Для гараджан і турыстаў пешаходная вуліца – гэта перш за ўсё камфортнае месца, дзе можна праводзіць час і адчуць непаўторны настрой горада. Такія вуліцы ёсць у многіх гарадах свету, і, як правіла, яны абавязкова трапляюць на першыя пазіцыі ў турыстычных даведніках. Беларусь – не выключэнне. Некаторыя з «пешаходак» маюць даволі багатую гісторыю, а некаторыя з’явіліся адносна нядаўна, але арганічна дапоўнілі гарадскі каларыт.
У чарговым выпуску праекта прагуляемся па пешаходных вуліцах у розных куточках Брэстчыны, узгадаем іх гісторыю і пабачым як яны змяняліся ў розныя перыяды гісторыі.
Вуліцу Савецкую называюць «Брэсцкім Арбатам». На ёй захаваліся некалькі будынкаў пачатку XX стагоддзя, хоць вуліца некалькі разоў гарэла і зноў была адбудавана. У розны час яна называлася Мільённай, Паліцэйскай, імя Ежы Дамброўскага і нават Генералштрасэ. Працягласць пешаходнай вуліцы ў Брэсце – 1700 метраў.
У канцы XIX – пачатку XX стагоддзя цяперашняя Савецкая была падзелена на дзве часткі: вуліцы Мільённую і Паліцэйскую. У дамах у цэнтры горада жылі ў асноўным заможныя мяшчане. Пра тыя часы сёння нагадвае праваслаўная Свята-Мікалаеўская Брацкая царква. Цяпер яна стаіць на вуглу вуліц Савецкай і Міцкевіча, а ў той час – на вуліцы Мільённай. Драўляны храм у гонар свяціцеля Мікалая пабудавалі ў 1885 годзе, але праз дзесяць гадоў ён згарэў у пажары, які адбыўся у Брэст-Літоўску. У 1906 годзе на яго месцы пабудавалі каменны храм.
У 1919 годзе з Брэст-Літоўска сышлі кайзераўскія войскі, горад апынуўся пад кантролем палякаў. Вуліцы Паліцэйская і Мільённая сталі вуліцай Ежы Дамброўскага – па імені ротмістра, які ўзначальваў кавалерыю, што ўвайшла ў горад. За польскім часам яе выбрукавалі тратуарнай пліткай-трылінкай, а ў начны час пачалі асвятляць электрычнымі ліхтарамі. У 1925 годзе на вуліцы Дамброўскага адкрылася аптэка, якая на тым жа месцы працуе і цяпер. Трохпавярховы дом у стылі мадэрн пабудаваў Саламон Грынберг.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Брэст стаў савецкім горадам. Адпаведна, адна з цэнтральных вуліц стала Савецкай. У 1941-м яе перайменавалі ў вуліцу Тараса Шаўчэнкі, а ў 1943 годзе – у Генералштрасэ. Пасля вызвалення Брэста ў 1944 годзе вуліца зноў стала Савецкай. У 1970-я на апорных сценах Брэсцкай сінагогі пабудавалі новы кінатэатр «Беларусь». Савецкую яшчэ не раз рэканструявалі. Зараз тут можна ўбачыць шмат незвычайных скульптур і помнікаў, пасядзець у шматлікіх кафэ і рэстаранах, і галоўнае, паглядзець на штовячэрні рытуал запальвання ліхтароў.
Узгадаем, што Баранавічы – горад малады, яго станаўленне і развіццё прыйшліся на перыяд маштабнага будаўніцтва чыгункі. Асноўная забудова стогадовай даўніны захавалася і сканцэнтравана на Савецкай вуліцы, а дакладней у месцы яе скрыжавання з «пешаходкай» – бульварам Штоккерау. Дарэчы, у Баранавічах ёсць два бульвары, названыя ў гонар гарадоў-пабрацімаў – фінскага Хэйнала і аўстрыйскага Штоккерау. На бульвары Штоккерау ўсталяваны памятны знак у гонар горада-пабраціма і дзве альтанкі. Таксама тут знаходзяцца кафэ і магазіны.
Сярод славутасцяў бульвара Штоккерау ёсць незвычайны пачастунак. Жыхары Баранавічаў адзначаюць, што ў іх ёсць страва, якую неафіцыйна можна назваць сімвалам горада, гэта – лодачкі. Па вонкавым выглядзе яны нагадваюць хот-дог, але сасіска ці курыца змяшчаюцца на булачку, падобную да лодачкі. Адсюль і назва. Прадаваць лодачкі пачалі яшчэ ў 1990-я, попыт на іх ёсць да гэтага часу.
