Главная - Новости - Новости из общественной жизни - Лепшым дзіцячым домам сямейнага тыпу Брэсцкай вобласці 2021 года стаў дом Лямачкаў з Маларыты

Лепшым дзіцячым домам сямейнага тыпу Брэсцкай вобласці 2021 года стаў дом Лямачкаў з Маларыты

Лепшым дзіцячым домам сямейнага тыпу Брэсцкай вобласці 2021 года стаў дом Лямачкаў з Маларыты

Падведзены вынікі  абласнога конкурсу на лепшую  прыёмную сям’ю, дзіцячы дом сямейнага тыпу “Сэрца аддаю дзецям”. Згодна з рашэннем журы, дыпломам першай ступені ў намінацыі “Лепшы дзіцячы дом сямейнага тыпу Брэсцкай вобласці 2021 года” ўзнагароджаны дзіцячы дом сямейнага тыпу бацькоў-выхавальнікаў Валянціны і Пятра Лямачкаў аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама.

 

— Конкурс праводзіўся ў два этапы, — гаворыць  дырэктар Маларыцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Валянціна Пацурай. — На першым з іх (адборачным, завочным) прадугледжвалася выкананне двух заданняў.  Конкурс “Калі ласка, у нашу сям’ю!” быў накіраваны на распаўсюджванне станоўчага вопыту сямейных адносін у замяшчальных сем’ях. Удзельнікам спаборніцтва неабходна было ў арыгінальнай форме прадставіць асаблівасці сямейнага ладу, прынцыпы, стылі выхавання, праблемы, якія, магчыма, узнікаюць падчас выхавання, спосабы вырашэння канфліктаў. Другое конкурснае спаборніцтва — «Прыёмная сям’я: дзесяць фактаў “за”» — прадугледж­вала стварэнне друкаванай рэкламнай прадукцыі па прапагандзе замяшчальнага бацькоўства. Па выніках першага этапу журы адабрала лепшыя работы для ўдзелу ў фінальным этапе (завочным). Па колькасці набраных балаў у яго трапіў дом сямейнага тыпу сям’і Валянціны і Пятра Лямачкаў.

 

Згодна з яго ўмовамі, на другі этап прадастаўляўся відэарэпартаж-інтэрв’ю “Ся­мейны тэт-а-тэт”. У ім неабходна было зрабіць відэазапіс дыялогу ў форме пытанняў і адказаў, якія тычацца вопыту сямейнага выхавання,  правілаў сямейных узаемаадносін, духоўных каштоўнасцей, традыцый,  захапленняў сям’і. Завяршыць інтэрв’ю трэба было слоганам, які адлюстроўвае сакрэт сямейнага шчасця. Яшчэ адно конкурснае заданне — напісанне сачынення “Няпросты выпадак”, у якім прапануецца выйсце з пэўнай нялёгкай жыццёвай сітуацыі, якая склалася ў замяшчальнай сям’і і звязана з выхаваннем дзяцей.

 

Першае месца ў абласным конкурсе — выдатная нагода яшчэ раз расказаць пра сям’ю пераможцаў. У Валянціны Сямёнаўны і Пятра Іванавіча — дзве свае дарослыя  дачкі, у якіх ёсць ужо свае дзеці.

 

 

У пераважнай большасці людзі, якія становяцца бацькамі-выхавальнікамі ці ўсынаўляюць малых, пады­хо­дзяць да такога кроку надзвычай асэнсавана і ўсвя­домлена. Так было і ў Валянціны Сямёнаўны і Пятра Іванавіча. Гэта іх прызванне. Афіцыйна Лямачкі статус бацькоў-выхавальнікаў набылі ў кастрычніку 2017 года. Да гэтага  яны з чэрвеня 2010 года былі прыёмнымі бацькамі.

