны, закатаваны, павешаны ці спалены зажыва. Яшчэ амаль паўтары тысячы былі вывезены на катаржныя работы ў Германію, 2560 чалавек загінулі на фронце. Для параўнання: як паведаміла начальнік аддзела статыстыкі Драгічынскага раёна Святлана Якута, на 1 студзеня 2021 года насельніцтва Драгічынскага раёна склала 35 тысяч 757 чалавек. Такім чынам, амаль палова ад сённяшняй колькасці драгічынцаў была знішчана ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

 

 

 

– Без нянавісці да фашызму немагчыма было яго перамагчы. Беларускі народ пазбавіўся ад навалы, дзякуючы, у тым ліку, гераізму людзей. Сённяшняе мірнае неба здабыта дарагой цаной – жыццямі нашых продкаў. У гэтай зале можна дакрануцца да памяці праз боль. Ён не павінен сціхаць у нашых сэрцах ніколі, – выказаўся дырэктар музея Сяргей Гранік.

 

Сяргей Уладзіміравіч паказаў многія каштоўныя экспанаты, расказаў гісторыю іх з’яўлення ў музеі. Сярод іх – карта цалкам і часткова спаленых населеных пунктаў Драгічыншчыны. Галік, Лавы, Сіманавічы, Сулічава, Хомск, Зёлава, Хідры, Сварынь, Сіманавічы… Усяго 56 «вогненных» вёсак, 18 з гэтай лічбы зведалі лёс беларускай Хатыні – цалкам згарэлі ў агні. Хомск двойчы – у жніўні 1941 года і ў ліпені 1943-га – пакутаваў ад злачынстваў карнікаў, было знішчана каля сямідзесяці працэнтаў мірных жыхароў.

 

Кожны, хто наведае выставу, мае магчымасць пазнаёміцца з арыгінальнымі дакументамі і іх копіямі, перададзенымі органамі пракуратуры і архівамі Брэсцкай вобласці, таксама фотаздымкамі, навуковай і навукова-папулярнай літаратурай, публікацыямі са СМІ па дадзенай тэматыцы.

 

 

 

 

Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара