Тры пакаленні адной сям’і аб’ядноўвае лес. Для бацькі Аляксандра Хвісюка, яго сыноў Валерыя і Ігара, а таксама ўнука Мікіты, – усе працуюць у Драгічынскім лясгасе, ён не толькі вызначыў прафесійны шлях, але і зрабіўся другім домам, клопатам пра які поўняцца рабочыя будні гэтых мужчын.
Прыкладам для ўсіх стаў бацька – Аляксандр Паўлавіч Хвісюк. Зусім хутка, 18 жніўня, ён адзначыць працоўны юбілей. Два дзесяцігоддзі мужчына старанна і аддана служыць Навапапінскаму лясніцтву. Яго лясны фонд цяпер складае амаль 12 тысяч гектараў. Раней падраздзяленне ўваходзіла ў склад Кобрынскага лясгаса.
– У верасні 2000 года ў выніку рэарганізацыі гэтай лесагаспадарчай установы ўтварыўся Драгічынскі лясгас. Яго структурнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца Антопальскае, Брашэвіцкае, Навапапінскае, Белаазёрскае, Юзэфінскае доследна-вытворчае лясніцтвы і Белаазёрскі цэх перапрацоўкі драўніны. Сёлета наша прадпрыемства святкуе дваццацігадовы юбілей, – удакладніў дырэктар Драгічынскага лясгаса Віктар Амбражэйчык.
Першыя крокі у прафесію Аляксандра Хвісюка былі звязаны з калгасам у Драгічынскім раёне. Там мужчына працаваў шафёрам. Многа сельскагаспадарчых сезонаў ён сваім магутным МАЗам перавозіў зерне розных культур, кукурузу. Быў нават камбайнерам. Праз пэўны час працоўныя прыярытэты Аляксандра Паўлавіча, ураджэнца вёскі Вулька Папінская, змяніліся. Наш герой прыйшоў на працу ў лясгас, паралельна змяніў транспарт, на якім ездзіць і цяпер – трактар з прычапным агрэгатам, які здольны за адзін раз перавезці восем кубічных метраў драўніны.
– Бацькоўская хата на хутары знаходзілася паблізу лесу, куды часта наведваўся. Гэта дапамагала пасля: калі вучыўся ў школе, праводзіліся спаборніцтвы па арыентаванні. Я найхутчэй выконваў заданні. З дзяцінства люблю рыбачыць, хадзіць у грыбы, пазней стаў яшчэ заўзятым паляўнічым, таму кожную сцежку ў родным лесе ведаю, ды і не толькі ў ім. Найбольш падабаюцца лясныя масівы ля вёскі Малінаўка – там сустракаюцца магутныя, старыя дрэвы, – расказаў Аляксандр Хвісюк.
Спажываць дары лесу і карыстацца лясным асяроддзем як месцам для асабістага адпачынку – гэта адно. У пэўны момант для Аляксандра Паўлавіча, яго сыноў – Валерыя і Ігара, унука Мікіты прыярытэтам стала іншае – захацелася быць карысным і спрычыненым да жыцця лесу.
Валерый і Ігар Хвісюкі – машыністы трылёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны – праводзяць розныя віды планавых і пазапланавых рубак, як, дарэчы, і вальшчыкі лесу. Праўда, дзякуючы сучаснай мульціаперацыйнай тэхніцы, «Харвэстэрам» маркі «Амкадор» і комплексу «Харвэстэр» плюс фарвардэр «Vimek», браты паасобку за дзень паспяваюць выканаць у некалькі разоў больш работы, чым калегі, якія працуюць бензапіламі.
Валерый і Ігар, па словах кіраўніцтва Драгічынскага лясгаса, з’яўляюцца надзейнымі прафесіяналамі. Па працы – адпаведна і пашана. Так, за дасягнутыя ў прафесійнай дзейнасці высокія паказчыкі Валерый Аляксандравіч у 2023 годзе занесены на Дошку гонару Драгічынскага раёна. А Ігар Аляксандравіч з нядаўняга часу працуе на новым «Харвэстэры», набытым лесагаспадарчай установай за асабістыя сродкі. На дадзены момант прадпрыемства мае чатыры адзінкі такой тэхнікі.
Знаёмства з Ігарам Хвісюком адбылося ў 158-м квартале, дзе на плошчы 1,6 гектара работнік праводзіў планавае мерапрыемства – рубку догляду. З размовы стала вядома, што маладому чалавеку нядаўна споўнілася 34 гады.
– Неяк сімвалічна атрымалася, што тут Ігар Аляксандравіч займаецца прарэджваннем лесу, дрэвы ў якім з’яўляюцца яго равеснікамі, – адзначыў памочнік ляснічага Юзэфінскага доследна-вытворчага лясніцтва Раман Герцык.
– Мне заўсёды падабалася тэхніка, таму пасля школы адвучыўся на тэхніка-механіка. Як і бацька пачынаў вадзіцелем у калгасе. Пасля запрасілі ў лясгас. На той час тут ужо працаваў і старэйшы брат. Спачатку далі старую тэхніку. За час работы яна неаднойчы мянялася. Новы «Харвэстэр», на якім працаваць адна асалода, атрымаў у ліпені. Работа нялёгкая. Многае ў ёй залежыць ад участкаў, на якіх ажыццяўляем рубкі. Безумоўна, дапамагае вопыт. Аднак, працуючы ў лесе, адпачываеш душой. Свежае паветра, цішыня хутчэй аднаўляюць фізічную стому, – расказаў Ігар Хвісюк.
Развітаўшыся, мяняю лакацыю дзеля знаёмства з Валерыем Аляксандравічам. Спачатку здаля назіраю, як машыніст трылёвачнай (лесанарыхтоўчай) тэхнікі спраўляецца з дрэвам, якое за некалькі секунд, усяго пяць-шэсць, мяняе становішча з вертыкальнага на гарызантальнае. Вось гэта майстэрства!
– Для мяне гэта звычайная работа на працягу ўжо трынаццаці гадоў, – адказвае на захапленне карэспандэнта Валерый Хвісюк. – За ўчарашні дзень паспеў нарыхтаваць шэсцьдзясят «кубоў» драўніны. Найчасцей выконваем рубкі догляду. Таксама праводзім суцэльныя альбо выбарачныя санітарныя рубкі – выразаем дзялянкі з усохлымі дрэвамі, якія пакутуюць ад дэфіцыту вільгаці, ці тыя, дзе пагаспадарыў буралом. У мінулую нядзелю такая стыхія ў Драгічынскім раёне дадала мне і калегам працы. Які б від работ ні выконвалі на сваёй манеўраннай тэхніцы машыністы, справа, якой яны займаюцца, надзвычай важная для лесу. Яны, як санітары, вызваляюць яго ад хворых дрэў, праз рубкі догляду ствараюць неабходныя ўмовы для лепшага росту і развіцця лесанасаджэнняў.
Калі абавязак Валерыя і Ігара Хвісюкоў заключаецца ў тым, каб правільна спілаваць дрэвы, то іх бацька – Аляксандр Паўлавіч, а таксама пляменнік Мікіта Дудко – сын сястры – адказныя за вывазку драўніны з дзялянак. У сярэднім за месяц кожны вывозіць ад васьміста да тысячы метраў кубічных драўніны.
– З моманту ўладкавання ў Навапапінскае лясніцтва працую трактарыстам на падрыхтоўцы лесасек, трылёўцы і вывазцы лесу. Бярвёны, спілаваныя і адсарціраваныя паводле прыналежнасці да пэўнага гатунку драўніны, адвожу на склад. За такі перыяд прывык да работы, мне яна не здаецца цяжкай, асабліва на новым трактары, які атрымаў тры гады таму. І ўвогуле ў лесе адчуваю сябе як дома. І працаваць тут, і быць на паляванні – вялікае задавальненне, бо люблю прыроду. Мне яна дае сілу і здароўе. А ведаеце, як цікава, калі бачыш у лесе лася ды нават зайца ці лісу, якіх я, калі з ружжом, шкадую страляць. Лесу ж без іх сумна будзе, – адзначыў Аляксандр Хвісюк.
Маладую змену ў асобе ўнука рыхтуе дзядуля. Трактарыст Мікіта працуе ў лясгасе толькі паўгода. Ён прызнаецца, што ў лесе ціха, спакойна, а самае галоўнае – цікава ад таго, што прыносіш карысць і лесу, і людзям, і радзіме. З такіх вось думак тчэцца лёс прадстаўнікоў сямейнай дынастыі Хвісюкоў.
Наталля МЕЧНАЯ
Фота аўтара