Калісьці на беларускіх землях было амаль паўтары сотні замкаў, мноства палацаў і яшчэ больш шляхецкіх сядзіб. На жаль, большасць з іх не дажылі да нашых дзён. Старажытныя сядзібы валодаюць непаўторным антуражам і атмасферай. Даўным-даўно ў іх сценах стваралася гісторыя, прымаліся лёсавызначальныя рашэнні і праводзіліся раскошныя прыёмы. Гэтак жа як замкі і палацы Беларусі шляхецкія сядзібы ўяўляюць сабой шэдэўры архітэктуры. Многія выдатна захаваліся, некаторыя ляжаць у руінах, аднак усе яны з’яўляюцца нашай гісторыка-культурнай спадчынай.
У чарговым выпуску праекта наведаем сядзібы, якія захавалі свой першародны выгляд і, нягледзячы на бязлітасны ўплыў часу, усё яшчэ выклікаюць цікавасць і прымушаюць захапляцца іх былой веліччу.
Сядзіба Катлубаяў у вёсцы Ястрамбель Баранавіцкага раёна знешнім выглядам нагадвае ўладанне казачнага чараўніка. 3 мая 1851 года вёска Ястрамбель з усімі навакольнымі землямі была набыта Міхаілам Катлубаем, беларускім шляхцічам з татарскімі каранямі. Аднак цудоўная сядзіба ў Ястрамбелі – гэта заслуга ўжо яго сына Эдварда, чалавека вельмі адукаванага і таленавітага. Эдвард Катлубай скончыў ваенна-інжынерную акадэмію Санкт-Пецярбурга, служыў у Кіеве, па вяртанні на Радзіму захапіўся гісторыяй, шмат працаваў у сямейным архіве Радзівілаў і нават напісаў кнігу «Нясвіжская галерэя Радзівілаўскіх партрэтаў», якая лічылася самым аўтарытэтным даведнікам аб родзе Радзівілаў аж да ХХ стагоддзя.
Пры Эдвардзе маёнтак у Ястрамбелі быў значна перабудаваны – закладзены цудоўны парк, узведзены раскошны сядзібны дом. Ён быў пабудаваны ў 1897 годзе. Некаторыя даследчыкі нават называюць яго неўмацаваным замкам: да цэнтральнага двухпавярховага будынка прымыкае казачнага выгляду чатырох’ярусная шатровая вежа і дамавая царква. У архітэктурных адносінах сядзіба пабудавана ў неакласічным стылі – калоны, манументальнасць, стрыманы дэкор, архітэктурны франтон. Але архітэктар відавочна належаў да тых, хто неакласіку лічыў спараджэннем мадэрна, а сіметрыю – прыкметай абмежаванасці. І, як вынік, атрымалася вельмі арыгінальная мудрагелістая пабудова.
Сядзібу Катлубаяў назваць сельскім маёнткам складана: 18 пакояў, ляпніна, сцены, упрыгожаныя сцэнамі з антычнай гісторыі, падлога, выкладзеная паркетам і керамічнай пліткай, творы мастацтва і іншае.
Аднак пасля 1917 года лёс сядзібы Катлубаяў у Ястрамбелі быў вырашаны. Апошні яе ўладальнік Зыгмунт Катлубай быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, маёнтак разрабаваны і перададзены ўладзе. Будынак стаў выкарыстоўвацца як дзіцячы дом. Сцены, якія раздзялялі пакоі адзін ад аднаго, былі знесены, у выніку чаго атрымалася адно вялікае памяшканне, прыгожая ляпніна знішчана. Не перажылі ХХ стагоддзе і гаспадарчыя пабудовы, бакавыя флігелі, цагельня і лесапільня, прыгожая алея, якая вяла да сядзібнага дома…
З 1972 года ў будынку размяшчалася школа-інтэрнат. Аднак у 1990-я гады для дзяцей быў пабудаваны новы жылы корпус і, з тых часоў будынак сядзібы пустуе.
Тым часам цікавасць да гэтай славутасці Брэстчыны з кожным годам толькі расце ў турыстаў. Тым больш, што вакол сядзібнага дома захаваўся цудоўны панскі парк, закладзены адначасова з будаўніцтвам сядзібы. Белая таполя, чырвоны дуб, веймутава хвоя – проста рай для батанікаў!
Маёнтак у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна вядомы з XVI стагоддзя, як уласнасць Радзівілаў. З канца XVII стагоддзя Грушаўка больш чым на 200 гадоў стала ўладаннем Рэйтанаў – роду нямецкага паходжання, які перасяліўся ў Рэч Паспалітую прыкладна ў 1600 годзе.
Сядзіба была закладзена Дамінікам Рэйтанам, якому маёнтак адышоў у спадчыну ў 1705 годзе. Яе першапачатковы выгляд вядомы па акварэлі Напалеона Орды.
Адным з сыноў Дамініка быў Тадэвуш Рэйтан, вядомы ў гісторыі, як дэпутат ад Навагрудскай зямлі на Варшаўскім сейме 1773 года. Ён разам са сваім паплечнікам Самуэлем Корсакам спрабаваў не дапусціць зацвярджэння акта першага падзелу Рэчы Паспалітай. У гісторыі захаваліся яго словы, з якімі ён звяртаўся да ўдзельнікаў сейма, заступіўшы сабой выхад з залы пасяджэння: «Забіце мяне, не забівайце Айчыну!». Пасля паражэння на сейме Тадэвуш вярнуўся ў радавую сядзібу, дзе правёў апошнія гады жыцця ў адзіноце, вывучаючы сямейны архіў.
