Ці можа звычайная лячэбная працэдура ператварыцца ў вечар паэзіі? У тэхніка-масажыста Брэсцкай гарадской паліклінікі №5 Фёдара Галавача так часта і атрымліваецца. Малады спецыяліст дапамагае сваім пацыентам не толькі праз прафесійнае валоданне рукамі, але і стварэннем падчас сеанса асаблівай атмасферы з выкарыстаннем паэтычнага слова. Дарэчы у свае 24 гады таленавіты хлопец ужо з’яўляецца аўтарам беларускамоўнага паэтычнага зборніка.
Пісаць вершы Фёдар пачаў яшчэ ў школьны час, у 2016 годзе. Па першай адукацыі ён гісторык-палітолаг (скончыў гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна). Па другой – тэхнік-масажыст з дыпломам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.
– Фёдар Іванавіч чалавек эрудзіраваны, добразычлівы і ўважлівы ў адносінах да пацыентаў, з жаданнем дапамагчы кожнаму, – сведчыць загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Брэсцкай гарадской паліклінікі №5 Ала Нілава. – Ён валодае некалькімі відамі тэхнікамі масажу, зацікаўлены ў прафесійным росце, добры сябра, таварыш, калега і чалавек. Нягледзячы на малады ўзрост, хлопец мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, з’яўляецца членам Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», удзельнічае ў яго мерапрыемствах. Нядаўна прадставіў свой верш «Беларускім жанчынам» на творчым конкурсе «Золотое перо „Белой Руси“ – 2026» і ўзнагароджаны граматай.
– Працаваць ў паліклініцы мне падабаецца, і мае пацыенты задаволены. Калі даведваюцца, што пішу вершы, просяць прачытаць. А паколькі працую ў другую змену, працэдура часта ператвараецца ў паэтычны вечар, – расказвае Фёдар Галавач. – Лечыць не толькі масаж, але і атмасфера, у якой знаходзіцца пацыент. Псіхалагічны аспект заўсёды важны! Калі не падтрымліваць чалавека, нават добра падабранае лячэнне можа не дапамагчы. Задача медыкаў не толькі фізічна аказаць уздзеянне на арганізм, але і псіхалагічна падтрымаць чалавека, надаць бадзёрасці, упэўненасці. Такім сродкам псіхалагічнай падтрымкі хворых я лічу паэзію.
Фёдар Іванавіч упэўнены, што калі чалавек слухае вершы, ён на некалькі хвілін адыходзіць ад сваіх рэальных праблем, атрымлівае асалоду не толькі ад самога масажу, але і ад таго, што пераключыўся на іншыя каштоўнасці – прыроду, каханне, любоў да радзімы…
– На тое, што я пачаў пісаць вершы, паўплывалі настаўнікі гісторыі Вячаслаў Цiмафеевiч Ігнацюк і, беларускай мовы і літаратуры Святлана Мікалаеўна Грэчанка, якая і цяпер сочыць за маёй творчасцю, дае парады. Таксама сказалася маё захапленне патрыятычнымі творамі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, – распавядае Фёдар Галавач. – Першы ўласны верш «Спадчына» я напісаў у 15 гадоў. На самападрыхтоўцы заняцца не было чым, бо ўрокі зрабіў. Нечакана сталі з’яўляцца радкі. Паказаў выхавацелю Іне Анатольеўне, а яна: «Малайчына! Трэба аднесці ў рэдакцыю!». І мы сапраўды пайшлі ў рэдакцыю Жабінкаўскай раённай газеты.
Фёдар неаднаразова друкаваўся ў раёнцы. Творы маладога аўтара трапілі і на старонкі трох калектыўных зборнікаў: «Разноцветие», «Вясёлка» літаратурнага клуба «Літара», а таксама «Словы і Фарбы» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.
Поспех прыйшоў не адразу. Ён склаўся з шэрагу пэўных перамог у барацьбе з няпростым лёсам. Справа ў тым, што з васьмімесячнага ўзросту Федзя, які нарадзіўся ў вёсцы Малыя Радванічы Брэсцкага раёна, выхоўваўся ў дамах для дзяцей-сірот. Спачатку ў Пінску, потым у Кобрыне. Адзінаццаць гадоў ён вучыўся і жыў у Жабінкаўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку.
– Я звыкся з тым, што ў жыцці адзін, з маленства ўсё раблю сам. Гэта ўмацоўвае мяне псіхалагічна і гартуе характар, – гаворыць малады чалавек. – Шчыра радуюся, калі людзі з няпростым лёсам не губляюць надзеі, а стараюцца нечага дасягнуць, паказаць сябе. Гэта разбівае стэрэатыпы наконт дзяцей з інтэрнатаў, быццам бы яны са зніжанным інтэлектам, нічога не могуць.
