Сямнаццатага верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Калесніка – даследчыка беларускай літаратуры, прафесара, які доўгі час выкладаў у Брэсцкім педінстытуце.
Калеснік у беларускім літаратуразнаўстве застаўся найперш як даследчык заходнебеларускай літаратуры. Навуковую вартасць, безумоўна, мелі і іншыя даследаванні, найбольш вядомы ў літаратуразнаўстве як аўтар манаграфій пра Максіма Танка і Уладзіміра Жылку, укладальнік анталогій заходнебеларускіх паэтаў.
Нарадзіўся Уладзімір Калеснік 17 верасня 1922 года ў вёсцы Сіняўская слабада (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Сям’я лічылася адносна заможнай, бацька быў даволі грашавіты. У 1936 годзе Андрыян Калеснік адправіў сына вучыцца ў Наваградскую гімназію. Выкладанне ў ёй, як да таго часу па ўсёй Заходняй Беларусі, вялося па-польску. Для падлетка, які рос у беларускамоўнай стыхіі, гэта стварала пэўныя цяжкасці. Калеснік пазней згадваў, як ацэньвала яго творчыя работы выкладчыца: «Добра, магло б быць лепшым. Але хлопец не гаворыць дома па-польску. Скрозь беларусізмы».
Гімназія заклала неблагія пачаткі класічнай адукацыі, абудзіла цікавасць да літаратуры. Праўда, скончыць вучобу не ўдалося. 1 верасня 1939 года пачалася вайна Польшчы з Нямеччынай, а 17 верасня Чырвоная Армія прыспешыла падзенне Польскай рэспублікі.
Уладзімір Калеснік адназначна трактаваў падзеі верасня як вызваленне, быў у ліку тых, хто вітаў перамены, хоць даволі хутка прыйшлося пабачыць і адваротны бок медаля. Ён з бацькам (маці на той час памерла) ледзь не трапілі пад дэпартацыі ўглыб СССР. Калі б не абставіны, «не было б у вас, хлопцы, прафесара», – жартаваў ён неяк на лекцыі.
У гады вайны Калеснік партызаніць на Гродзеншчыне, пасля вайны працягвае вучобу ў Мінску, у педінстытуце. Пасля аспірантура і загадванне кафедрай літаратуры ў Бабруйскім настаўніцкім інстытуце. Дэфіцыт кадраў прымушаў учарашніх аспірантаў ставіць адразу на кіруючыя пасады.
У 1956 годзе Калеснік перабіраецца ў Брэст. З гэтага часу яго жыццё назаўсёды звязана з горадам над Бугам. Якраз тут яму было наканавана стаць душой літаратурнага аб’яднання, адкрыць дзясяткі імёнаў, якія склалі гонар сучаснай беларускай літаратуры, напісаць кнігі, што вярнулі з забыцця цэлую эпоху – эпоху Заходняй Беларусі.
Яго адкрыццё заходнебеларускай літаратуры пачалося з творчасці Максіма Танка, у пачатку 1950-х гадоў. Брацца за гэтую тэму тады трэба было асцярожна. Адносіны да той эпохі былі, мякка кажучы, неадназначныя. Яшчэ ляжаў цень нават на Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якая была распушчана ў 1938 годзе за сувязь с трацкістамі. Калеснік стаў першым, хто адважыўся ўвесці ў літаратуразнаўчы кантэкст літаратуру Заходняй Беларусі.
Творчасць аўтараў тае пары не аднолькавая па сваім значэнні. Нехта, як Максім Танк, якому, дарэчы, сёння спаўняецца 110 год, трывала увайшоў у школьныя падручнікі па літаратуры. Нехта быў бы канчаткова забыты, калі б не рупнасць Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Якраз за захаванне памяці выказваў падзяку берасцейскаму вучонаму вядомы беларускі гісторык Мікола Улашчык, гаворачы пра герояў яго даследаванняў: «Хай не вялікія, але ж нашы».
Сямідзясятыя – васьмідзясятыя гады сталі самым пладавітым перыядам Калесніка як вучонага. Адна за адной выходзяць яго кнігі, укладзеныя ім зборнікі паэзіі Заходняй Беларусі. З іх старонак на чытача абрушваецца сапраўдны вадаспад падзей і імёнаў. Асобна варта адзначыць кнігу «Ветразі Адысея», прысвечаную паэту Уладзіміру Жылцы. Згаданы ўжо Мікола Улашчык пісаў, што «сярод адкінутых і забытых» Жылка быў «самым адкінутым і забытым». Вяртанне з забыцця гэтага унікальнага для Беларусі паэта пачалося з даследаванняў Калесніка.
Не менш цікавым быў для Калесніка пачатак дзевяностых. Нягледзячы на хваробу, ён працягвае працаваць над даследаваннямі, выкладае ў Брэсцкім педагагічным інстытуце, выступае з артыкуламі ў перыёдыцы.
Свой першы экзамен у педінстытуце я здаваў якраз Калесніку. У адказе згадаў прозвішча Вацлава Ластоўскага. З гэтага моманту адказ ператварыўся ў размову. Толькі праз шмат год я даведаўся, што значыла гэтае імя для субяседніка. У сваёй кандыдацкай, у пачатку 50-х, ён зрабіў спасылку на Ластоўскага, не ведаючы, что ў савецкай навуцы імя гэтага пісьменніка і вучонага было пад забаронай. Пазней яму не адзін раз даводзілася сутыкацца з праблемамі цэнзурнага характару.
Вымушаныя прабелы ў даследаваннях Калеснік змог аднавіць толькі ў дзевяностыя, калі, напрыклад, выйшаў раней не публікаваны раздзел «Ветразяў Адысея», прысвечаны апошнім гадам жыцця Уладзіміра Жылкі.
Нягледзячы на пэўную палёгку ў навуковай дзейнасці, далёка не ўсё яму ў тым часе падабалася. Памятаю, як зачытаўшы на лекцыі вядомыя радкі з летапісу пра прызванне варагаў «приходите княжить и владеть нами», са смехам дадаў: «гаварылі, як Ельцын Бушу».
Іншы выпадак яго проста раз’юшыў. Газета «Літаратура і мастацтва» апублікавала матэрыял маскоўскага прафесара Шыраева «Партызаны правакавалі акупантаў» з крытыкай партызанскага руху. Былому партызану, аднаму з аўтараў кнігі пра генацыд беларускага народа «Я з вогненнай вёскі» быў непрымальны такі погляд на падзеі параўнальна недалёкага мінулага. Па сутнасці, прафесар Калеснік адным з першых адчуў яшчэ тады, якую пагрозу можа несці грамадству радыкальнае перафарматаванне грамадскай свядомасці…
Калеснік памёр у снежні 1994 года, неўзабаве пасля першай прэзідэнцкай кампаніі, якая ўскалыхнула Беларусь. Прайшло ўсяго некалькі месяцаў з пачатку новай Беларусі, цяжка было ўявіць, што чакае краіну і народ. Адно было зразумела: час бязладдзя мінае. Калеснік пісаў у адным лістоў, што ведаюць, што будзе далей «толькі Бог і Лукашэнка».
…На згаданым першым экзамене прафесар тром студэнтам паставіў за адказ пяць балаў. Праз некалькі год, калі ўсе трое сталі мінскімі аспірантамі, адзін з іх перафразаваўшы вядомую фразу, сказаў: «Старик Колесник нас заметил, и уходя, благословил…»
Ігар ГЕТМАН
Присоединяйтесь к нашему Телеграм-каналу ЗДЕСЬ