У пачатку XX стагоддзя сядзіба была перабудавана апошнімі ўладальнікамі з роду Рэйтанаў – Іосіфам Рэйтанам і яго жонкай Алінай Гарцінг. На месцы каменнага палаца ўзвялі драўляны дом у стылі мадэрн, які захаваўся да сучаснасці. У доме меліся каналізацыя, вадаправод і электрычнае асвятленне. Акрамя гэтага, гаспадарчыя пабудовы сядзібы дапоўнілі дзве новыя стайні з чырвонай цэглы ў стылі прамысловай неаготыкі і будынак спіртапрыёмніка, сцены якога выкладзены з часанага каменя.
З-за таго, што Іосіф і Аліна не мелі дзяцей, са смерцю Іосіфа Рэйтана ў 1910 годзе спынілася галіна роду Рэйтанаў у Беларусі. Сядзіба перайшла ва ўласнасць роду Грабоўскіх. Генрыхам Грабоўскім на месцы смерці Іосіфа Рэйтана быў ўзведзены магільны склеп.
Бура падзей XX стагоддзя прывяла да спусташэння і заняпаду сядзібы. Падчас Першай сусветнай вайны снарадам, які ўзарваўся побач з адным з флігеляў, быў знішчаны сямейны архіў роду Рэйтанаў. Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі вымусілі Грабоўскіх і Аліну Гарцінг эмігрыраваць, а сядзіба, якая засталася без гаспадароў, была разрабавана. Падпісанне Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе, паводле якой Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы, дазволіла Грабоўскім і Аліне Рэйтан вярнуцца ў Грушаўку. Яны заставаліся яе ўладальнікамі да 1939 года.
У пасляваенны перыяд у сядзібным доме размяшчаўся сельскі клуб. Нейкі час у будынку былі абсталяваны кватэры для мясцовых жыхароў. З 1965 года землі сядзібы адышлі мясцоваму саўгасу, а потым СВК, які да нядаўняга часу выкарыстоўваў комплекс у сваёй гаспадарчай дзейнасці. Былая сядзіба Рэйтанаў знаходзіцца пад аховай дзяржавы і ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Вёска Грымяча – малавядомы, маляўнічы куток краіны, які, як ні дзіўна, можа пахваліцца сваёй жамчужынай старажытнай архітэктуры. Сядзібны дом Пузынаў размясціўся ў паўночнай частцы вёскі, на ўзгорку ў пойме ракі Пульва. Сама вёска размешчана ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці.
Пузыны – княжацкі род, які паходзіць ад Рурыкавічаў, адной з галін якога выступае княжацкі род Агінскіх. Сядзіба Пузынаў – гэта не толькі асобная пабудова, сядзібу і прылеглую тэрыторыю можна лічыць палацава-паркавым ансамблем у поўным сэнсе гэтага слова. У цэнтры экспазіцыі знаходзіцца прыгожы, пабудаваны па канонах позняга класіцызму, аднапавярховы цагляны палац з чатырохсхільным дахам, які адрозніваецца прыгажосцю і надзейнасцю. Фасад будынка ўпрыгожваюць чатыры калоны дарыйскага ордэра. У сядзібна-паркавым ансамблі захаваліся таксама і гаспадарчыя пабудовы, сярод іх фрагменты ледніка, свірана і сыраварні.
У 1933 годзе апошні ўладар з роду Пузынаў прадаў сядзібу палякам. Тыя пераабсталявалі будынак пад школу, якая дзейнічала тут да 1939 года. У савецкі час былая сядзіба выконвала функцыю дзіцячага лагера адпачынку. Асаблівай увагі заслугоўвае цудоўны парк, які займае прысядзібную тэрыторыю. Хоць і невялікі, размясціўся ён вельмі ўдала – на ўзвышшы. Тут адкрываецца цудоўны від на пейзажы вёскі Грымяча і раку Пульва. Калісьці праз увесь парк праходзіла маляўнічая алея грабаў, тут таксама раслі шматлікія экзатычныя віды дрэў. Гуляючы па парку, асобныя віды можна ўбачыць і сёння.
Паселішча Новаберажное на Століншчыне заснаваў адзін з прадстаўнікоў роду Алешаў, адстаўны афіцэр расійскай арміі, па імені Антоній – Цэзар побач з паселішчам Беражное, якое ўжо дванаццаць пакаленняў належала яго продкам. Яго сын Канстанцін, матэматык і астраном, які атрымаў адукацыю ў Германіі, пабудаваў у 1890 годзе цудоўную цагляную сядзібу. Вакол сядзібы вырас маляўнічы англійскі парк, узведзены гаспадарчыя пабудовы, бровар. У вежы будынка ствараецца абсерваторыя для назірання за зоркамі. Апошнім уладальнікам сядзібы быў сын Канстанціна Алешы, названы такім жа імем.
Да 1939 года Заходняя Беларусь была часткай Польшчы, таму Канстанціну ўдалося пражыць у сядзібе яшчэ доўгі час пасля распаду Расійскай імперыі аж да 1941 года, потым Канстанцін Канстанцінавіч з’ехаў у Польшчу. З таго часу звестак аб тым, як выкарыстоўваўся будынак, не засталося.
На сённяшні дзень гэта адна з нямногіх славутасцяў Беларусі, якія так добра захаваліся да нашых часоў. Яна стаіць практычна ў першародным выглядзе. Захавалася частка парка і яго галоўныя алеі. Тут дагэтуль можна пабачыць экзатычныя віды раслін. Парк вакол будынка, створаны больш за стагоддзе таму, але да гэтага часу ўражвае і прыцягвае на фотасесіі мясцовых аматараў фатаграфій.
Вольга СВІРЫДОВІЧ
Далучайцеся да нашага Тэлеграм-канала ТУТ