Кінагісторыя Беларусі мае глыбокія карані. Магчыма, калі б не сацыяльныя катаклізмы пачатку ХХ стагоддзя, тут пэўна мог быць свой Галівуд. У музейных фондах і архівах захаваліся запісы, дакументы, фатаграфіі, якія расказваюць, з якім задавальненнем знаёміліся з сінематографам жыхары яшчэ дарэвалюцыйнай Беларусі.
Першы паказ сінематографа Люм’ераў на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбыўся ў 1898 годзе ў Віцебску, а адзін з першых кінатэатраў у прыватным доме, магчыма, быў адкрыты ў 1909 годзе ў Пружанах. Да нашых дзён захавалася прашэнне гарадзенскаму губернатару пра магчымасць адкрыць у Пружанах такі кінатэатр. Усяго ж на тэрыторыі цяперашняй Беларусі да пачатку Першай сусветнай вайны было больш за 50 электратэатраў, дзе круцілі сінематограф.
Першыя сеансы – гэта пераважна хроніка, надзвычайныя здарэнні, падзеі з жыцця царскіх асоб і паказы мод. Поспехам карысталіся і ролікі ў жанры «Клуба кінападарожжаў» – для многіх у той час гэта была адзіная магчымасць убачыць, як жывуць людзі ў іншых краінах.
У Брэсце сінематограф з’явіўся ў 1910-я гады. У даваенны перыяд у горадзе было тры кінатэатры. Нават у гады акупацыі іх праца не спынялася. У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя колькасць кінатэатраў у Брэсце была максімальнай – сем. Цяпер дзейнічаюць дзве ўстановы – «Беларусь» і «Мір».
Білет коштам паўбохана хлеба
Да 1939 года ў Кобрыне працавалі два невялікія кінатэатры – «Эбрамi» (сёння вядомы многім, як былы кінатэатр «17 Верасня») і «Байка».
Будынак кінатэатра «Байка», што належаў гараджаніну Фрэйцкісу, стаяў на месцы гандлёвага цэнтра «Спадарожнік». Працавала ў кінатэатры ўся сям’я ўласніка. Толькі два чалавекі – аператар і прыбірачка – былі наёмнымі. Звычайна па вечарах праходзіла па 2-3 сеансы. На прагляд фільма можна было трапіць у любы час і цешыцца ўсімі трыма сеансамі без дадатковай платы. Новы фільм заўсёды суправаджаўся ажыятажам, а квіток на яго каштаваў даражэй. Праз некалькі дзён, калі наведвальнікаў станавілася менш, уласнік скідаў цану да 10 грошаў (для параўнання: бохан хлеба каштаваў 20). Галоўным чынам паказвалі фільмы заходняй вытворчасці. Небывалую цікавасць у свой час выклікаў савецкі фільм «Волга-Волга». Тым часам Кобрын знаходзіўся ў складзе Польшчы, і людзям было цікава даведацца пра жыццё ў Савецкім Саюзе. На жаль, у час вайны 1941 – 1945 гадоў будынак кінатэатра «Байка» згарэў.
Цяпер будынак № 27 па вуліцы Першамайскай у Кобрыне з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, уваходзіць у склад комплекснай матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Забудова вуліцы Першамайскай». Дакладных звестак пра дату пабудовы будынка няма. Меркуецца, што ён быў пабудаваны ў 1906 – 1907 гадах, у перыяд, калі ішла актыўная забудова вуліцы цаглянымі будынкамі на месцы знішчаных летам 1905 года маштабным гарадскім пажарам драўляных хат. Двухпавярховы цагляны кінатэатр належаў яўрэю па прозвішчы Эбрамі і называўся «Эбрамі».
З’яўленне ў павятовым мястэчку Кобрыне ў пачатку ХХ стагоддзя «сінематографа» ўскалыхнула культурнае жыццё мясцовых жыхароў. Наведанне кінасеансаў стала цікавай формай баўлення часу. У кінатэатры Кобрына дэманстраваліся дакументальныя фільмы савецкай і баявой хронікі, першыя мастацкія кінастужкі працягласцю сеанса ў 15 – 20 хвілін. Гледачы з цікавасцю глядзелі нямое чорна-белае кіно пад акампанемент тапёра, а са з’яўленнем першых гукавых стужак атрымалі магчымасць чуць галасы акцёраў з экрана, што доўгі час выклікала здзіўленне і захапленне публікі.
