У Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей перадалі незвычайныя артэфакты. Што за яны?

03.04.2022

У Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей нядаўна з пракуратуры былі перададзены незвычайныя артэфакты. Імі сталі рэчы, знойдзеныя пры раскопках раней невядомага месца пахавання мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі ў жніўні 1941 года ва ўрочышчы Мачула ў суседнім Лунінецкім раёне. Фрагменты адзення і абутку неўзабаве зоймуць сваё месца ў экспазіцыі, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

 

Скарыстаўшыся выпадкам, пацікавілася, ці праводзяцца аналагічныя пошукавыя дзеянні на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна. Як растлумачыў пракурор Аляксандр Гурбановіч, пасля ўзбуджэння Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы па фактах генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд праваахоўнікі актыўна ўключыліся ў работу па выяўленні падобных выпадкаў на тэрыторыі раёна. Дасканала вывучаюцца архіўныя дакументы, ідзе апытанне мясцовых жыхароў – тых, хто, магчыма, быў сведкам ці валодае звесткамі аб дагэтуль незарэгістраваных масавых пахаваннях знішчаных акупантамі мірных ні ў чым не павінных людзей.

 

У лістападзе мінулага года следчай групе ў ходзе расследавання адпаведнай крымінальнай справы ўдалося атрымаць сведчанні аб масавым забойстве 120 грамадзян непадалёк ад сучаснага аграгарадка Малькавічы. Трагедыя адбылася 10 жніўня 1941 года. Па словах 89-гадовага відавочцы Івана Тышкевіча, у той дзень групу мірных жыхароў правялі па цэнтральнай вуліцы ў бок вёскі Ліпск. За ёй загадзя былі выкапаны тры вялізныя яміны. Фашысты на вачах у дарослых спачатку расстралялі дзяцей, потым – жанчын, апошнімі – мужчын. Удалося высветліць, што са 120 загінуўшых 61 былі мясцовымі жыхарамі.

 

Варта заўважыць, што землякі стараліся абазначыць брацкія магілы, насыпаўшы на адной з іх невялікі курган і ўсталяваўшы таблічку з надпісам «Тут пахаваны мірныя жыхары в. Малькавічы, расстраляныя нямецка-фашысцкімі акупантамі ў жніўні 1941 года».

 

Аднак месца трагедыі дагэтуль афіцыйна не зарэгістравана, як пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны і не мае адпаведнага пашпарта.

 

– Пракуратура Ганцавіцкага раёна ініцыіравала ўключэнне месца трагедыі ў Малькавічах у план пошукавых мерпрыемстваў, – адзначыў Аляксандр Гурбановіч. – Мы спадзяемся, што эксперты дапамогуць не толькі дакладна ўстанавіць колькасць загінуўшых, але і даведацца пра іх узрост, абставіны гібелі. А значыць, на яшчэ адну «белую пляму» ў гісторыі будзе менш.

 

 

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ
Фота аўтара