Сучасныя падыходы і дасягненні ў рабоце бібліятэк абмеркавалі падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы, якая прайшла ў анлайн-фармаце. У дыялогу прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама рэгіянальных бібліятэк краіны.
Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Беразоўская, зараз у ведамстве Мінкульта налічваецца 2264 бібліятэкі. У аддаленых і маланаселеных пунктах развіваюцца формы нестацыянарнага абслугоўвання – у краіне дзейнічае 106 бібліёбусаў. Колькасць карыстальнікаў бібліятэк складае больш за 2,7 мільёна чалавек.
Якія актуальныя формы і метады працы ўкараняюцца ў бібліятэчнай сістэме Брэстчыны, расказала намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Ларыса Верамчук. Найперш яна адзначыла, што па-ранейшаму асноўная місія бібліятэкі – скрупулёзна збіраць, апрацоўваць і выдавацт для карыстання грамадзянам інфармацыю ў друкаваным і электронным выглядзе. Гэта спецыфічны кірунак працы бібліятэк па фарміраванні і развіцці сваіх фондаў, электронных каталогаў, баз дадзеных, стварэнні інфармацыйных электронных рэсурсаў. Свае дасягненні ў гэтай сферы дзейнасці маюць бібліятэкі нашага рэгіёна.
– Па выніках 2022 года зводны электронны каталог бібліятэк Брэсцкай вобласці дэманструе лепшыя паказчыкі працы сярод рэгіянальных каталогаў. Колькасць наведвальнікаў сайта летась склала каля 8 тысяч чалавек, а лічба праглядаў дасягнула больш за 530 тысяч. На прыкладзе працы каталагізатараў Брэсцкай вобласці атрымалася стварыць сістэму эфектыўнай карпаратыўнай каталагізацыі ды апрацоўкі дакументаў і пазбегнуць дубліравання. Такім чынам наш карыстальнік атрымлівае паслугу на больш высокім узроўні, – падкрэсліла Ларыса Верамчук.
Удасканальваецца таксама прадстаўленне традыцыйных паслуг у сучасных рэаліях бібліятэкі: у 2019 годзе абласная бібліятэка імя М. Горкага першай у краіне пачала працаваць з электроннай бібліятэчнай сістэмай “Литрес”. Летась тысяча чытачоў Горкаўскай бібліятэкі з’яўляліся актыўнымі карыстальнікамі віртуальнай пляцоўкі – амаль 45 тысяч разоў яны наведалі “Литрес” і замовілі там кнігі. За гэты час у фонд бібліятэкі было набыта больш за 8,5 тысяч электронных і аўдыёкніг. Каля 18 працэнтаў сродкаў, прызначаных на камплектаванне фондаў, выдаткоўваецца штогод на прадстаўленне аддаленага доступу чытачам да такіх электронных бібліятэк.
Тэму лічбавай трансфармацыі бібліятэчнай сістэмы краіны закранула ў сваім выступленні загадчык сектара маніторынгу і каардынацыі дзейнасці бібліятэк навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыялальнай бібліятэкі Беларусі Анастасія Маслоўская.
– У кожнай вобласці ствараюцца цэнтры па пераводзе на лічбавы носьбіт дакументаў. Бібліятэкі актыўна ўключыліся ў працэс інфарматызацыі, страваюць уласныя электронныя каталогі. Сярод найбольш буйных і паспяховых праектаў можна назваць віртуальную чытальную залу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Працягваецца праца па інтэграцыі электронных рэсурсаў бібліятэк. Галоўная задача, якая стаіць сёння, – стварэнне нацыянальнай бібліятэчнай платформы на аснове воблачных тэхналогій, якая дазволіць інтэграваць багаты масіў лічбавага кантэнту ў адзіную кропку доступу, – расказала Анастасія Маслоўская.
Алёна САЦУТА