У 1939 годзе з прыходам у горад савецкай улады кінатэатр быў нацыяналізаваны і пераназваны ў «17 Верасня» – у гонар даты аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР. У пасляваенны перыяд кінатэатр прынялі на баланс Упраўлення кінафікацыі Брэсцкай вобласці, перадалі раённаму аддзелу кінафікацыі.
У 1984 годзе ў Кобрыне з’явіўся новы кінатэатр «Радуга». У ім дзве залы на 300 і 140 месцаў, для дэманстрацыі кіно выкарыстоў-ваецца сучасная тэхніка.
Другога такога «Кастрычніка» няма
У 1909 годзе ў Баранавічах на Марыінскай вуліцы (цяпер вуліца Савецкая) адкрылі першы баранавіцкі кінатэатр – электратэатр «Эдэм». У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ён быў знішчаны. А ўжо 6 лістапада 1947 года ў горадзе адчыніў дзверы кінатэатр «Кастрычнік». Дарэчы, будынак гэтага кінатэатра пачалі ўзводзіць яшчэ да вайны і ёсць меркаванне, што спачатку тут павінен быў быць касцёл…
У мінулым кінатэатр «Кастрычнік» мала нагадваў той будынак, які мы прызвычаіліся бачыць цяпер і які некаторыя дагэтуль называюць шэдэўрам савецкага мадэрнізму. Кінатэатр размясціўся на плошчы Леніна – у месцы, адкуль бярэ свой пачатак вуліца, названая ў гонар Уладзіміра Ільіча.
Кінатэатр «Кастрычнік» – адзін з найстарэйшых у Баранавічах. Сучасны, больш знаёмы гараджанам і гасцям раённага цэнтра выгляд ён набыў значна пазней. У 1975 годзе пачалася рэканструкцыя, у выніку якой да лета 1977 года атрымаўся практычна новы будынак. Да 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі кінатэатр «Кастрычнік» быў урачыста адкрыты зноў.
Верх фасада пакрыты арнаментальнай рашоткай з алюмінію. Яму кантрастуе шкленне першага паверха. Фасад «Кастрычніка» з’яўляецца адмысловай візітнай карткай Баранавічаў, другога падобнага архітэктурнага аб’екта на тэрыторыі Беларусі няма.
Кіно ў «Казіно» ды адзіная «Перамога»
Сінематограф у Пінску з’явіўся дзякуючы купецкаму сыну Давіду Лейбавічу Баярскаму. Па яго ініцыятыве і за яго грошы ў 1912 годзе на скрыжаванні вуліц Інжынернай (цяпер В. Харужай) і Падоўжна-Школьнай (цяпер У. Каржа) з’явіўся будынак кінатэатра «Казіно». Давід Баярскі выкупіў пляцоўку зямлі ў Друйскіх-Любецкіх і пабудаваў будынак у стылі эклектыкі – былі тут элементы мадэрну, неаготыкі і іншых стыляў. Першы кінатэатр у Пінску мог мець назву «Луўр». Але ў апошні момант Давід раздумаў і назваў кінатэатр «Казіно». Гэта назва захавалася аж да 1940-х гадоў, калі савецкая ўлада пераназвала яго ў кінатэатр «Радзіма».
Кінатэатр «Казіно» карыстаўся вялікім поспехам – трапіць на сеанс было непроста. Жадаючых паглядзець кіно было так шмат, што час ад часу адміністрацыя ўладкоўвала дадатковыя глядзельныя месцы. Дарэчы, кінатэатр працаваў без выхадных. Разам з мастацкімі фільмамі ў «Казіно» дэманстравалі навуковае і гістарычнае кіно. Уласнікі былі прасунутымі людзьмі, часта ездзілі за мяжу, дзе імкнуліся пераймаць новыя тэхналогіі – усталёўвалі сучасную апаратуру, круцілі самыя апошнія навінкі кінематографа.
Да 1990-х гадоў кінатэатр не змяняў свайго профілю. У сакавіку 2006 года ў будынку былога кінатэатра адбылося афіцыйнае адкрыццё Палескага драматычнага тэатра.
