Лета ў Лесніках – вёсцы, што ў Драгічынскім раёне, пачалося толькі ў мінулы чацвер, 23 чэрвеня. З удзелам драгічынскіх ліцэістаў тут адзначылі абрад «Зелянец». З яго, як сцвярджаюць старажылы, знята табу на летнія спевы.
На Драгічыншчыне аўтэнтычны каляндарны абрад, які сведчыць пра пераход з вясны на лета, пашыраны выключна ў Лесніках, дзе кажуць «Прыйшов Зылынэц – высны конэц і літа начало».
– Колькі дакладна часу бытуе абрад у нашай вёсцы – не скажу. З ім мяне пазнаёміла маці, а яе ў сваю чаргу – мая бабуля. Аднак заўжды Зелянец праводзяць праз тыдзень пасля Тройцы ў чацвер. Абавязковым атрыбутам абраду, які раней быў пашыраны таксама ў Бярозаўскім раёне, служыць вянок з зёлак. Яго плятуць дзяўчаты і жанчыны. Раней кожная вуліца пляла свой «падарунак» на прыдарожны крыж. Цяпер жа вяскоўцы, як правіла, збіраюцца ў адным месцы і рыхтуюць разам некалькі вялікіх вянкоў з бруснічніку, барвенка і дзеразы (па-мясцоваму «бырізка»), – расказала жыхарка Леснікоў Лідзія Мікіціч.
Важны нюанс: падчас пляцення вянкоў, а таксама хады да крыжоў людзі выконваюць песні. Удзельнічаюць у сумесных спевах жанчыны рознага ўзросту:
«Звывся выночок у бору,
Дай прыкатывся додому:
Я в полю набувся,
Дрібного дошчу напывся…»
– У дзень, калі спраўляецца абрад, рыхтуюць пяць вянкоў. Раней вянкі плялі жанчыны, вешалі ж іх на крыж – мужчыны. Зараз зазвычай усе дзеянні выконваюць прадстаўніцы прыгожай паловы. Акрамя гэтага, рыхтаваліся і меншыя вяночкі, якія засушваліся, а пасля выкарыстоўваліся для гарачых напояў. Мініяцюрныя вяночкі плялі з «помоцных» зёлак: зверабою, мялісы, чабору, валошак, рамонкаў, дадаваліся яшчэ ліпавыя кветкі. Пасля Зелянца людзям дазвалялася спяваць летнія песні, – удакладніла загадчык Леснікоўскага Дома фальклору Валянціна Лук’яновіч.
Валянціна Мікалаеўна, да слова, кіруе таксама народным сямейным аўтэнтычным фальклорным калектывам Лук’яновічаў, які прэзентуе на розных фестывалях самабытны скарб – народную спадчыну продкаў-палешукоў. Запіс матэрыялу сёстрамі Валянцінай Лук’яновіч, Алай Давідовіч і Святланай Новік пачаўся некалькі дзесяцігоддзяў таму. У 2017 годзе калектыву, рэпертуар якога складаецца з мясцовых каляндарна-абрадавых, сямейна-бытавых, а таксама пазаабрадавых песень, было прысвоена званне «народнага». Каляндарны абрад «Зылынэц» і вясельны «Коровайныцы» – візітная картка Лук’яновічаў.
Некалькі кіламетраў пешшу прайшлі леснікоўскія жыхары, пакуль абышлі ўсе ахоўныя крыжы, размешчаныя ў роднай вёсцы. Перш, чым павесіць вянок, каля кожнага крыжа абавязкова чыталася малітва, а пасля быў зварот да Бога з просьбай даць сёлета хлеб і мір на беларускую зямлю. Той, хто не здужаў ісці ў сумесную пілігрымку, чакаў падарожнікаў каля свайго двара.
– Дзякуй, што падтрымліваеце традыцыі нашых бацькоў і дзядоў, – выказаўся найстарэйшы лесніковец 95-гадовы Віктар Сямёнавіч Лук’яновіч. Абрад «Зылынэц» уключаны ў распрацаваны спецыялістамі ДУК «Драгічынская раённая клубная сістэма» праект «Галасы Драгічынскага краю». Зусім хутка яго папоўніць прымеркаваны да збору ўраджаю ў Бездзежы абрад «Докопыны». Вясенні ж абрад «Стрылка», які святкуецца тут у першы дзень праваслаўнага Вялікадня, – з 2016 года ў Спісе нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара