Здавалася б, перажыць драўлянаму будынку некалькі стагоддзяў, падчас якіх былі і войны, і пажары, – нерэальна. Аднак толькі ў Брэсцкай вобласці захаваліся сотні культавых збудаванняў з дрэва. У большасці гэта цэрквы. І кожная з іх ўнікальная, не падобная на астатнія.
Вядома ж, драўляныя пабудовы ў параўнанні з каменнымі хутчэй разбураюцца і лёгка гараць. Таму ў былыя часы, калі ў беларускіх магнатаў з’явіліся сродкі і магчымасці ўзводзіць даўгавечныя каменныя храмы і сядзібы, драўлянае дойлідства адышло на другі план, але не забылася і нікуды не знікла. Сёння старажытныя драўляныя пабудовы выклікаюць вялікую цікавасць у турыстаў. Некаторыя з іх перабудоўваліся ці былі дапоўнены нейкімі дэталямі, аднак усё ж змаглі захаваць пераважна аўтэнтычны выгляд. У сённяшнім выпуску ўзгадаем толькі некалькі ўнікальных помнікаў архітэктуры ў розных куточках Брэстчыны, якія трапілі на старыя фотаздымкі. Узгадаем іх адметнасці і найбольш цікавыя факты з гісторыі існавання.
Невялікая Свята-Мікіцкая царква ў вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна – адзін з самых старых драўляных храмаў у Беларусі. Часам яе пабудовы лічыцца 1502 год. Стары храм на беразе ракі Мухавец пабудаваны ў традыцыях заходнепалескай архітэктуры. Але пасля рэканструкцыі ў 1787 годзе ён набыў яшчэ і рысы барока. Гэтую царкву часта наведвалі прадстаўнікі роду Касцюшкі. Каля царквы пабудавана невялікая драўляная званіца. Таксама ў храме захоўваецца старажытная ікона Маці Божай Адзігітрыі, напісаная ў сярэдзіне XVI стагоддзя.
Знешнім выглядам Свята-Мікіцкая царква ў Здзітаве зусім не ўражвае: невялікая драўляная цэркаўка, якіх не так ужо і мала ў Беларусі. Але сапраўдныя аматары гісторыі абавязкова ацэняць пабудову. Толькі ўявіце: пакуль іншыя шматлікія драўляныя святыні знішчаліся войнамі, пажарамі, часам, царква ў Здзітаве мірна пражывала стагоддзе за стагоддзем. Вядома, будынак не раз рэканструяваўся, і за апошнія стагоддзі яго аблічча моцна змянілася, але, тым не менш, сёння пабудова прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Для больш дакладнага разумення гістарычнага перыяду ўявіце, што гэта былі часы дзейнасці беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны, а ўсяго за дзесяць гадоў да першага ўзгадвання царквы Хрыстафор Калумб даплыў да берагоў Амерыкі.
Вытокі храма звязаны з імем Івана Мікітавіча Гурына. Сын у памяць аб бацьку і ў гонар яго нябеснага заступніка, велікамучаніка Мікіты пабудаваў царкву і прызначыў на службу святара Саву. Пра гэта і гаворыцца ў першым згадванні пра здзітаўскі храм 15 студзеня 1502 года. Дарэчы, дадзены запіс быў зроблены ў Берасцейскім замку.
Дзівінская царква Параскевы Пятніцы ў Кобрынскім раёне ўзвышаецца пры ўездзе ў мястэчка і цікавая найперш тым, што, насуперак праваслаўнай традыцыі, размешчаны алтаром на паўночны захад, а не на ўсход.
За сваё доўгае жыццё царква Параскевы Пятніцы неаднаразова перабудоўвалася. Першы будынак на гэтым месцы быў узведзены намаганнямі Яна Антонія Ваяводскага ў 1728 годзе (па іншых крыніцах у 1740-м). Гэта была драўляная царква з асобна стаячай драўлянай званіцай.
За час існавання будынак здрахлеў, таму ў 1886 годзе царкву капітальна адрамантавалі. У Першую сусветную вайну царква была пашкоджана пажарам, але нязначна. Кайзераўскія салдаты на тры гады размясцілі ў храме казармы. У 1917 годзе царкву зноў аднавілі. І служба ў храме вялася да 1962 года, калі ў часы «хрушчоўскай адлігі» яе закрылі на доўгія 30 гадоў. Нейкі час памяшканне выкарыстоўвалася пад склад. Нанова адрамантавалі будынак у 90-я гады ўжо ХХ стагоддзя. Адкрылі царкву пры вялікай колькасці народа ў 1991 годзе.
Па мясцовых легендах у гэтым храме ў розны час служылі малебны такія значныя гістарычныя асобы, як Тадэвуш Касцюшка і Аляксандр Сувораў.
Вёска Паланечка Баранавіцкага раёна некалі належала Радзівілам. І калі іх сядзібны дом сёння ўжо не ўражвае, то пабудаваны імі ж касцёл да гэтага часу прыгожы і прыбраны.
У 1751 годзе ў Паланечцы, недалёка ад палаца Радзівілаў, узвялі драўляны каталіцкі храм, асвечаны ў імя святога Юрыя. У 1899 годзе стары будынак поўнасцю перабудавалі. Новы храм быў таксама з дрэва. У архітэктуры двухвежавай пабудовы змяшаліся розныя стылі, але больш за ўсё праглядаецца неаготыка: спічастыя вокны, геаметрычныя накладныя дэталі. Над праектам працаваў варшаўскі архітэктар Вайцяхоўскі. Яшчэ да завяршэння будаўніцтва з Вільні прыбыў спецыяльна выраблены для паланецкага касцёла арган.
Асобную ўвагу трэба надаць касцельнаму інтэр’еру. У вытанчаным разным алтары знаходзіцца ўшанаваны старадаўні абраз Маці Божай Малітанскай у залатой кароне. Побач з ім абразы XVIII – XIX стагоддзяў. На сценах – мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя роду князёў Радзівілаў.
У касцёле святога Юрыя ў Паланечцы хрысцілі Ігната Дамейку – будучага нацыянальнага героя Чылі, выбітнага вучонага і асветніка, ураджэнца суседняга маёнтка ў Мядзведцы.
ДАВЫД-ГАРАДОК. Царква святога Георгія
Царква святога Георгія ў Давыд-Гарадку пабудавана ў другой палове XVII стагоддзя майстрамі Усходнепалескай школы і з’яўляецца адным з некалькіх помнікаў драўлянага дойлідства, якія захаваліся на Століншчыне.
Святы Георгій, у памяць аб якім была названа царква, шануецца ў ліку святых з часу ранняга хрысціянства. Ён заступнік ваяроў, таксама апякун земляробаў і пастухоў. Нават само імя Георгій у перакладзе з грэчаскага азначае «земляроб». Акрамя таго, святы з’яўляецца апекуном падарожнікаў.
Сапраўдны гонара царквы – драўляны разны іканастас, які дайшоў да нас з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Ён створаны ў 1751 годзе ў стылі барока, усталяваны на высокім цокалі з маляўнічымі кампазіцыямі, багата распісаны і аздоблены асобнымі пазалочанымі разнымі накладкамі. Царская ж брама гэтага яркага ўзору народнай творчасці сваёй эпохі сёння захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі ў Мінску.
Вольга СВІРЫДОВІЧ