Пастаўлена кропка ў датаванні райцэнтра – горада Іванава, які раней меў статус мястэчка і называўся Янавам.
Каб высветліць дату ўзнікнення населенага пункта, прадстаўнікі мясцовай улады звярнуліся да спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кіраўніком даследчай работы быў прызначаны Аляксандр Доўнар – загадчык аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стст. і археаграфіі Інстытута гісторыі НАНБ.
У выніку крыніцазнаўчага пошуку інфармацыі навукоўцу ўдалося высветліць, што першая згадка пра населены пункт Янава ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1617 года. Аб гэтым засведчана ў дакуменце ад 1 жніўня 1617 года аб дазволе падзелу зямель паміж братамі Пратасевічамі – гаспадарамі маёнтка Магільнае. У далейшым тут было заснавана мястэчка Янава. Цяпер Магільна – частка горада.
Наталля КРЫВЕЦКАЯ