Главная - Новости - Новости из общественной жизни - Пінск прымаў удзельнікаў абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Радавод»

Пінск прымаў удзельнікаў абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Радавод»

Пінск прымаў удзельнікаў абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва «Радавод»

20-21 мая ў сталіцы Палесся праходзіў восьмы абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”. У гэтым годзе фестываль прысвечаны аб’яўленаму ў нашай краіне Году гістарычнай памяці. Больш за тры тысячы дзяцей і падлеткаў прынялі ўдзел у фестывалі, 800 – сталі фіналістамі ў розных намінацыях.

 

Дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці Віктар Іваноў, адкрываючы фестываль, адзначыў:

 

–Прыемна, што абласны фестываль, які мы праводзім ужо шмат гадоў, развіваецца і паспяхова заяўляе пра сябе. Яго ведаюць не толькі на Брэстчыне. Гэта сапраўднае свята, мэта якога – захаванне самабытных беларускіх традыцый сярод дзяцей і моладзі. Жадаю ўсім выдатных выступленняў і добрых эмоцый!

 

 

 

 

У першы дзень удзельнікаў фестывалю гацінна прыняў Музей Беларускага Палесся. У яго залах прайшла навукова-практычная канферэнцыя па выніках конкурсаў відэакліпаў “Берасцейская талакуха” і дзіцячых навукова-даследчых работ “Фальклорная спадчына”, а таксама конкурс юных майстроў народных промыслаў.

 

20 мая фестываль зноў сабраў сяброў. Лепшыя фальклорныя калектывы вобласці пазнаёмілі з абрадамі і традыцыямі сваіх рэгіёнаў, прайшлі майстар-класы па народным промыслам, якія беражліва захоўваюць этнаграфічныя гурткі і фальклорныя дзіцячыя калектывы ўстаноў адукацыі і цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэсцкай вобласці.

 

 

У гарадскім Доме культуры сваё майстэрства ў народных побытавых танцах паказалі танцавальныя пары, а таксама выступілі юныя акцёры тэатраў лялек “Батлейка”. Прыемна ўразілі незвычайна прыгожымі вобразамі ўдзельнікі конкурса касцюмаў у стылі “фольк-мадэрн”.

 

 

На пінскай пешаходнай вуліцы працаваў горад майстроў, дзе прадэманстравалі цікавыя работы ў такіх тэхніках, як ткацтва, выцінанка, ганчарства, вязанне, вышыўка, роспіс па шкле, саломапляценне, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўсіх рэгіёнаў. Паўсюль выступалі фальклорныя інструментальныя групы, якія гучна гралі і звонка выконвалі традыцыйныя песні, стваралі добры настрой ўсім гледачам. Не сапсавала яго нават даждлівае надвор’е.

 

 

А колькі смачных традыцыйных беларускіх страў можна было пакаштаваць на пляцоўцы “Бабуліна кухня”! Тут клёцкі, дранікі, наліснікі, бульбяная бабка, вяндліна, сала, смажань, пірагі, суп з лісічкамі, дамашнія каўбасы і сыры і шмат чаго яшчэ. Усімі гэтымі прысмакамі шчодра частавалі гасцей фестывалю.
Лепшыя калектывы вобласці выступілі на гала-канцэрце, дзе атрымалі заслужананыя ўзнагароды.

 

Наталля МІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика