Главная - Новости - Новости из общественной жизни - Праект «Дзве радзімы». Ураджэнка ўзбекскага горада Джызака Гульміра Эрманбетава больш за тры дзясяткі год жыве ў Іванаве

Праект «Дзве радзімы». Ураджэнка ўзбекскага горада Джызака Гульміра Эрманбетава больш за тры дзясяткі год жыве ў Іванаве

Праект «Дзве радзімы». Ураджэнка ўзбекскага горада Джызака Гульміра Эрманбетава больш за тры дзясяткі год жыве ў Іванаве

Ураджэнка сонечнага ўзбекскага горада Джызака – Гульміра Эрманбетава, а па мужу Сідаровіч – больш за тры дзясяткі год жыве ў беларускім Іванаве. Аднак лёс гераіні, засватанай калісьці мясцовым жаніхом, мог скласціся зусім па-іншаму.

 

Мы размаўляем з Гульмірай Сяітаўнай ва ўтульным і цёплым памяшканні дзіцячай бібліятэкі ў палескім райцэнтры. Менавіта тут з 2010 года яна працуе. Гульміра Эрманбетава і яе калегі абслугоўваюць 3300 абанентаў-школьнікаў. Сярод іх спецыяліст называе імёны заўзятых прыхільнікаў друкаванага слова – Кіры Краўчук, Марыі Шпакоўскай, Юліі Баланды…

 

На некалькі хвіліначак наша гутарка спыняецца, бо ў бібліятэку прыходзіць трэцякласнік Расціслаў Трушко. Пасля выдачы кнігі Віктара Драгунскага «Заварожаная літара» жанчына працягвае цікавы аповед пра сваё жыццё. У маладосці Гульміра Сяітаўна ўжо мела вопыт працы з кнігамі. І было гэта пасля заканчэння на малой радзіме політэхнічнага каледжа. Маладая дзяўчына ўладкавалася бібліятэкарам у вайсковую часць у родным горадзе. Праўда, некаторы час Гульміра, імя ў перакладзе з персідскай мовы азначае «кветка міру», усё такі папрацавала інжынерам-канструктарам жалезабетонных вырабаў. Аднак кнігі перасілілі яе ранейшыя прафесійныя захапленні.
Пасля вываду савецкіх войск з Афганістана ў Джызаку засталося толькі дзве вайсковыя частці. Вайсковая служба прадугледжвала і правядзенне культурных праграм. Аднойчы Гульміра прапусціла літаратурны вечар памяці Сяргея Ясеніна. Прычына была сур’ёзная – заручыны з нялюбым сэрцу Ахметам.

 

– Калі не любіш яго, чаму згаджаешся на шлюб? – пры сустрэчы спытаў вайсковец Ігар Сідаровіч.

 

Беларускі хлопец, які надта любіў чытаць дэтэктывы, пераканаў Гульміру не толькі адмовіць патэнцыйнаму ўзбекскаму жаніху, але зрабіў усходняй прыгажуні з касой да кален прапанову стаць яго жонкай. І яна згадзілася.

 

Раптоўнае рашэнне, якое праз тры дні вылілася ў роспіс і штамп у пашпарце, каштавала гераіні дорага – родзічы выракліся яе, палічыўшы, што яна зняславіла род.

 

Падтрымалі тады толькі маці і бабуля:

 

– Значыць, такі твой лёс. Гэты муж нарачоны табе Алахам.

 

Аднак перад паездкай у Беларусь мудрыя жанчыны сказалі Гульміры найважнейшыя на той момант словы:

 

– Будзе кепска, вяртайся дадому. Сама ці з дзіцём – прымем і дапаможам.

 

Гульміры на чужыне напачатку было няпроста. Усё тут было іншым: клімат, мова, харчаванне. Стрымана прыняла іншаземную нявестку свякроў. На Палессі слова «Ташкент» у значэнні «вельмі цёпла» яна ўзгадвала толькі тады, калі ішла збіраць памідоры ў цяпліцу. Дзяўчыне адразу палюбіліся беларускія стравы з бульбы – асабліва таўканіца, дранікі, бабка. Новым родзічам гатавала манты, плоў. Яшчэ з той першай паездкі на мужаву радзіму Гульміра запомніла тое, як трэба даглядаць бульбу, вывучыла некаторыя новыя словы, упэўнілася, што беларусы не на словах, а на справе – працавіты народ.

