У Маларыцкай раённай бібліятэцы яшчэ ў 2012 гозе з’явіўся пастаянна дзеючы арт-праект «Свет хобі». Яго ініцыятарам і арганізатарам стала загадчык аддзела абслугоўвання Валянціна Ібрагімава.
‒ Наш край багаты не толькі на працавітых людзей, ‒ гаворыць Валянціна Піліпаўна. ‒ У раёне жыве шмат таленавітых людзей з багатым уяўленнем, выдумкай, фантазіяй, якія ўмеюць ствараць сваімі рукамі прыгожыя вырабы. Пра некаторыя з іх смела можна сказаць, што гэта – шэдэўр! Людзі, напэўна, з-за сваёй сціпласці ці па нейкіх прычынах не любяць афішаваць свае захапленні і тое, што ў рэшце рэшт у іх атрымліваецца. Рэдка хто сам прыходзіць і просіць арганізаваць выставу сваіх работ. У пераважнай большасці такіх людзей знаходзяць бібліятэкары. Наш арт-праект дае магчымасць паверыць у свае сілы, сцвердзіць сябе. «Свет хобі» ‒ гэта тая пляцоўка, якая дапамагае распрасцерці творчыя крылы.
За дзесяць гадоў, на працягу якіх ужо рэалізуецца праект, у ім прынялі ўдзел многія таленавітыя жыхары Маларыты і раёна розных прафесій і ўзросту, прадэманстраваўшы сваё майстэрства. Яны здзіўлялі рукатворнымі шэдэўрамі: тапіярыямі (сувенірнымі дрэўцамі ў невялікіх гаршочках), фотаработамі, вышыўкай, бісерапляценнем, пляценнем стужкамі, арыгамі, роспісам у вінтажнай кропкавай тэхніцы, лічбавым жывапісам, жывапісам па шкле, фелтынгам (валянне з шэрсці), разьбой па дрэве, вырабамі з металу…
Цяпер вось надышла чарга Тамары Бойка з вёскі Ланская. У фае раённай бібліятэцы нядаўна адкрылася выстава яе работ «Калі гліна ажывае…» Тут прадстаўлена амаль сорак вылепленых статуэтак з гліны. Усе яны зроблены з любоўю, майстэрствам і сардэчнай цеплынёй. Кожны выраб гэтай выставы – маленькі рукатворны шэдэўр, таму і прыцягвае ўвагу наведвальнікаў.
Тамара Бойка ўжо больш за 30 гадоў лепіць розныя статуэткі з гліны.
‒ Без гліны ўжо не ўяўляю свайго жыцця, ‒ гаворыць жанчына. ‒ У лепцы для мяне была і ёсць нейкая ўнутраная патрэба. Творчая праца ‒ асаблівы, непаўторны стан душы, сваё адчуванне і бачанне навакольнага свету. Калі хоць дзень не патрымаю гліну ў руках і нешта не зляплю, то здаецца, што ён прайшоў марна.
Майстэрству лепкі, працы з глінай Тамара Паўлаўна вучылася самастойна. Ніякай спецыяльнай адукацыі ў яе няма.
‒ Лепка з гліны для мяне стала хобі жыцця па збегу абставін, ‒ гаворыць жанчына. ‒ Захапілася гэтым, можна сказаць, выпадкова.
Тамара Бойка нарадзілася ў Казахскай ССР. Яе бацькі туды па камсамольскай пуцёўцы паехалі асвойваць цалінныя землі. Калі дзяўчынцы было пяць гадоў, бацька і маці вырашылі вярнуцца ў Беларусь, у г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння 8 класаў Тамара Паўлаўна паступіла вучыцца на агранома ў Смальянскі саўгас-тэхнікум. Туды ж з Маларыцкага раёна на агранома прыехаў вучыцца і Аляксей Пракопавіч. Яны неўзабаве пазнаёміліся, закахаліся адзін у аднаго і ўзялі шлюб. На першае месца працы маладых спецыялістаў накіравалі ў Полацкі раён.
Адпрацаваўшы там пяць гадоў, Тамара Паўлаўна неяк сказала мужу: «Давай пераедзем жыць да тваіх бацькоў!». Так маладая сям’я апынулася на Маларытчыне, дакладней – у калгасе «Дружба» (вёска Ланская).
‒ Муж стаў працаваць намеснікам старшыні гаспадаркі, а я – інспектарам па ахове працы, ‒ гаворыць Тамара Бойка. ‒ Неўзабаве мне давялося ўладкавацца на працу ў філіял Брэсцкай фабрыкі сувеніраў, які тады быў адкрыты ў Ланской. Я размалёўвала карнавальныя маскі. Шмат даводзілася працаваць са шкоднымі рэчамі. Яны, напэўна, негатыўна паўплывалі на стан майго здароўя. Звольнілася і некаторы час працавала прыбіральшчыцай.
