Ужо больш за сем гадоў няма з намі мастака Міхаіла Канькова. Ён пайшоў вельмі рана, 16 красавіка 2015 года. Міхаіл Карнілавіч рыхтаваў экспазіцыю чарговай выставы, сам пераносіў вяікіх памераў палотны ў рамах, развешваў на сцены выставачнай залы. Можна сказаць, што перасіліўся. Ён увогуле любіў сам рабіць экспазіцыі, развешваць работы мастакоў.
Яго адсутнасць у Брэсце асабліва адчуваецца на вуліцы Савецкай, 54 у выставачнай зале АГКЦ упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, дзе Міхаіл Канькоў пэўны час працаваў загадчыкам шмат апошніх гадоў жыцця, бо да яго заўжды можна было проста зайсці, пагаварыць пра мастакоўскія навіны, пра культурнае жыццё краіны, горада, вобласці, увогуле пра ўсё тое, што цікавіць творчага чалавека, неабыякавага да навакольнага жыцця і творчага працэсу калег…
Упершыню я сутыкнуўся з творчасцю таленавітага мастака, пабачыў жывапісныя творы Міхаіла Канькова ў 1976 годзе, калі вясною вярнуўся са службы ў войску, у доме маёй аднакласніцы Лізы Данілюк (яе старэйшая сястра Ліда была ўжо на той час жонкай мастака). Гэта былі яе партрэты, якія Міхаіл зрабіў да дня нараджэння дзяўчыны. Яны мне вельмі спадабаліся. У школе я і сам шмат маляваў, алоўкам рабіў на ўроках накіды аднакласнікаў і настаўнікаў, а ўжо дома пісаў невялікія алейныя партрэты на грунтаваным кардоне. Ліза аднойчы паказала іх сваяку – мастаку Міхаілу Канькову. Той даў у цэлым станоўчы водгук, хаця і зрабіў нейкія заўвагі. Так мы пазнаёміліся, спачатку – завочна, а праз нейкі час – і асабіста.
Нарадзіўся Міхаіл Карнілавіч 16 кастрычніка 1947 года ў вёсцы Пачашова Глазаўскага раёна ва Удмурціі (Расія). Бацьку ўпершыню пабачыў у шэсць гадоў, калі той пасля смерці Сталіна быў амнісціраваны, пабыўшы ў лагеры на Калыме (пасля вайны сапёр-франтавік, удзельнік Фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў, Карніла Канькоў атрымаў дзесяць год пазбаўлення волі).
Хлопчык Міша марыў навучыцца маляваць. А пачыналася здзяйсненне мары з удзелу ў конкурсе ў шостым класе. Намаляваў зайца і атрымаў за гэта першую прэмію ды альбом для малявання і каляровыя алоўкі ў дадатак… У яго быў прыклад старэйшага брата, які вучыўся на мастацка-графічным факультэце Іжэўскага педінстытута.
Пасля заканчэння школы пайшоў вучыцца ў каменярэзным мастацкім вучылішчы ў горадзе Кунгур Пермскай вобласці па спецыяльнасці «Мастацкая апрацоўка каменя», потым служыў у войску ў Брэсце. Тут і застаўся пасля заканчэння службы ў 1968 годзе, бо пакахаў мясцовую прыгажуню Ліду, з якой потым і ажаніўся… Самым шчаслівым днём у сваім жыцці лічыў дзень 30 красавіка 1967 года, калі сустрэў сваю будучую жонку, а яшчэ той дзень, калі нарадзілася першая дачка Маша…
Пазней Міхаіл Карнілавіч працаваў метадыстам па выяўленчым мастацтве ў абласным Доме народнай творчасці (1968 – 1972), мастаком-афарміцелем на розных прадпрыемствах горада. У 1994 годзе Міхаіл Канькоў стаў членам ГА «Беларускі саюз мастакоў», а з 1995 года на працягу дзесяці гадоў быў старшынёй праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі гэтага Саюза (1995 – 2004). Узнагароджаны медалём БСМ «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» ў 1998 годзе. Быў удзельнікам мастацкіх выстаў з 1970 года.
