Сёлета Міністэрства інфармацыі сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе ўнікальны праект пад назвай «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Праект ставіць перад сабой вельмі важную задачу, якая адпавядае выклікам сучасных рэалій – вывучыць, захаваць і папулярызаваць гістарычную спадчыну беларускага народа.
Рэдакцыя газеты «Заря» падтрымала ідэю захапляльнага праекта і прапануе чытачам бліжэй пазнаёміцца, а для кагосьці мажліва ўпершыню даведацца пра багатую ўнікальную гістарычную спадчыну Брэстчыны.
Напрацягу года на сайце і на старонках газеты будуць размешчаны архіўныя матэрыялы, музейныя фатаграфіі, журналісцкія публікацыі, прысвечаныя роднаму краю. У цэнтры ўвагі будуць знакавыя для рэгіёна аб’екты ў сферах: культуры і адукацыі, транспарту і вытворчасці, гандлю і прамысловасці, а таксама архітэктурныя помнікі і храмы. Разам мы прасочым, як змяняўся наш регіён і, нягледзячы на сваю багатую гісторыю, ён усё ж маладзее ды прыгажэе з кожным годам. Вядома ж, немагчыма на старонках выдання размясціць ўсе матэрыялы, якія не адзін год збіралі гісторыкі і краязнаўцы, а цяпер беражліва захоўваюць музейныя работнікі. Таму ў першую чаргу мы ставім перад сабой мэту зацікавіць вас, паважаныя чытачы, вывучэннем гісторыі і сучаснасці нашай Брэстчыны. Праект «Бацькаўшчына» рэалізуецца «Зарей» пры падтрымцы Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Спадзяемся, гэта будзе захапляльная вандроўка. І яна ўжо пачалася… з Брэсцкага чыгуначнага вакзала, які з’яўляецца адной з візітных картак горада над Бугам.
БРЭСТ: А на заходняй мяжы…
Зазірнем у мінулае. 28 мая 1886 года адбылося ўрачыстае адкрыццё вакзала ў Брэсце, на якое нават прыбыў цар Аляксандр III з царыцай Марыяй Фёдараўнай і царэвічам Мікалаем. Раскошны вакзал на заходняй мяжы Расійскай імперыі быў пабудаваны ў выглядзе сярэднявечнага замка і лічыўся адным з самых прыгожых на яе тэрыторыі.
Нягледзячы на тое, што ў 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, будынак вакзала моцна пацярпеў пры адступленні рускіх войскаў, пазней ён быў адноўлены.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны абаронцы вакзала гераічна абаранялі будынак. У падзямеллі хаваліся і сотні пасажыраў цягнікоў, якіх вайна заспела ў самы непрыдатны момант. Вакзал быў адным з участкаў адчайнага супраціўлення ворагам. Па наяўных дадзеных, у падвалах вакзала ўвечары 22 чэрвеня знаходзіліся каля 70 чалавек. Абарона доўжылася да 29 чэрвеня.
Здаецца, усім нам вядома пра адвагу абаронцаў Брэсцкай крэпасці, але, на жаль, не ўсе дагэтуль ведаюць пра герояў Брэсцкага вакзала. Толькі ўявіце, немцы ўжо ўзялі Мінск, а яны працягвалі весьці сваю вайну ў тыле ворага… На вакзале Брэста ёсць мемарыяльная дошка ў памяць аб яго абаронцах. Час ад часу там з’яўляюцца свежыя кветкі ў гонар загінуўшых герояў.
Той вакзал, якім мы бачым яго зараз, быў пабудаваны ў 1953 – 1957 гадах па загадзе Іосіфа Сталіна. У 2009 – 2014 гадах тут праходзіла маштабная рэканструкцыя пасажырскага комплексу, якая закранула будынкі, інжынерныя камунікацыі, прылеглыя тэрыторыі і пуцявую інфраструктуру. З’явіліся паркоўкі, цэнтральная зала чакання на 240 пасадачных месцаў, зала пагранічнага кантролю і мытнага афармлення, зала павышанай камфортнасці, нумары адпачынку, добраўпарадкаваныя пероны і падземны пераход паміж Варшаўскім і Маскоўскім бакамі вакзала.
За час свайго існавання вакзал сустракаў шмат асоб сусветнага маштабу: імператары Аляксандр ІІІ, Мікалай ІІ, Леў Троцкі, Юзэф Пілсудскі, Іосіф Сталін, Мікіта Хрушчоў, Клімент Варашылаў, Жорж Пампіду, Рауль Кастра, Кім Ір Сэн, Уладзімір Высоцкі.
Вакзал у горадзе над Бугам і сёння ўражвае веліччу і цікавіць як гасцей горада, так і берасцейцаў. Дарэчы больш падрабязна даведацца пра яго гісторыю магчыма ў гісторыка-палітычным музеі станцыі Брэст-Цэнтральны, варта і абавязкова наведаць музей чыгуначнай тэхнікі. А мы едзем далей…
БАРАНАВІЧЫ: Паравоз як сімвал горада ды імпульс да развіцця
У 1884 годзе была дабудавана Вільна-Ровенская чыгунка, якая злучыла гэтую мясцовасць з Прыбалтыкай і Украінай, ператварыўшы Баранавічы ў чыгуначны вузел, які мае дзве станцыі, вядомыя сёння як Баранавічы-Цэнтральныя і Баранавічы-Палескія.
Наступны пункт прызначэння нашага падарожжа по Бацькаўшчыне – станцыя Баранавічы-Палескія. Гэты вакзал мае цікавую гісторыю і аказаў вялікі ўплыў на развіццё другога па колькасці насельніцтва горада вобласці.
За тры кіламетры ад станцыі Баранавічы Маскоўска-Брэсцкай чыгункі з’явілася станцыя Новыя Баранавічы Вільна-Ровенскай чыгункі, якая пазней стала называцца Баранавічы-Палескія. Тут быў узведзены драўляны будынак пасажырскага вакзала. З гэтага часу Баранавічы імкліва развіваюцца, становяцца мястэчкам, а потым і горадам. Паміж станцыямі Баранавічы-Палескія і Баранавічы Маскоўска-Брэсцкай дарогі будуецца злучальная ветка.
У 1899 годзе драўляны будынак заменены цагляным, абсталяваным паравым ацяпленнем. Са жніўня 1914 года ў перыяд Першай сусветнай вайны на працягу года ў Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, якую некалькі разоў наведваў імператар Мікалай II.
У час Вялікай Айчыннай вайны вакзал станцыі Баранавічы-Палескія быў разбураны. Пасля вызвалення горада ў 1944 годзе пачаліся аднаўленчыя работы. У знак прызнання заслуг чыгункі ва ўтварэнні горада на гербе Баранавіч змешчаны паравоз, а на прывакзальнай плошчы вакзала Баранавічы-Палескія ўстаноўлены паравоз-помнік.
У залах баранавіцкага музея чыгункі прадстаўлены гістарычныя дакументы, фотаматэрыялы, макеты тэхнікі, карціны, службовая форма і іншыя экспанаты, якія адлюстроўваюць працу і побыт чыгуначнікаў.
ПІНСК: Чыгуначныя майстэрні на Палессі і перайманне вопыту амерыканскіх калег
Наступны прыпынак – Пінск. 1 ліпеня 1882 года тут ва ўрачыстай абстаноўцы адбылася закладка вакзала Пінскай чыгуначнай станцыі. Ён быў пабудаваны хутка, за адно лета. 9 лістапада 1882 года адкрыўся пасажырскі і таварны рух. Палескія чыгункі далі магутны імпульс эканамічнаму развіццю Палесся. У Пінску размясціліся Галоўныя майстэрні Палескай чыгункі, на той момант лепшыя на тэрыторыі Беларусі і адны з лепшых у Расійскай імперыі.
Поспехі пінскіх чыгуначных майстроў шмат у чым звязаны з імем энергічнага інжынера і практыка чыгуначнай справы Сяргея Міхіна, які быў прызначаны начальнікам Галоўных майстэрняў Палескіх чыгунак. У канцы 1893 года па ініцыятыве міністра шляхоў паведамлення ён быў камандзіраваны ў Амерыку для азнаямлення з чыгуначнай практыкай у Паўночна-Амерыканскіх Штатах, якую ён выкарыстаў у працы Пінскіх чыгуначных майстэрняў.
У гады Першай сусветнай вайны будынак вакзала быў разбураны, затым у 1937 годзе адноўлены. Вялікая Айчынная вайна таксама пакінула свой след у гісторыі вакзала. Будынак быў разбураны не цалкам, але спатрэбілася шмат сіл і сродкаў для яго аднаўлення.
Сучасны вакзал чыгуначнай станцыі Пінск уведзены ў эксплуатацыю ў снежні 2008 года. Адкрыццё адбылося 25 красавіка 2009 года ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці супрацоўнікаў, кіраўнікоў розных прадпрыемстваў, грамадзян горада Пінска. Пасляваенны двухпавярховы будынак пінскага вакзала зведаў чарговыя сур’ёзныя архітэктурныя змены і атрымаў яшчэ адзін дадатковы паверх. Унутраная планіроўка ў новым вакзале засталася прыкладна такой, як і ў старым.
Як бачна, тры ўзгаданыя вакзалы прайшлі вельмі нялёгкі шлях даўжынёй амаль ў паўтара стагодзя, бачылі розныя перыяды гісторыі, аднак нягледзячы ні на што, змаглі захаваць сваю ўнікальнасць і непаўторнасць. І такіх месцаў і знакавых аб’ектаў на Брэстчыне шмат, таму мы з вамі едзем далей. Працяг будзе…
Вольга СВІРЫДОВІЧ
Фота Валерыя КАРАЛЯ,
Вячаслава ІЛЬЯНКОВА,
Барыса НАВАГРАНА
Марыны ЛЯШКЕВІЧ