Главная - Новости - Новости из общественной жизни - У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава прайшоў фестываль беларускай культуры

У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава прайшоў фестываль беларускай культуры

Фестываль беларускай культуры за гады правядзення стаў чаканай і любімай падзеяй у календары мерапрыемстваў Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава. Праграма фестывалю складаецца такім чынам, каб на працягу тыдня далучыць да разнастайных актыўнасцей літаральна ўсіх ліцэістаў.

 

Вось і сёлета навучэнцы падрыхтавалі разам з бацькамі і педагогамі кірмаш нацыянальных страў, паўдзельнічалі ў флэш-мобах і гульнях, сустрэліся з цікавымі творчымі гасцямі, прадэманстравалі ўласныя вакальныя, артыстычныя, кулінарныя здольнасці. Але найперш – адчулі атмасферу беларускай гасціннасці, прыгажосць роднага слова і самабытнасць нацыянальнай культуры.

 

 

 

 

– Традыцыйна ў межах фестывалю беларускай культуры ў нашым ліцэі ладзяцца конкурсы і віктарыны, выставы і спектаклі, кірмаш нацыянальных страў. Мы размаўляем па-беларуску, знаёмімся з народнай культурай. Навучэнцы ахвотна падтрымліваюць такія ініцыятывы, апранаюць народныя строі, чытаюць вершы і спяваюць на роднай мове. Фестываль дапамагае звярнуцца да нашай культуры і данесці да моладзі разуменне: толькі захоўваючы беларускія традыцыі і звычаі, наша нацыя будзе існаваць, а краіна – развівацца, – адзначыў дырэктар Брэсцкага абласнога ліцэя імя. П.М. Машэрава Генадзь Іванчын.

 

 

 

Бадай, самым «апетытным» і відовішчным стаў кірмашовы дзень фестывалю. На першым паверсе абласнога ліцэя разгарнулася імправізаванае кулінарнае свята: гаспадынькі ў прыгожых строях сустракалі шаноўных гасцей песнямі і пачастункамі, а смакаты нагатавалі столькі, што вочы разбягаліся. Тут і бульбачка з хатняй каўбаскай, дранікі ды аладкі, шанікі ды сырнікі, абаранкі ды пернікі… Зразумела, што стравы не только дэманстравалі, але і дэгуставалі. Водары луналі ў паветры такія, што запрашаць два разы не даводзілася, – усе частаваліся з вялікім задавальненнем.

 

Багаты стол накрывалі агульнымі намаганнямі. Напрыклад, хрусткія агурочкі і смачныя клёцкі, што прыгатавала мама, прынесла на кірмаш будучая выпускніца абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава Соф’я Новікава. Дзяўчына вучыцца ў эканамічным класе, дзе профільныя прадметы – матэматыка і англійская мова. Як высветлілася, гэтым яе цікаўнасці не абмяжоўваюцца: з 5 класа Соф’я – удзельніца алімпіяд па беларускай мове.

 

 

– У нашым ліцэі вучыцца ініцыятыўная і актыўная моладзь, якой цікава даведацца больш аб беларускай культуры, пазнаёміцца з нечым новым. На працягу фестывалю я паўдзельнічала, здаецца, ва ўсіх мерапрыемствах і атрымала сапраўднае задавальненне, як і мае аднакласнікі, – расказала Соф’я.

 

Каларыт тэматычнага фестывалю стваралі рознымі сродкамі. Каб свята беларускай культуры захапіла ліцэістаў, педагогі падрыхтавалі насычаны марафон імпрэз і конкурсаў. Як расказала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Людміла Кіргінцава, штодзень працавалі фальклорныя пляцоўкі, дзе дзеці прамаўлялі хуткавымаўлянкі і адгадвалі загадкі, вучылі новыя прыказкі і прымаўкі, перакладалі на беларускую мову. Роднае слова гучала і на творчай сустрэчы – госцем абласного ліцэя імя П.М. Машэрава стала пісьменніца Настасся Нарэйка. Акрамя таго, кожны клас прэзентаваў тэатральную пастаноўку паводле твора беларускага пісьменніка. А лепшых чытальнікаў адзначылі на конкурсе «Жывая крыніца ты, родная мова». На працягу тыдня працавала выстава «Бабулін ручнік», якая знаёміла з вырабамі народнай творчасці.

 

 

– Мы імкнуліся займальна і цікава, у фармаце гульняў, флэш-мобаў і конкурсаў, распавесці дзецям аб багацці і непаўторнасці беларускай культуры, нагадаць аб нашых каранях і традыцыях. Хочацца падзякаваць бацькам нашых навучэнцаў, якія падтрымалі і актыўна далучыліся да падрыхтоўкі фестывалю, – адзначыла Людміла Кіргінцава.

 

Алёна САЦУТА

Фота аўтара

Яндекс.Метрика