У Пружанскім раёне школьнікі і выхаванцы пазашкольных устаноў атрымалі ўзнагароды на цырымоніі «Дараванне 2023»

12.01.2024

У Пружанскім раёне таленавітыя школьнікі і выхаванцы пазашкольных устаноў атрымалі ўзнагароды на цырымоніі «Дараванне 2023».

 

Яшчэ да пачатку ўрачыстасці яе герояў і гасцей сустракала імправізаваная выстава-кірмаш, якая была арганізавана работнікамі аддзела культуры райвыканкама, творчымі аб’яднаннямі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, Палаца культуры, а таксама пружанскімі рамесніцамі Святланай Крывашэй, Раісай Баюра і Наталляй Курыловіч.

 

Узнагароды «Даравання 2023» уручалі старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Варта дадаць, што першыя асобы раённай улады ў час свайго юнацтва таксама вызначаліся высокай паспяховасцю ў школьных дысцыплінах, перамагалі ў розных конкурсах. І, як падвёў вынік Міхаіл Міхайлавіч падчас свайго выступлення, той багаж ведаў, уменняў стаў трывалым падмуркам у далейшым для кар’ернага росту.

 

 

 

 

 

 

– Гэта можа здзейсніць кожны з тых, хто знаходзіцца ў зале на месцах пераможцаў, – выказаў надзею старшыня райвыканкама. – І ў будучым для любога з вас адкрыта дарога для заваявання прафесійных вяршынь з магчымасцю будаваць далейшую гісторыю росквіту нашага рэгіёну і краіны ў цэлым.

 

Колькасць атрымальнікаў раённай прэміі за дасягненні на міжнародным, рэспубліканскім ці абласным узроўнях расце з году ў год. Калі на першай цырымоніі было крыху больш за 60 лаўрэатаў, то спіс узнагароджаных па выніках 2023-га стаў рэкордным. Узнагароды прысуджаны 225 школьнікам і выхаванцам, а таксама 48 дзіцячым творчым, навуковым і спартыўным калектывам. Міхаіл Грышкевіч уручыў дыпломы-падзякі за перамогі на міжнародным узроўні 72-м лаўрэатам. Часцей за ўсіх на сцэну выклікаліся навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы – 28 лаўрэатаў. Таксама сваю «мінуту славы» атрымалі гімназісты, навучэнцы Ліноўскай і Навазасімавіцкай ДШМ, выхаванцы Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу, гарадскога Палаца культуры, абедзвюх спартыўных школ горада. Такія ж узнагароды былі ўручаны творчым калектывам Ліноўскай, Навазасімавіцкай, Ружанскай, Пружанскай ДШМ і Палаца культуры.

 

 

 

 

 

 

 

На рэспубліканскім узроўні на працягу мінулага года гонар Пружаншчыны ўзнялі 56 пераможцаў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец уручыў узнагароды гімназістам і вучням сярэдніх школ № 5 і 3, Магілявецкай школы, а таксама навучэнцам і выхаванцам 1-й і 2-й спартыўных школ, цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, Ліноўскай школы мастацтваў і Пружанскай ДШМ. У камандным узнагароджанні ўдзельнічалі калектывы СШ № 5, СШ № 3 г. Пружаны, Ліноўскай СШ, Навазасімавіцкай, Пружанскай ДШМ і яе Кляпацкага філіяла, СДЮШАР № 2.

 

Вызначыліся дзеці Пружаншчыны і на абласным ўзроўні. Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч уручыў дыпломы-падзякі школьнікам гарадскіх школ №№ 1 імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, 3, 4, 5, вучням Шчарчоўскай, Мураўскай, Мокраўскай, Навасёлкаўскай, Хараўской, Шарашэўскай школ і гімназістам. У творчай сферы Пружаншчыну праславілі навучэнцы і выхаванцы Ліноўскай ДШМ, Навасёлкаўскага СДК, гарадскога Палаца культуры, Ружанскага шматпрофільнага цэнтра дзяцей і моладзі, Пружанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А ў спартыўнай галіне – наведвальнікі цэнтра турызму і краязнаўства, спартшколы № 1 і аддзяленняў прафсаюзных спартыўных школ па барацьбе і веласпорту. Камандныя дыпломы атрымалі калектывы 3-й і 5-й сярэдніх школ райцэнтра, гімназіі, Шаняўской СШ імя Міколы Засіма, Мокраўскай, Слабадской сярэдніх і Старавольскай пачатковай школ, а таксама выхаванцы цэнтра турызму і краязнаўства, ДЮСШ № 1.

 

Стартаваў новы год, а значыць будуць новыя перамогі і дасягненні ў школьнікаў Пружаншчыны. Новыя імёны абавязкова прагучаць на цырымоніі “Дараванне 2024”.

 

Алег СІДАРЭНКА, Пружанскі раён

Фота Кацярыны МАСІК