Звонку будынак захаваў сваё гістарычнае аблічча, хоць і не цалкам, у сярэдзіне ж яно пераабсталявана для працы ў сучасных умовах.
У савецкія часы ў Пінску была шырокая сетка кінатэатраў, гораду належалі «Дружба», «Радзіма», «Перамога». А яшчэ працавалі ведамственныя кінатэатры: клуб 40-годдзя Кастрычніка (ад «Пінскдрэва»), клуб чыгуначнікаў, ДК «Трыкатажнік». Цяпер засталася толькі «Перамога». Адкрыўся кінатэатр 14 лютага 1981 года. Тады ў «Перамогу» прыходзілі кожны дзень да тысячы чалавек, месячны план быў па наведанні 25 – 30 тысяч чалавек.
Як хлопцы дынама-машыну круцілі…
Як і сам горад, гэтак жа і ўсе ўстановы культуры сваім з’яўленнем у Лунінцы абавязаны чыгунцы. У чыгуначным садзе ў 1912 годзе быў адкрыты клуб і адбыліся першыя кінапаказы. У польскі перыяд гэты кінатэатр атрымаў назву «Агніска» («Паходня»). Цяпер на месцы былых сада, парка-сквера і клуба размясцілі стадыён «Палессе».
Больш даступны для лунінчан, а значыць, і больш вядомы з 1920-х гадоў стаў іншы адрас «сінематографа» – каля царквы. У вялікім драўляным будынку, частку якога займала пажарнае дэпо, размясцілі кіназалу нямога кіно, якая мела назву «Фартуна». Кінасеансы праходзілі пры газавых лямпах, а для запуску кінапраектара выкарыстоўвалася дынама-машына, якую па чарзе круцілі чацвёра маладых хлопцаў, спецыяльна нанятых для гэтай мэты. Цяпер будынак знесены, а на яго месцы ўсталяваны камень з геральдычнымі знакамі Лунінца.
У 1930-я гады польскія ўлады пабудавалі кінатэатр, у склепе якога былі піцейныя ўстановы. Ён функцыянаваў і ў перыяд акупацыі для нямецкіх салдатаў і афіцэраў, вайсковай адміністрацыі. Пры адступленні фашысты падарвалі будынак. На яго месцы пазней быў пабудаваны магазін.
Вядома ж, кінастужкі глядзелі пераважна гараджане. Пасля падзей верасня 1939 года для сельскіх жыхароў, большасць якіх упершыню ўбачыла гэты «цуд», новыя, савецкія фільмы паказвалі нават на плошчы перад першай школай. Побач стаяла аптэка, на сцяну якой вешалі прасціну і па вечарах дэманстравалі кіно – «Мы з Кранштадта», «Трылогія пра Максіма»…
У канцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў кінатэатр размяшчаўся ў гандлёвых радах на Прывакзальнай плошчы. Пад кіназалу прыстасавалі доўгае памяшканне. Гледачы ўваходзілі з боку Прывакзальнай плошчы, а выходзілі на цяперашнюю вуліцу Фрунзе. Кінатэатр спачатку называлі «УБАР» (па абрэвіятуры арганізацыі, да якой ён адносіўся: Упраўленне будаўнічых і аднаўленчых работ), а потым «Камсамолец».
У той час за фільмамі, галоўным чынам трафейнымі, ездзілі ў абласны цэнтр і ў Пінск. Глядзелі кінастужкі па некалькі гадзін разам з камісіяй з абкама партыі. Калі ў фільме, напрыклад, была сцэна з пацалункам, яго спісвалі.
Калі ўстала пытанне пра будаўніцтва ў Лунінцы новага кінатэатра, прапанавалі праект невялікай залы, маўляў, для глыбінкі Палесся і такога будзе дастаткова. Кажуць, што Лунінцу вельмі пашчасціла атрымаць праект абласнога кінатэатра. Урачыстае адкрыццё кінатэатра «Кастрычнік» было вясной 1961 года. Па ўспамінах тагачасных школьнікаў, паказвалі фільм «Дзявочая вясна».
Вольга СВІРЫДОВІЧ