У вытворча-мастацкім камбінаце «Мастацтва» Міхаіл Канькоў стаў лепшым мастаком-афарміцелем прадпрыемства. Афармленне стэндаў, інтэр’ераў было яго любімай працай. Ён заўжды рабіў сваю працу адказна, акуратна і якасна. Яму падабаўся сам працэс творчай работы, пачынаючы ад грунтоўкі планшэтаў і змешвання фарбаў.
Памятаю, з якой апантанасцю Міхаіл Канькоў рабіў жывапіснае пано ў майстэрні па вуліцы Гогаля, 54 для чарговага свята Вялікага Кастрычніка ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Было з каго браць станоўчы прыклад і для сябе, бо даводзілася таксама шмат рабіць афарміцельскіх работ і ў сваёй творча-вытворчай біяграфіі. Пазней Канькоў з Малахавым былі членамі мастацкага савета пры рэкламным камбінаце Брэсцкага аблспажыўсаюза, дзе я працаваў з канца 1990-х гадоў…
Працяглы час Канькоў працаваў сумесна з Барысам Малахавым, які меў архітэктурную адукацыю. Вынікам іх сумеснай працы стала афармленне Музея выратаваныя мастацкія каштоўнасці па вуліцы Леніна, Дома грамадзянскіх абрадаў, многіх школ, бальніц, паліклінік, палацаў культуры, дзіцячых садкоў у абласным цэнтры, Музея хлеба ў вёсцы Расна Камянецкага раёна. Працаваў Міхаіл Карнілавіч там таксама і галоўным мастаком (1991 – 1999).
Але гэта ўсяго толькі адзін бок творчасці Міхаіла Канькова. Другі – яго жывапісныя і графічныя творы. На рахунку мастака шмат палотнаў, якія пакінулі адметны след у беларускім выяўленчым мастацтве: «Снегапад», «Патоплены карабель-І», «Патоплены карабель-ІІ», «Пейзаж з самотнаю лодкаю», «Сёстры» (прысвячаецца мастаку Барысаву-Мусатаву), «Старое кафэ».
Міхаіл Канькоў – мастак міфаў, ілюзій і асацыяцый… У фантасмагарычным калейдаскопе колераў, фарбаў, у скрыжаванні і паралелях колеравых ліній адлюстроўваюцца шматгранныя пачуцці аўтара, яго адносіны да сучаснасці, гісторыі, чалавека… І ў кожнай карціне заўсёды ёсць за што «зачапіцца» воку, каб адшукаць галоўную ідэю, адшукаць адпраўную кропку кампазіцыі, сэнсу мастацкага палатна. Гэта асабліва праяўляецца ў такіх творах, як «Шпацыр па асеннім парку», «Радасць», «Сон у летнюю ноч», «Слёзы капалі», «Прысвячэнне крэпасці», «Мой горад».
З дапамогай свайго мастацтва Міхаіл Канькоў прабіваўся да сэрцаў людзей, ствараў такі мастацкі асяродак, у якім можна было б уздзейнічаць на свядомасць чалавека, прыняць удзел у нетаропкай размове-роздуме. Недарма, будучы загадчыкам выставачнай залы, пачаў арганізоўваць працу з маладымі мастакамі, рабіць маладзёжныя выставы «Усе разам», якія працягваюцца і ў цяперашні час, даючы маладым выстаўляцца, паказваць свае новыя творы, знаёміць аматараў выяўленчага мастацтва і гараджан з гасцямі з новымі творамі…
У 2013 годзе 16 кастрычніка ў дзень народзінаў (споўнілася 66 гадоў) у абноўленай выставачнай зале пасля рамонту па вуліцы Савецкай, 54 Міхаіл Канькоў правёў персанальную выставу «Праплываюць аблокі, раплываюць…», задуманую яшчэ ў 2011 годзе і зробленую паводле слоў расійскага паэта Іосіфа Бродскага з любімага верша.