Фёдар прызнаецца, што задаволены тым, чаго дасягнуў. І мала хто ведае, якія перажыванні папярэднічалі яго духоўнаму сталенню.
– Дзесяць гадоў таму памёр мой старэйшы брат. На яго пахаванні ўсе плакалі, а я, чатырнаццацігадовы, здавалася, ніяк не рэагаваў. Але пасля гэтай падзеі хутка пасталеў: з’явіліся сур’ёзныя думкі, змяніліся прыярытэты і светапогляд, пайшлі вершы, – расказвае хлопец. – Так, я вельмі ўдзячны сваім настаўнікам і выхавацелям: яны зрабілі з мяне перш за ўсё чалавека, які і мае дзве адукацыі, цiкавіцца беларускай паэзіяй, працуе на карысць роднага краю.
Некалі Фёдар увогуле не думаў, што звяжа свой лёс з медыцынай. У 2022 годзе ён скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт і сустрэўся з пытаннем: а дзе адпрацоўваць? Паўгода займаўся гуртковай работай у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Брэста, пасля ўладкаваўся ў альма-матэр на кафедру славянскiх народаў спецыялістам па суправаджэнні навучальнага працэсу. Нягледзячы на абавязковую адпрацоўку па вышэйшай адукацыі, Фёдар паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медкаледж.
– Планавалася, што буду вучыцца і адначасова адпрацоўваць у Гродне, а калі не змагу знайсці працу, вазьму акадэмічны адпачынак і вярнуся ва ўніверсітэт, – гаворыць ён. – Планы парушыла праблема адслойкі сятчаткі – медыцынская рэабілітацыйная камісія прызнала мяне не годным для адпрацоўкі.
Праблема са зрокам вымусіла Фёдара прапусціць большую частку першага семестра, але яго мэтанакіраванасць i ўпартасць, падтрымка і дапамога аднагрупнiкаў, а таксама добразычлівае стаўленне выкладчыкаў і кіраўніцтва каледжа дапамаглі хлопцу хутка нагнаць вучэбны матэрыял і стаць адным з лепшых навучэнцаў.
Ён вучыўся з асалодай і задавальненнем. Адначасова актыўна ўдзельнічаў у рознага кшталту мерапрыемствах: у тых, што паводзіла Гродзенскае аддзяленне Беларускага Таварыства інвалідаў па зроку, і ў тых, што адбываліся ў каледжы. Нават заняў другое пераможнае месца з аўтарскім вершам у мерапрыемстве Саюзнай дзяржавы, фестывалі творчасці інвалідаў «Вместе мы сможем больше» (г. Магілёў).
Пасля сканчэння каледжа працаваць пашчасціла ў новай паліклініцы №5 горада Брэста, дзе для прафесійнай рэалізацыі маладых спецыялістаў, якіх у калектыве многа, створаны ўсе ўмовы. Фёдар Іванавіч вельмі ўдзячны адміністрацыі гэтай медустановы за ўвагу і падтрымку.
Сёлета ўбачыў свет зборнік вершаў Фёдара Галавача «Эвалюцыя жыцця». Кнігу склалі больш за 60 яго твораў. Першая прэзентацыя адбылася ў школе, дзе рос і атрымліваў веды аўтар. Менавіта тут ён адкрыў для сябе дзівосны свет паэзіі. Фёдар Галавач прэзентаваў зборнікі дырэктару школы-інтэрната, любімым настаўнікам і выхавацелям: гэта ўдзячнасць людзям, якія назаўжды пакінулі след у сэрцы і ў жыцці. Дарэчы, пачытаць вершы аўтара і паслухаць іх у яго выкананні можна на тэлеграм-канале “Чароўны свет беларускага слова”, дзе Фёдар друкуе і дэкламуе таксама творы беларускіх пісьменнікаў.
– Паэзія выратоўвае мяне падчас жыццёвых праблем ці стрэсу. Дзякуючы ёй я стаў па-іншаму ставіцца да людзей. З ёю я нібы трапляю ў іншы свет. Не мае значэння, чытаю свае вершы ці слухаю творы іншых аўтараў, – прызнаецца Фёдар Галавач.
Сваім прыкладам гэты хлопец паказвае юнакам з няпростым лёсам, што ўсё магчыма. Мары здзяйсняюцца, калі ты любіш жыццё і людзей, калі ў сэрцы святло і ёсць добрая мэта. Пэўныя праблемы са здароўем не могуць перашкодзіць быць самім сабой. Жыве ў душы паэзія – пішы, друкуйся, дэкламуй! Хочаш дапамагаць людзям – шукай магчымасці. Жадаеш узняцца на новую прыступку – не лянуйся, працуй.
Алена САКАЛОЎСКАЯ
Фота аўтара