 

Аднак праз некалькі месяцаў гасцявання ў Беларусі Гульміра вырашыла вярнуцца на радзіму. І муж зразумеў сваю палавінку. Але самую ва Узбекістан не адпусціў. Жанчына вярнулася туды, дзе адчувала сябе камфортна, – у бібліятэку, муж уладкаваўся ў вайсковую часць начальнікам гаруча-змазачных матэрыялаў. У далёкім Узбекістане нарадзіўся іх старэйшы сын Вячаслаў, які, дарэчы, свае першыя няўпэўненыя крокі зрабіў менавіта з бульбай у руцэ. «Сапраўдны бульбаш!» – захоплена расказвае Гульміра.
Праз пэўны час Сідаровічы зрабілі спробу нумар два: вярнуліся ў Іванава, ды так і засталіся.

 

– Я жыву ў Беларусі ўжо трыццаць тры гады. І, папраўдзе кажучы, трывала прырасла да беларускай зямлі. Тут мне падабаюцца людзі. А якая беларуская мова! Гучыць так, нібыта рэчка ліецца, – дадала бібліятэкар.

 

 

Праўда, за час работы (працавала і санітаркай, і страхавым агентам, і інжынерам на заводзе, і вартаўніком у школе) і жыцця ў Беларусі бывалі недарэчныя сітуацыі, якія ўзнікалі з-за недастатковага ведання нашай мовы. Аднойчы, напрыклад, яна прыехала страхаваць жыллё ў вёску Юхнавічы. Бабуля, да якой завітала першай, расказала, як знайсці кожнага вяскоўца: «Той жыве праз дзве хаты ад мяне, дом гэтай сям’і знаходзіцца на процілеглым баку, за магазінам пасяліліся такія гаспадары, гэты чалавек ужо на могілках».

 

– Я ж не ведала значэнне слова «могілкі». Доўга блукала па вёсцы, пакуль мне не растлумачылі: на могілках – значыць, чалавек ужо памёр, – успамінае жанчына.
Дарэчы, Гульміра Сідаровіч набыла не толькі беларускае грамадзянства, але і адукацыю. Здаць экзамен па беларускай мове і літаратуры ёй было няпроста. Правадніком у свет мілагучнай мовы стаў Іван Мележ і яго раман «Людзі на балоце». І калі па літаратуры сур’ёзная выкладчыца паставіла студэнтцы цвёрдае «шэсць», то за дыктант яна атрымала «дзесяць».

 

Вывучыць любую замежную мову – звычайная справа, а вось змяніць рэлігію – не кожны на такое адважыцца. Гульміра Сідаровіч дзеля дабрабыту сям’і, дзеля здароўя свайго дзіцяці зрабіла такі адказны крок. Прычым, таінства хрышчэння маці з сынам прымалі ў адзін дзень. Разам з новай рэлігіяй жанчына атрымала праваслаўнае імя Галіна, што азначае «цішыня». Гэта сімвалічна, бо яно пасуе да яе характару. Здаецца, усе рашэнні жанчына прымае разважліва, няспешна і не на эмоцыях.

 

Чым часцей жанчына, якую звычайна завуць Гульмірай, наведвала службы ў царкве, тым больш яе цягнула туды. З часам даведалася пра посныя дні – сераду і пятніцу. Пасля яна замахнулася на Велікодны, самы строгі, пост. Вытрымала і гэты выклік. Больш за тое, пераконвала мужа ў неабходнасці вянчання. Але гэтай мары не суджана было спраўдзіцца. Ігара Расціслававіча ў 52 гады не стала…

 

– Яго смерць была вялікай нечаканасцю. Вечарам з ім размаўлялі, а раніцай дактары сказалі, што муж у рэанімацыі. Праз некалькі дзён яго пахавалі, – сумна паведаміла Гульміра Сідаровіч.

 

Прыгожая жанчына пасля дае волю ўспамінам. Расказвае, як разам выхоўвалі двух сыноў, як працавалі, чыталі цікавыя кнігі, падарожнічалі. Аднойчы жонка рызыкнула паехаць з мужам у рэйс – Ігар працаваў дальнабойшчыкам. У радасці і горы гэтыя людзі былі разам. Сёння побач з Гульмірай самыя важныя людзі – дзеці, унук, маці, сябры. Родная матуля даўно жыве ў Беларусі. Мужава радня добра ставіцца да нявесткі.

 

– Дык што дапамагло вам прыжыцца тут, за тысячы кіламетраў ад радзімы? – пытаюся.

 

– Я любіла свайго мужа. А яшчэ – не сустракала вакол дрэнных людзей. Тут займаюся любімай справай. І цяпер Беларусь – мая зямля, маё жыццё, мая радзіма.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика