У БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя

На гістарычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «1939 год у гістарычным лёсе беларускага народа».

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся рэктар універсітэта Юрый Голубеў, які адзначыў значны ўклад сучаснай гуманітарнай навукі ў захаванне гістарычнай памяці пра падзеі верасня 1939 года.

На пленарным пасяджэнні выступілі дэкан гістарычнага факультэта, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Савіч, доктар гістарычных навук Аляксандр Вабішчэвіч, доктар гістарычных навук Уладзімір Здановіч, дырэктар – галоўны рэдактар абласной газеты «Заря», кандыдат філалагічных навук Ігар Гетман.

На абмеркаванне ўдзельнікаў былі прапанаваны пытанні палітыкі Польшчы ў адносінах да жыхароў заходнебеларускіх земляў, адміністрацыйна-палітычнае становішча і сацыяльна-эканамічныя стасункі ў беларускіх ваяводствах міжваеннай Польшчы. Таксама былі разгледжаны пытанні пераўтварэнняў на тэрыторыі рэгіёна ў 1939 – 1941 гадах, становішча заходнебеларускіх земляў на пачатку нямецкай акупацыі ў 1941 годзе, праблемы патрыятычнага выхавання і захавання гістарычнай памяці.

Тэмы дакладаў выклікалі зацікаўленне з боку шырокага кола прысутных навукоўцаў, студэнтаў і грамадскіх дзеячаў.

Алег КУНЕЦ

Яндекс.Метрика