У Лунінцы ёсць месца, дзе смачнымі карункавымі блінамі частуюць не толькі на Масленіцу, але і штодня. Невялікае кафэ носіць красамоўную назву «БлінКава». Яго ўладальніца – Ганна Паўлюкевіч-Жук – чалавек безумоўна захоплены справай, якой прысвячае ўвесь свой час.
Акрамя «БлінКавы» папулярнасцю ў гараджан карыстаюцца невялікія кавярні «Блізка» і «ПіліЕлі». Утульным святлом прывячае наведвальнікаў двухпавярховая драўляная эстакада. Здавалася б, яна больш прыстасавана для правядзення вольнага часу ў цёплую пару года, але не пустуе і сёлетняй халоднай зімой. Гаспадары паклапаціліся пра тое, каб тут заўсёды было ўтульна.
У кожнай з кропак грамадскага харчавання Ганна Валер’еўна імкнецца захаваць каларыт родных мясцін. Нагадвае пра яго беларуская мова, фотаздымкі старога Лунінца на сценах і тая непаўторная адухоўленасць, якая ўласціва толькі сагрэтаму шчырай любоўю інтэр’еру. Ёсць жывая музыка. Пакуль інструменты адпачываюць, але не за гарамі вясна, якая разам з прыродай абудзіць і іх.
А нядаўна непадалёк ад пералічаных кропак у вялікім старым чыгуначным вагоне, раней падзеленым на купэ, Ганна Паўлюкевіч адкрыла яшчэ адно кафэ.
– Гэта была мая мара, мой праект, увасобіць які ў жыццё дапамог муж, – расказвае Ганна Паўлюкевіч-Жук. – З Ігарам заўсёды разам, ён – мая падтрымка, мае крылы. Памятаючы, што менавіта чыгунка дала імпульс развіццю Лунінца, марыла нейкім своеасаблівым чынам нагадваць пра гэта землякам. Не было праблемы знайсці стары спісаны вагон. Асноўная цяжкасць – прайсці ўсе ўзгадненні і даставіць яго да месца прызначэння. Не буду ўспамінаць складанасці, з якімі давялося сутыкнуцца падчас рэалізацыі амбіцыёзнай задумкі. Галоўнае – усё атрымалася і пасля Нараджэння Хрыстова вагон-кафэ расчыніў свае дзверы.
Не магла не пацікавіцца ў субяседніцы: як на фоне павальнага закрыцця на Лунінеччыне кропак грамадскага харчавання ёй удаецца не толькі заставацца на плыву, але і брацца за новыя праекты.
– Мой маленькі сакрэт – працаваць самой, з раніцы і да позняга вечара, – тлумачыць Ганна Паўлюкевіч-Жук. – Вельмі ўдзячна свекрыві Таццяне Іосіфаўне Жук, якая ўзяла на сябе частку клопатаў пра нашага сына-першакласніка. Мы ж пакуль жывем на рабоце. Грамадскае харчаванне – далёка не тая сфера, дзе можна зарабіць вялікія грошы, але мне падабаецца дарыць людзям радасць. Заўсёды з задавальненнем адзначаю, што наведвальнікі, якія завіталі да нас хоць аднойчы, потым абавязкова вяртаюцца. Прычым нейкіх узроставых абмежаванняў няма: мы не гандлюем моцнымі напоямі. Вельмі спадзяюся, што ў нядзелю, на Масленіцу, у чарговы раз здолеем падарыць землякам і гасцям сапраўднае цёплае народнае свята. Ва ўсялякім выпадку будзем вельмі старацца!
Таццяна ПЯТРОВА
Фота аўтара