Главная - Новости - Новости из общественной жизни - У Іванаве працуе тэматычная выстава па гісторыі бондарскай справы

У Іванаве працуе тэматычная выстава па гісторыі бондарскай справы

У Іванаўскай дзіцячай школе мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці з нядаўняга часу працуе сталая тэматычная экспазіцыя. Наведаўшы яе, можна даведацца аб вытоках бондарнай справы на Іванаўшчыне, тэхналогіі вырабу ў рэгіёне драўлянага посуду, пазнаёміцца з таленавітымі бондарамі-землякамі.

 

Пакуль выстава размяшчаецца ў адным з пакояў гэтай унікальнай для Беларусі ўстановы: дваццаць два гады таму тут рэабілітавалі бондарства – рамяство, якім займаліся мужчыны ў розных населеных пунктах Іванаўскага раёна.

 

– Размаўляючы з людзьмі, даведалася, што амаль у кожнай вёсцы былі бондары. Некаторыя хоць і не выраблялі драўляны посуд, але ўмелі яго адрамантаваць – памяняць донца, падбіць абручы. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя бондарствам займаліся ў Сычэве, Кротаве, Гарбасе, Моталі, Вульцы Дастоеўскай, Глінна, Лядавічах, іншых населеных пунктах. У вёсцы Рылавічы рамяство жыло аж да канца ХХ стагоддзя. Калі ў 2000 годзе запрацавала «Школа бондарства», восем рылавіцкіх майстроў змаглі падзяліцца сваім вопытам, – удакладніла дырэктар Наталля Гацэвіч.

 

 

 

Стварыць экспазіцыю ў дзіцячай школе мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці планавалі даўно. Стары бондарны посуд, а таксама інструменты, неабходныя для яго вырабу, збіралі на працягу некалькіх год.

 

 

– Любую справу няпроста пачынаць. Разумела, што вынік хутчэй за ўсё будзе нулявым, калі зайсці ў хату да незнаёмага чалавека і папрасіць, каб даў у экспазіцыю бочку ці барыла. Таму звярнулася да работнікаў сельскіх клубаў. Людзі па-рознаму ставіліся да збору драўлянай спадчыны палескіх Бондараў і Бандарэвічаў. Нехта аддаваў рэчы з задавальненнем, быў рады дапамагчы, хтосьці адносіўся да справы з недаверам і бояззю. Цяпер мы маем 69 экспанатаў: 34 экземпляры старога бондарнага посуду, 3 – выдзеўбанага посуду, 32 – ручной работы і савецкага перыяду дрэваапрацоўчых і спецыяльных бандарных інструментаў. Некаторыя прадметы – у чаканні граматных рук рэстаўратараў. Ёсць і рарытэты – аб’ёмнае ўсыпішча, у ім захоўвалі зерне, і барыла – прызначалася для алкагольных напояў. Ва ўсыпішчы схаваюцца некалькі першакласнікаў, бо вышыня гэтага драўлянага посуду складае адзін метр і 10 сантыметраў, а барыла змесціць каля 250 літраў вадкасці. Драўляным «гігантам» лепш «пачуваецца» ў прахладным прасторным памяшканні, у якім яны цяпер знаходзяцца, – распавяла пра экспазіцыі і некаторыя яе экспанаты Наталля Міхайлаўна.

 

 

 

 

Пра «біяграфію», гісторыю з’яўлення некаторых экспанатаў карэспандэнту «Зари» расказалі падчас экскурсіі. Так, аднойчы педагогі ўстановы выпадкова завіталі ў вёску Клешчы ў Іванаўскім раёне. Там сустрэлі будаўнікоў. Яны разбіралі дом, вокны якога амаль ураслі ў зямлю.

 

– Слухайце, пусціце нас у будыніну. Шукаем стары бондарны посуд, – папрасілі яны.

 

– Каб жа раней! Да абеду тры бочкі спалілі. Але заходзьце, можа, што знойдзеце. Здаецца, у каморы ёсць нешта.

