На картах многіх гарадоў і мястэчкаў Заходняй Беларусі ёсць вуліцы і завулкі, названыя ў гонар 17 Верасня. Сёння гэтыя вуліцы, быццам помнікі, нагадваюць нам пра адну з самых важных падзей ў гісторыі Беларусі – аб’яднанне краіны. Змена старых назваў адбылася ў 1939-1940 гадах. Дата гэта звязана з 17 верасня 1939 года, калі Чырвоная армія перайшла мяжу з Польшчай, пасля чаго аб’ядналіся Заходняя і Усходняя часткі Беларусі.
Нагадаем, што у выніку Рыжскай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года тэрыторыя Беларусі была падзелена. Ва ўсходняй частцы была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, а заходняя частка далучылася да Польшчы. У 1939 годзе заходнія тэрыторыі адышлі пад юрысдыкцыю СССР. Нагадаем, што ў Беларусі ў мінулым годзе Ўказам Прэзідэнта 17 верасня стала дзяржаўным святам.
Вуліца 17 Верасня – адна з найстарэйшых у Брэсце. Сваю назву яна мяняла не раз. У сярэдзіне XIX стагоддзя яе будавалі на месцы вёсачкі Тапалёва, ад якой і пайшла першая назва вуліцы – Тапалёвая. Спачатку яе перайменавалі палякі – у гонар класіка яўрэйскай літаратуры Іцхака Пераца. Потым савецкая ўлада дала ёй назву 17 Верасня, а немцы, якія акупавалі горад у 1941 годзе, вярнулі ёй назву Тапалёвая. А пасля вызвалення Брэста ў 1944 годзе яна зноў стала вуліцай 17 Верасня.
Тут захавалася нямала будынкаў XIX – пачатку XX стагоддзя. На многіх – таблічкі, якія абазначаюць іх прыналежнасць да гісторыка – культурных каштоўнасцей і мемарыяльныя дошкі. Адна з іх нагадвае аб тым, што тут польскі суд у 1927 годзе прыгаварыў да шасці гадоў турмы Веру Харужую, адну з актывістак Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ).
У доме на скрыжаванні вуліцы 17 Верасня і праспекта Машэрава ў 1927-1935 гадах працавала падпольная друкарня ЦК КПЗБ. А ў доме №10 ў 1941-42 гадах размяшчаліся яўрэйская паліцыя і юдэнрат –яўрэйская рада. Падчас акупацыі такія органы кіравання ствараліся для забеспячэння парадку ў яўрэйскіх гета. Паводле слоў гісторыкаў, юдэнрат у Брэсце ўтрымліваў дзіцячы сад, дзіцячы дом, бальніцу, дом састарэлых і начлежны дом, ратуючы яўрэйскае насельніцтва ад голаду і хвароб.
Бясплатная кухня забяспечвала абедамі без малога 4 тысячы вязняў гета. Але восенню 1942-га Брэсцкае гета было знішчана поўнасцю. Нацысты бязлітасна расстралялі нават 90 дзяцей у дзіцячым доме і 64 пажылых чалавека ў доме састарэлых…
Вуліца 17 Верасня і ў нашыя дні захоўвае памяць аб гісторыі, сёння гэта спакойная, утульная вуліца пераважна малапавярховай забудовы.
На плошчы 17 Верасня ў Століне цяпер знаходзіцца лазня, магазіны. І ні следу ад касцёла, які быў пабудаваны ў 1811 годзе і даў назву плошчы – Касцёльная. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл быў знішчаны. Да гэтага яго перадавалі праваслаўнай царкве, потым вярталі католікам.
Літаральна ў трох хвілінах хадзьбы ад плошчы знаходзіцца ці не галоўная славутасць Століна – сінагога. Калісьці горад быў яўрэйскім мястэчкам і буйным цэнтрам хасідскага руху. Прычым духоўныя лідары столінскіх хасідаў карысталіся ўплывам далёка за яго межамі. На жаль, ад сінагогі – рэдкага помніка сінагагальнай архітэктуры XVIII стагоддзя ў стылі барока – сёння засталіся велічныя руіны.
Дакладна, у кожным райцэнтры вобласці, у многіх вёсках і пасёлках ёсць вуліцы 17 Верасня. На жаль, не ўсюды старажылы помняць былыя назвы вуліц, ды і не кожная з іх мела нейкую яркую гісторыю, аднак цяпер яны ўсе напамінаюць пра яднанне беларусаў. Нават абласное свята хлебаробаў “Дажынкі-2022”, якое сёлета адбывалася ў Целяханах Івацэвічкага раёна, праходзіла ў тым ліку на вуліцы 17 Верасня. А з некаторымі аднайменнымі вуліцамі ў рэгіёне звязаны вядомыя персоны, гістарычныя факты і старажытныя аб’екты.
Напрыклад, у Лунінцы невялікая вуліца 17 Верасня ў цэнтры горада раней называлася Кажан-Гарадоцкая. У гонар знакамітага і вельмі старажытнага мястэчка Кажан-Гарадок, дзе, паводле паданняў, жыў і быў пахаваны рымскі паэт Авідзій.
У Пружанах у гонар 17 Верасня пераназвалі вуліцу Юрыдзіка. Так называліся тэрыторыі, якія належалі буйным магнатам-памешчыкам, на якіх не распаўсюджвалася судовая і адміністрацыйная ўлада магістрата.
У Бярозе ад цэнтральнай вуліцы Шашэйнай (цяпер – Леніна) у адным месцы пачыналіся дзве вуліцы: у адзін бок – Біскупская, у іншы – Гмінная. Цяпер гэта адна вуліца пад назвай 17 Верасня.
Знакаміты Спаскі манастыр, заснаваны ў Кобрыне, як мяркуецца, у XVI стагоддзі. Таму вуліца, на якой ён быў пабудаваны, стала Кляштарнай (манастырскай). Да гэтага яна называлася Слушная (справядлівая, значыць) і Базыльянская. З 1939 года яна носіць назву 17 Верасня. Таксама называўся раней і адзін з кінатэатраў паблізу.
У горадзе Ганцавічы вуліца 17 Верасня праходзіць уздоўж маляўнічага гарадскога парка. Да 1939 года яна называлася Першая і была адной з цэнтральных у горадзе. Тут жылі пераважна яўрэі, таму пры кожным доме было нейкае прадпрыемства – пякарня, швейная майстэрня, крама.
Вуліца 17-га Верасня знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада Ляхавічы. Да пачатку 1950-х гадоў называлася Пінскай. Працягласць каля 400 метраў - ад вуліцы Раганава да вуліцы Леніна. Вуліца 17-га Верасня – адзіная ў горадзе з аднабаковым аўтамабільным рухам. Цікавы факт
Вуліцу 17 верасня можна знайсці не толькі ў Беларусі, але і, напрыклад, ў расійскім горадзе Бранску. Гэта ніяк не звязана з аб’яднаннем Беларусі. Хоць вуліца 17 Верасня “ўпадае” якраз у вуліцу Беларускую… Справа ў тым, што Бранск быў вызвалены савецкімі войскамі 17 верасня 1943-га і зараз гэтая дата адзначаецца як Дзень горада.
Вольга СВІРЫДОВІЧ
Присоединяйтесь к нашему Телеграм-каналу ЗДЕСЬ