Бульвар вядзе да ўтульнага і зусім невялікага парка з нетыповай назвай «Малады».
У 2014 годзе да абласных «Дажынак», якія праходзілі ў Пінску, у горадзе вырашылі ўладкаваць пешаходныя вуліцы. Такімі сталі ўчасткі вуліц Леніна і Першамайскай, а таксама Плошча Леніна. Дарэчы, прапановы зрабіць вуліцу Леніна пешаходнай выказваліся яшчэ ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Вуліца, якая цяпер носіць імя Леніна – самая старажытная ў Пінску. Яе працягласць складае 800 метраў. За час свайго існавання яна ўжо змяніла некалькі назваў: спачатку называлася Вялікай Спаскай, затым – Вялікай Францысканскай, Вялікай Кіеўскай. У 20-х гадах мінулага стагоддзя атрымала назву Касцюшкі, а падчас нямецкай акупацыі насіла імя Вялікай.
Пешаходная вуліца нездарма лічыцца адной з ключавых славутасцяў Пінска: практычна на ўсіх будынках, якія тут можна ўбачыць, размешчаны таблічкі «Гісторыка-культурная каштоўнасць». Яны ўяўляюць сабой узор гарадской забудовы мяжы стагоддзяў – канца XIX – пачатку XX ст., якая выдатна захавалася.
Цікава, што збіраючыся прагуляцца па вуліцы, якая тады яшчэ насіла імя Касцюшкі, пінчукі казалі: «Ідзем шпацыраваць па Газу». У гэтым шыфры намяшаныя і польскія, і яўрэйскія словы: Газам называлі галоўную, вялікую вуліцу. Дарэчы, слова «шпацыраваць» сустракаецца ў якасці гутарковага ў беларускай мове, а «шпацыр» – не што іншае, як прагулка пешшу.
Цяпер у пачатку вуліцы стаіць бронзавы помнік жыхару горада – пінчуку. Гэта каларытны вобраз тыповага моцнага паляшука ў характэрнай для тутэйшых ганарлівай позе і з асаблівым жэстам рукі. На пастаменце можна прачытаць «Па-першае, я з Пінска…». Лічыцца, што менавіта па загнутым мізінцу і гэтай фразе пазнаюць карэнных пінчукоў.
Свята збору ўраджаю паўплывала і на аблічча Кобрына. Тут пешаходнай стала вуліца Суворава, размешчаная ў гістарычным цэнтры горада. На ёй жа знаходзіцца дом-сядзіба Аляксандра Суворава і ваенна-гістарычны музей расійскага палкаводца. Яшчэ у 1766 годзе тут з’явілася Губернская вуліца, якая вяла да нядаўна закладзенай на гарадской ускраіне сядзібе адміністрацыйнага маёнтка. Пазней ён перайшоў у валоданне палкаводца Аляксандра Суворава, які жыў тут у 1797 і 1800 гадах, што пасля паўплывала на назву вуліцы.
На плане 1810 года вуліца названа Паштовай. На плане 1858 года яна – Губернская, а на плане, складзеным у 1903 годзе, вуліца, якая вядзе ад рынку ў сядзібу «губерня», пазначаная Сувораўскай.
У адной з архіўных крыніц паказана, што Сувораўскай вуліца стала ў 1864 годзе. Тая ж дата згадваецца і ў «Альбоме сувораўскіх палёў бітваў», дзе надрукаваныя здымкі Сувораўскай вуліцы і Сувораўскага завулка пачатку ХХ стагоддзя. Завулак атрымаў такую назву таму, што менавіта тут Аляксандр Васільевіч праходзіў, накіроўваючыся ў Петрапаўлаўскую царкву. Пасля завулак стаў часткай тэрыторыі храма, які быў перанесены на вуліцу Пінскую (Першамайскую), а на яго месцы пабудаваны гарадскі Дом культуры.
У Польскі перыяд 1921 – 1939 гадоў вуліца была перайменаваная ў Траўгутаву вуліцу, у гонар Рамуальда Траўгута, які жыў на Кобрыншчыне ў XIX стагоддзі. Савецкія ўлады назвалі яе Рэвалюцыйнай. Падчас нямецкай акупацыі яна называлася Ліндэнштрасэ. У 1946 годзе вуліца Рэвалюцыйная стала вуліцай Суворава.
Вольга СВІРЫДОВІЧ