 

— Дванаццаць гадоў таму ў нас з’явіўся Дзімка,  —  гаворыць Валянціна Лямачка. — Дзімка, пра якога гаварылі: “Не бярыце яго! З ім столькі клопату і праблем!” А цяпер наш Дзмітрый  заканчвае вучобу ў Ваеннай  акадэміі Рэспублікі Беларусь. Ён – наш гонар. Потым мы вырашылі яшчэ ўзяць дзяцей на выхаванне. А пасля сталі бацькамі-выхавальнікамі. Цяпер самаму меншаму,  Максіму,  у студзені споўніцца  чатыры гады,  самай старэйшай, Дар’і, ужо пятнаццаць. Дзеці жывуць дружна, старэйшыя ва ўсім імкнуцца дапамагаць меншым. Безумоўна, спачатку было шмат розных  нечаканасцей.  Ды і цяпер яны яшчэ здараюцца. Расслабіцца не ўдаецца, нават калі дзеці на адпачынку. Гэта мае дзеці, і я заўсёды думаю пра іх.

 

Пра сваю сям’ю Валянціна Сямёнаўна можа гаварыць бяс­конца. Ды і ёсць што. Цяпер яна з мужам выхоўвае васьмярых дзяцей: Дзяніс, дзве Яўгеніі, Вікторыя, Дар’я, Аляксандра,  Аляксей і Максім.

 

— Пасля яны, нашы дзеці, ці становяцца дарослымі і пачынаюць самастойнае жыццё, ці вяртаюцца ў свае сем’і. Здараецца і так,  што іх знаходзяць новыя  бацькі-ўсынавіцелі. Ужо трыццаць два дзіцяці знайшло прытулак пад нашым крылом на розны адрэзак часу. У кожнага з нашых хлопчыкаў і дзяўчынак свой  шлях,  свой лёс, гісторыя, асаблівасці характару і,  на жаль,  свая… жыццёвая траўма.

 

— Што самае важнае ў працы бацькоў-выхавальнікаў? – цікаўлюся я ў Валянціны Сямёнаўны.

 

— Самым цяжкім напачатку для дзяцей з’яўляецца адаптацыя да новых умоў,  прыцірка характараў. Навічкі сумуюць па бацьках, з цяжкасцю змяняюць свой звыклы лад жыцця, паступова прызвычайваюцца да нас, новых бацькоў. Мы ж імкнёмся дапамагчы кожнаму дзіцяці, якое мае жыццёвую траўму, пераадолець страх, няўпэўненасць, трывогу, аднаўляем веру ў сябе і шчаслівую будучыню. Аднак гэта справа не аднаго дня ці тыдня.

 

Мы з першага дня спрабуем з мужам да кожнага “новага” члена нашай сям’і знайсці падыход, своеасаблівы ключык, які даў бы магчымасць хутка,  лёгка і проста разгадаць яго ўнутраны свет. Хоць гэта бывае не так лёгка і проста. Для гэтага ў нас ужо выпрацаваны свае метады, прыёмы і сродкі. Аднак самае галоўнае і важнае тут — любоў. Без яе ўсё нішто, ніякая справа не скранецца з месца. Сіла бацькоў-выхавальнікаў у цеплыні сэрцаў, цярпенні, веры ў лепшае,   уменні знайсці агульную мову. Чым больш добрага і пазітыўнага аддаеш дзіцяці, тым больш такога ж атрымліваеш назад ад яго.

 

— Ці ўзнікаюць у вашай сям’і непрадбачаныя, напружаныя сітуацыі?

 

— Безумоўна, што ў кожнай сям’і бываюць часам напружаныя сітуацыі, — кажа Пётр Іванавіч. — Мы — не выключэнне. У нашай сям’і прынята, што не варта даваць  гневу ўспыхнуць. Імкнёмся пагасіць яго на самым пачатку ўсмешкай, шчырым і добрым словам. Важна першаму зрабіць крок насустрач, прызнацца ў сваёй памылцы і прапанаваць нейкую сумесную справу.

 

— Якой суперздольнасці цяпер вам не хапае ?

 

— Здольнасці супердоктара: пагладзіў рану ці хворае месца – і ўсё прайшло, — усміхаецца Валянціна Сямёнаўна. — Цяжка, калі хварэюць дзеці.