Мастак, прачытаўшы той верш, загарэўся ідэяй стварыць цыкл жывапісных работ. І ўжо тады вырашыў, што паэзія Іосіфа Бродскага, і менавіта агучаны вышэй верш, арганічна ўпісваецца ў сучаснае жыццё… Правесці раней гэтую выставу не дазволіў стан ягонага здароўя. Я быў тады сведкам працы Міхаіла Карнілавіча над жывапіснымі творамі для той выставы, таму добра ўяўляю і сёння, як мастак працаваў, тварыў, каб паспець зрабіць выставу, каб усё атрымалася… І ў яго гэта добра адбылося сапраўды! Да таго ж на адкрыцці выставы быў прадстаўлены і альбом-каталог работ мастака, у якім змешчана больш за 80 ягоных жывапісных і графічных работ, якія былі створаны ў розныя гады. Па ранейшым і апошнім творам раскрываюцца менавіта творчыя дасягенні мастака ў розныя перыяды.
«Я жыву ў намаляваным свеце», – так вызначыў канцэпцыю сваёй персанальнай выставы Міхаіл Канькоў. Яна доўга прыцягвала ўвагу сапраўдных прыхільнікаў яго творчасці. І пакуль «Начная птушка» зазірала ў «Паралельнае акно», мы пільна і засяроджана ўглядаліся ў карціны мастака, кожны раз знаходзячы ў іх нешта новае для сябе, нязведанае. У апошнія гады выразна праявіўся і яшчэ адзін адметны бок творчасці мастака Канькова – стварэнне абразоў. Тут найбольш значныя работы з серыі «Дакрананне да Дыянісія»: «Архангел Міхаіл», «Божая Маці», «Архангел Гаўрыіл», «Дзмітрый Салунскі».
Яго творы здзіўляюць, хвалююць, прымушаюць прыпыніцца амаль на фізічнай … гармоніі складаных таноў пра настрой, з якім ён тварыў. Яны нясуць у сабе ўнутранае святло, якое бачыў кожны, хто яго ведаў, і якім ён дзяліўся са сваімі прыхільнікамі-гледачамі…
Пахавалі Міхаіла Карнілавіча Канькова 18 красавіка 2015 года на могілках «Плоска».
З 6 па 16 кастрычніка 2016 года ў выставачнай зале ДзУК «Брэсцкі АГКЦ» адбылася мастацкая выстава «Знікаючыя нябёсы», прысвечаная памяці таленавітага мастака Міхаіла Карнілавіча Канькова. Экспазіцыю склалі 52 творы, а назва выставы – ад назвы аднаго з жывапісных твораў мастака. А 14 кастрычніка прайшла вечарына памяці «Мастак. Асоба. Чалавек.», на якой сабраліся блізкія і родныя людзі, калегі і сябры, каб выказаць даніну пашаны і памяці вядомаму мастаку, які пакінуў не толькі багатую творчую спадчыну, але і светлую памяць пра сябе як пра чалавека-сябра, чалавека-калегу, добрага сем’яніна…
Для Лідзіі Мікалаеўны Каньковай, удавы мастака, без Міхаіла Карнілавіча зараз так жа самотна, як было і раней, калі ён быў жывы. Але ж тады муж увечары вяртаўся дадому, а цяпер – не… Лідзія Мікалаеўна пра яго думае і моліцца за яго кожны дзень. Міхаіл Канькоў шмат працаваў як мастак, як грамадскі дзеяч, а ёй так хацелася, каб дома, з сям’ёй, бываў больш часу… Мастак Міхаіл Канькоў жыў і працаваў у «намаляваным свеце», а сямейнікі – крыху ў іншым, больш прыземленым.
Леанід ВАЛАСЮК, г. Брэст