Аднаго разу, калі хварэла, выйшла на вясковую вуліцу падыхаць свежым паветрам. Непадалёку заўважыла, што дзеці нешта лепяць з гліны, якую разам з пяском прывезлі, каб засыпаць лужы. Узяла кавалачак гліны ў руку, пачала ляпіць. Атрымалася фігурка, праўда, не такая дасканалая, але мне спадабалася. З гэтага і пачалося. Пазней, як выпадала вольная хвіліна, ляпіла гліняныя фігуркі, пасля размалёўвала іх.
Першай заўважыла талент Тамары Паўлаўны, захапілася яе вырабамі суседка – настаўніца біялогіі Ланской сярэдняй школы Надзея Шпетная. Яна расказала пра гэта дырэктару ўстановы адукацыі Ганне Шпетнай. Ганна Максімаўна, агледзіўшы работы, прапанавала весці ў школе гурток па лепцы (аб’яднанне па інтарэсах) «Народныя промыслы».
‒ Вось так нечакана для сябе і стала працаваць у школе, ‒ гаворыць Тамара Бойка. ‒ Між іншым гэты гурток вяла на працягу аж 26 гадоў. Дзеці з задавальненнем наведвалі ўсе заняткі. Гэта прыносіла мне радасць і маральнае задавальненне.
Паступова назапашаўся вопыт, адшліфоўваліся навыкі, выпрацоўваўся ўласны мастацкі почырк. Неўзабаве прыйшлі і перамогі на розных творчых конкурсах. За час працы ў школе іх было шмат. Першая сур’ёзная перамога была заваявана на рэспубліканскім фестывалі народнага мастацтва «Беларусь – мая песня» ў 1998 годзе. Шмат разоў пасля ўдзелу ў спаборніцтвах працы гурткоўцаў і самой Тамары Паўлаўны накіроўваліся ў Германію, Польшчу, Украіну ў якасці сувеніраў.
Ужо некалькі гадоў Тамара Бойка не працуе ў школе. Аднак жанчына па-ранейшаму дома «чаруе» з глінай: для задавальнення ў вольны час лепіць фігуркі жывёл, птушак, людзей. Асабліва прадуктыўны перыяд для творчасці – зіма, калі няма гаспадарчых клопатаў і турбот на вуліцы.
‒ Тамара Паўлаўна, а дзе нарыхтоўваеце гліну? – цікаўлюся я.
‒ Гліну трэба знайсці, накапаць, потым добра размачыць, прапусціць праз сіта, каб матэрыял страціў усе каменьчыкі, травінкі, пясчынкі. Затым ячшэ раз размякчыць… Калі не было дзяржаўнай мяжы з Украінай, то вазіла гліну адтуль, з суседняга раёна. Там яна асаблівай якасці, з блакітным адценнем. Цяпер гліну бяру ля аграгарадка Арэхава. Яна белага колеру з ледзь прыкметным жаўтаватым адценнем. Акрамя таго, дачка з зяцем прывозяць чырвоную гліну з-пад Мінска. Гэтыя два віды змешваю, з атрыманай пластычнай сумясі і ляплю. Ствараю фігуркі памерамі ад 5 да 30 сантыметраў, прасушваю іх, а пасля фарбую водаэмульсіёнкай белага колеру. Атрыманыя вырабы не абпальваю ў печы, бо няма адпаведных для гэтага ўмоў. Новастворанае сохне само па сабе.
‒ Многія з тых, хто займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, прадаюць свае творы. А вы?
– Я не прадаю. У кожную статуэтку ўкладзена часцінка маёй душы. А душа не прадаецца (усміхаецца).
Вырабленыя Тамарай Паўлаўнай статуэткі можна ўбачыць у яе дома. Выстава работ жанчыны таксама была арганізавана ў гарадскім парку падчас раённага агляду-конкурсу абрадавага фальклору «Спадчына зямлі маларыцкай», які прайшоў 23 ліпеня. Ёсць у майстра і запаветная мара.
‒ Чалавеку ўласціва марыць. Наяўнасць патаемных жаданняў надае сілы і энергію для рэалізацыі новых задумак. Дзякуючы марам наша жыццё напаўняецца пэўным сэнсам. Мне ж хочацца сустрэцца з прафесійным мастаком ці скульптарам. Нам будзе аб чым пагаварыць. Найперш хочацца, каб спецыялісты паглядзелі мае работы, крытычна ацанілі іх вартасці, далі неабходныя парады, зрабілі падказкі. А магчыма, і правялі майстар-клас, падзяліліся сваім багатым вопытам.
Мікалай НАВУМЧЫК, Маларыцкі раён Фота аўтара
Присоединяйтесь к нашему Телеграм-каналу ЗДЕСЬ