 

— Які адпачынак для вас з’яўляецца ідэальным?

 

— Калі побач дзеці, такія непаседлівыя, шумлівыя, калі чую іх звонкі і вясёлы смех, бачу ўсмешку на твары, калі адчуваю, што я ім патрэбна, — пераконвае мая субяседніца. — Тады забываецца любая стома. Штохвіліны жыць для дзяцей, дарыць ім радасць, даць адчуць сябе шчаслівым і патрэбным  – гэта і ёсць, напэўна, лепшы адпачынак.

 

— Якія святы адзначаеце ўсёй сям’ёй?

 

— У кожнай сям’і ёсць свае традыцыі,  — гаворыць   Валянціна Лямачка. —  Склаліся яны ўжо і ў нас. Мы  ў  асноўным  адзначаем праваслаўныя  (Вялікдзень, Раство) і каляндарныя святы, а таксама — дні нараджэнняў. Яшчэ адна традыцыя, якая ў нас склалася, — гэта агульныя справы… Традыцыі з’яўляюцца важнымі складнікамі, якія станоўча ўплываць на пазі­тыўную атмасферу ўнутры дома, змацоўваюць адносіны і зніжаюць трывогу ва ўсіх членаў сям’і.

 

— Што самае галоўнае ў жыцці чалавека?

 

— Быць шчаслівым! — не задумваючыся, адказвае Пятро Лямачка. — А шчаслівы толькі той, хто шчаслівы дома. У гэтым і заключаецца сакрэт нашага сямейнага шчасця. Яно – у асабістых руках чалавека. А яшчэ неабходна ўмець шчыра радавацца поспеху кожнага, падтрымаць яго ў любую хвіліну.

 

— А  ўсё ж  такі, навошта вам патрэбная такая работа, напэўна,  у большасці — клопатная,  турботная,  неспакойная?

 

— Для нас заўсёды былі і ёсць у прыярытэце дзеці, — гаворыць Валянціна Сямёнаўна. — Мы любім дзяцей. Яны, як кажуць, кветкі жыцця. Побач з дзецьмі адчуваеш сябе  маладым душой, забываеш пра пэўныя жыццёвыя праблемы. Калі магчыма было б вярнуць час назад, мы з мужам, адназначна, выбралі б той жа шлях, якім прайшлі. Нам даверылі самае каштоўнае і дарагое, што ёсць на гэтым свеце – дзяцей.  У сістэму нашых духоўных каштоўнасцяў і перакананняў упісваюцца менавіта абдзеленыя лёсам хлопчыкі і дзяўчынкі. Ніхто так, як мы,  здаецца,  не зможа ім дапамагчы,  не скажа сардэчнае цёплае слова,  не падтрымае,  не супакоіць,  не здолее іх прытуліць,  не возьме за руку і не павядзе ў шырокі свет! У кожнага дзіцяці павінна быць сям’я.  Ды і быць  шматдзетнай маці і бацькам – гэта ганарова і пачэсна. Любоў да дзяцей і сваёй справы – аснова нашай унікальнай прафесіі.

 

— Кожнаму свайму выхаванцу мы аддалі многае, каб выхаваць,  каб жыццёвы яго шлях быў годным,  каб  ён жыў сумленна, — кажа Пятро Лямачка. — Лёс кожнага нашага выхаванца імкнёмся прасачыць, па магчымасці, трымаем сувязь, радуемся перамогам, сумуем, спачуваем, калі ёсць нейкія няўдачы ці горыч паражэнняў.

 

Сапраўды, клопат пра дзя­цей-сірот і дзяцей,  па­кінутых без апекі бацькоў, бярэ на сябе дзяржава. Аднак ніводзін дом-інтэрнат не заменіць бацькоўскай любові, цеплыні і ласкі. Толькі сям’я можа падарыць дзецям шчаслівае і радаснае дзяцінства. Такая,  як напрыклад, Валянціны і Пятра Лямачкаў.

 

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Яндекс.Метрика