Максімальныя балы на ЦТ атрымалі школьнікі з Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў

05.07.2022

Сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай і рускай мовах. Учарашнім школьнікам з Іванаўшчыны і Драгічыншчыны ёсць чым ганарыцца.

 

Па беларускай мове максімальныя балы атрымалі Данііл Лукашэвіч (Мотальская СШ, Іванаўскі раён) і Анастасія Шпак (Бездзежская СШ, Драгічынскі раён). З альма-матэр Данііл пакуль не вызначыўся, але плануе быць інжынерам-праграмістам. Хлопец захапляецца спортам. Пра сто балаў па мове юнак расказаў:

 

 

– Тройчы здаваў рэпетыцыйнае тэставанне. Найлепшы вынік на ім – 86 балаў. Едучы на ЦТ, якое здаваў у Пінску, было добрае прадчуванне, аднак думаў, што адолею планку ў 90+ балаў. А тут 100! Безумоўна, быў рады. Першай пра мой поспех даведалася маці. Моцна абняла мяне, пажадала і надалей так працаваць.

 

Анастасія Шпак, якая плануе стаць эканамістам, таксама правярала свае веды на пробным тэсціраванні. Максімальным быў вынік 89 балаў.

 

 

– Хоць і была ўпэўнена ў правільных адказах у большасці заданняў, адну-дзве памылкі дапускала. Не верылася самой, што можна бездакорна ўсё выканаць. Бацькі, калі паведаміла пра шыкоўны старт здачы ЦТ, адразу не паверылі. Пасля ж доўга віншавалі. Цяпер засталося даведацца, якія балы атрымаю па англійскай мове і матэматыцы. Каб хутчэй прабег час, перачытаю любімага Караткевіча.

 

Дар’я Касяк на залаты медаль скончыла Драгічынскую гімназію. Дзяўчына – адна з сарака трох абітурыентаў-стабальнікаў у краіне па рускай мове. ЦТ дзяўчына здавала 17 чэрвеня, вынік стаў ёй вядомы амаль праз два тыдні. Дарэчы, на рэпетыцыі тэсціравання Даша ўжо мела «сотку». Двойчы ж атрымлівала каля васьмідзесяці. Разумеючы, што праблема была ў асабістай няўважлівасці, яна зрабіла работу над памылкамі перад фінальным выпрабаваннем.

 

– Няглядзечы на тое, што заданні на іспыце не выклікалі складанасцяў, сумнявалася ў ідэальным выніку да самага канца. Пачуццё няўпеўненасці ўзрасло, калі з’явілася інфармацыя пра большую колькасць стабальнікаў па беларускай мове. Тым больш, педагогі здзіўляліся маім здольнасцям у дакладных навуках, а ў школе я займалася па хіміка-біялагічным профілю, – расказала Дар’я.

 

 

У самы важны момант – калі абітурыентка адважылася паглядзець вынік у асабістым кабінеце, яе тэлефон адключыўся. Потым, як убачыла на экране лічбу «100», заіскрылася ад шчасця. Матуля, якая сядзела побач, усё зразумела, ажно заплакала ад радасці. Зусім хутка з’явяцца вынікі ЦТ па біялогіі і хіміі. Ад агульнай колькасці балаў залежыць тое, студэнткай якой медыцынскай ВНУ стане мэтанакіраваная Дар’я Касяк.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