Тыдзень роднай мовы праходзіць у Іванаўскім раёне

21.02.2023

21 лютага на міжнародным узроўні адзначаецца Дзень роднай мовы. Іванаўшчына далучылася да ўшанавання беларускага слова.

 

Ва ўстановах адукацыі раёна ўчора стартаваў Тыдзень беларускай мовы.

 

Навучэнцы як гарадскіх, так і сельскіх школ удзельнічаюць у анлайн-акцыі – праз чытанне паэтычных і празаічных твораў прызнаюцца роднаму слову ў любові. Пераможцаў вызначаць 23 лютага.

 

Апроч гэтага, у сярэдняй школе №2 г. Іванава ў панядзелак працаваў фолк-салон. Яго гаспадары Васіль і Васілінка ў форме віктарыны правялі для гасцей экзамен. Народныя і эстрадныя беларускія песні, гульні, загадкі – увага была звернута менавіта на гэты скарб.

 

У сярэдняй школе №4 г. Іванава з нагоды Дня роднай мовы пройдзе інтэлектуальная гульня «Я ведаю». Дванаццаць шасцікласнікаў будуць змагацца ў чатырох турах: тлумачыць фразеалагізмы, вызначаць аўтараў твораў, падбіраць беларускія адпаведнікі да запазычаных слоў, ставіць у іх націскі і лічыць гукі. Разумніка чакае прыз.
Гульню-падарожжа здзейсняць гімназісты пачатковых класаў. Адолеўшы шэсць цікавых прыпынкаў, вучні падпарадкуюць сабе гарэзлівыя літаркі, набудуць веды па роднай мове.

 

У будынку Цэнтра культуры і народнай творчасці размешчана беларускамоўная фотазона. Галоўную думку «Важна тое, што ўнутры» дапаўняюць іншыя добрыя словы на мілагучнай мове беларусаў.

 

У раённай бібліятэцы працуе выстава «Добры дзень, беларуская кніга!». Кожны чытач тут знойдзе свайго аўтара – навукоўца, класіка, сучасніка. Ёсць і пераклады.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