 

Нашым рупліўцам пашанцавала: яны і праўда адшукалі жлукту. Гаспадыні яе выкарыстоўвалі для мыцця адзення. Калісьці бабуля аўтаркі гэтых радкоў расказвала, што ў бочку кідалі брудную бялізну і пасыпалі попелам. Усё залівалася кіпнем. Дарэчы, найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны. Такі вось прыродны «Vanish» выкарыстоўвалі нашыя прашчуры.

 

 

– Вучань Данік Гацэвіч ад дзеда Васіля і бабы Галіны прывёз бочку і жлукту. Дзядуля запэўніў, што іх замаўлялі ў рылавіцкага бондара Сцяпана Фёдаравіча Корсака, – расказала Наталля Гацэвіч.

 

Побач з ляхавіцкімі падарункамі стаяць цэбры: адзін прыехаў з Опаля, другі – з Моталя. Вёскі знаходзяцца паблізу, аднак па форме посуд істотна адрозніваецца. Опальскі – уверсе звужаецца, мотальскі – пашыраецца.

 

 

– А гэта работа першага дырэктара Школы бондарства – Васіля Іосіфавіча Голіка. Бочачку з драўлянымі абручамі берагу. Гэта памяць пра пачатак нашай справы. Цяпер Іванава – своеасаблівая бондарная сталіца: толькі ў нашым горадзе ў Беларусі навучаюць дзяцей старадаўняму рамяству, – удакладняе дырэктар.

 

Дарэчы, посуд нашыя дзядулі рабілі звычайна з сасны. Але былі і выключэнні. Так, свой унёсак у добрую справу зрабіла і Наталля Гацэвіч, якая адшукала на бабуліных вышках асінавую кадку.

 

 

– Можа, у ёй квасілі капусту. Дзед Пеця вельмі любіў гэты прадукт. Дзежку, у якой замешваўся хлеб, таксама забрала ў экспазіцыю. Белыя плямкі – гэта цеста, якое засталося па баках. А вось вядзерца з замочкам-палачкай. Адразу можна і не здагадацца, як адчыніць гэты посуд. У ім, думаю, некалі быў мёд. Увогуле мая бабуля, Ганна Васільеўна Кароль, была зборлівая жанчына. Беражліва ставілася да ўсіх рэчаў. Нават дзіцячыя драўляныя санкі захаваліся ў шыкоўным стане. Крыху, праўда, «швэд» паласаваўся дрэвам. Паказала нашым выхаванцам, яны і не паверылі, што ў такім надзейным вазку раней перавозілі дзяўчынак і хлопчыкаў, – працягвае пазнавальную экскурсію Наталля Гацэвіч. – Яшчэ цікавыя гісторыі раскажу. Гэтая кадка і дзежка – гарбахскія. Адна гаспадыня ў дар аддала. Несучы да транспарту кадку, падумалася, нешта яна цяжкаватая. Зазірнулі ўнутр – а там кілаграмаў пятнадцать сала. Бабуля як пабачыла, ажно ўсміхнулася. Маўляў, як маглі забыцца на правіянт. Безумоўна, прадукт выкінулі, кадку пачысцілі, але пах сала застаўся. Што здзівіла мяне: туды і мыш за столькі часу не залезла. А гэтае вялізнае карыта знайшла пад плотам у Дастоеве. Нехта выкінуў драўляны рарытэт, а я з дазволу гаспадароў забрала ў музей.

 

Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць самаробныя і сучасныя бондарныя інструменты: стругі, уторнік, «замірач», скобель… Стаіць тут і колішняя лаўка бондара.
У 2021 годзе бондарная справа нашых землякоў папоўніла дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Таму, калі вам замінаюць пухнатыя бочкі, глыбокія веялкі і іншы драўляны посуд – паведамляйце кіраўніцтву Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Яны з задавальненнем арганізуюць самавываз «каштоўнасцяў».

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика