Гэтымі днямі каталіцкія вернікі рыхтуюцца сустрэць самае галоўнае і радаснае свята хрысціян – Пасху Хрыстову, якая надыдзе ў нядзелю, 31 сакавіка. Вялікая ўрачыстасць зноў нагадае людзям аб цудадзейнай падзеі – уваскрэсенні Езуса Хрыста, аб перамозе жыцця над грахом і смерцю. Напярэдадні доктар тэалогіі ксёндз Антон АНЦІПЕНКА, пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, расказаў карэспандэнту Zarya.by аб глыбіні духоўнага значэння свята Пасхі і ролі Вялікага посту для ўдасканалення душы чалавечай.
– Гэта самая значная, самая вялікая ўрачыстасць усіх хрысціянаў. Езус Хрыстус праз сваю муку, смерць і ўваскрэсенне нас адкупае ад грахоў, сваёй крывёй змывае грэх чалавецтва, грэх кожнага чалавека асобна. Першыя хрысціяне заўсёды святкавалі Пасху. Узгадаем вытокі: Бог Яхвэ выводзіць выбраны народ з фізічнага Егіпецкага палону. А Езус Хрыстус будучы Богам і чалавекам аддае сваё жыццё, каб вызваліць нас з палону граху. Таму вельмі важна ўсведамляць, што ў гэтае свята трэба не проста прыйсці ў храм, адбыць усяночную, памаліцца раз у год і забыцца да наступнага. А менавіта подзякаваць Пану Богу хаця б раз у год за тое, што Ён даў нам ключы ад нашай спадчыны ў Валадарстве Нябесным, калі Ён казаў: «Я іду падрыхтаваць вам месца».
Змёртвыхпаўстанне Пана – гэта час, калі мы дзякуем Богу за тое, што Ён прабачае нам грахі.
– Чалавеку хацелася б тут, на зямлі, вырашаць свае пытанні, спрашчаць клопаты жыцця, прымаючы самастойнае рашэнне. Ён найчасцей і думае, што робіць гэта сам. Пан Бог ніколі не дапамагае наўпрост, кажучы: ты так не рабі – рабі гэтак. Ён даў нам 10 запаветаў – своеасаблівыя правілы дарожнага руху да Уладарства Нябеснага. Выконвай іх – і ўсё будзе добра. Калі чалавек імкнецца да дабра і звяртаецца да Пана Бога за падтрымкай, Ён заўсёды дапаможа.
Самастойна ж чалавек не ў стане вызваліцца ад граху, бо толькі Бог можа ў гэтым дапамагчы. Таму, што Езус Хрыстус аддаў сваё жыццё за нас, мы маем магчымасць даравання граху і Божай дапамогі. Аднак канкрэтна нельга сказаць: ты будзеш толькі маліцца, і Пан Бог заўсёды дапаможа табе вызваліцца ад граху. Важна яшчэ, калі ты пакрыўдзіў кагосьці, ідучы да споведзі, усведамляць сваю слабасць, шчыра сказаць: «Пане, даруй мне, бо я зграшыў, мне сорамна, і я абяцаю выправіцца і выправіць крыўду». І ў гэты момант міласэрнасць Божая дзейнічае так, што чалавеку даруюцца грахі, якія ён учыніў.
Пан Бог іх даруе, але тут, на зямлі, для Бога мы не можам выправіць тое, што ўчынілі. Для чалавека можам: пакрыўдзілі – перапрасілі, укралі – аддалі, разбілі – адкупілі. Усведамленне грахоў і моцнае жаданне выправіцца падчас споведзі – падстава для прабачэння, а «пакута», якую мы пры гэтым атрымоўваем, больш падзяка Пану Богу за тое, што ён нам прабачае.
Таму адназначна можна сказаць, што сам чалавек без ласкі Божай не можа выправіць тую шкоду, якую ён прынёс іншаму, учыніўшы грэх. А для Пана Бога можна выправіць яе цалкам, толькі апынуўшыся ў Яго Нябесным Валадарстве. Ёсць такое паняцце «чысцілішча» – там душа чалавека ачышчаецца, каб быць разам з Богам.
– Вялікі пост, пра які мы вядзём гаворку, пачынаецца ў Папяльцовую сераду. Акрамя выканання вызначаных посных дзён, мы стараемся абмежаваць сябе ў тых сваіх звычках, нейкіх улюбёных занятках, у тым, на што больш за ўсё трацім свой час: карыстанне мабільным тэлефонам, інтэрнетам, прагляд серыялаў па тэлевізары, наведванне забаўляльных устаноў. Такое абмежаванне мы ўскладаем як своеасаблівую ахвяру. У штодзённае жыццё прыўносім больш малітвы асабістай, малітвы супольнай падчас наведвання касцёла. Вялікі пост – гэта час, калі для нас важна, слухаючы альбо чытаючы Слова Божае, свядома падысці да таго, што Пан Езус згадзіўся з воляй Айца, каб мы ў сваім жыцці таксама шукалі гэтай Божай волі і згаджаліся з ёю. Гэта час, калі неабходна «суцішыць сваё жыццё» – каб свядома і сапраўды радасна сустрэць і перажыць урачыстасць Уваскрэсення Езуса Хрыстуса. Як духоўна, так і фізічна.
Вяртаючыся да супольнай малітвы падчас Вялікага посту, можна вылучыць малітву Песні Жальбаў. Гэта асобнае пазалітургічнае набажэнства, якое збірае вернікаў і змушае перажыць муку Езуса Хрыста. Святаром прамаўляецца пасыльнае казанне, якое прымушае чалавека ўсвядоміць: усё было б блага, каб не Пан Езус, які дорыць нам радасць, хоць і адчуваем мы той невымоўны боль, што перажываў Бог, будучы адначасова чалавекам. Гучаць Песні Жальбы вельмі прыгожа.
Важным духоўным умацаваннем з’яўляецца таксама «Крыжовы шлях», які праходзіць кожную пятніцу. Падчас яго мы таксама ўспамінаем падзеі, звязаныя з мукаю, смерцю і ўваскрэсеннем Хрыста.
– Пальмавай нядзеляй распачынаецца Вялікі тыдзень, які завяршаецца Вігіліяй Пасхальнай. Вялікі чацвер, Вялікая пятніца, Вялікая субота – гэты так званы Трыдыум увасабляе тры паслядоўныя фазы Пасхальнага сакрамэнта: развітальную і, разам з тым, прароцкую Апошнюю Вячэру, устанаўленне Эўхарыстыі, Смерць на крыжы і зыходжанне ў адхлань, Уваскрэсенне Хрыста.
У Вялікую суботу людзі дома рыхтуюць Велікодны кошык, у якім абавязкова павінны быць яйка, сімвалізуючы новае жыццё, соль – каб мы не сапсаваліся, хлеб і стравы з мяса – каб мелі фізічныя сілы на зямлі, і прыходзяць з ім да касцёла на працягу ўсяго дня для блаславення. Гэта таксама апошні дзень для сакрамэнту пакаяння і паяднання перад урачыстасцю Змёртвыхпаўстання Пана.
Пасхальная Вігілія, якая распачынаецца пасля заходу сонца ў суботу, – самая важная імша. Гэта не звычайная літургія: падчас яе асвячаецца агонь – сімвал святла, якое нам дае Бог праз свайго Сына, і запальваецца Пасхал, вялікая свечка з воску – сімвал змёртвыхпаўсталага Хрыста. У храме ад Пасхала людзі запальваюць свае свечкі, якія атрымалі падчас уласнага хросту, альбо іншыя. Святар тройчы спявае: «Святло Хрыстова», вернікі адказваюць: «Пойдзем з паклонам». Пасхал ставіцца ў падрыхтаваным месцы і спяваецца «Экзультэт» – праслаўленне Хрыста, які прыносіць нам збаўленне.
Наступная частка – літургія слова Божага, далей – Хрысцільная літургія і Эўхарыстычная літургія.
Вігілію Пасхальную можа завяршаць рэзурэкцыйная працэсія, альбо яна можа адбыцца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання пана.
У Нядзелю збіраемся ўсёй сям’ёй дома альбо ідзём у госці і святкуем урачыстасць. Святкаванне доўжыцца ажно 50 дзён, да Нядзелі Спаслання Духа Святога. Увесь гэты час вернікі вітаюць адзін аднаго словамі «Хрыстус уваскрос! » і ў адказ гавораць «Сапраўды ўваскрос! ». Як і дзве тысячы гадоў таму, сёння людзі зноў і зноў перажываюць радасць Светлага Хрыстова Уваскрэсення!
– Дзяцінства я правёў у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна. У памяці добра захавалася Вялікая субота – дзень, напоўнены рознымі падзеямі. Пекліся булкі. Цеста для іх мясілі ў пятніцу вечарам, пакідалі на ноч, а пасля таго, як раніцай дарослыя ўпраўляліся па гаспадарцы, прыкладна а дзявятай гадзіне, яго яшчэ раз абміналі. Потым бляхі з пірагамі ставілі ў печ. Зразумела, напярэдадні цыбулёвым шалупіннем фарбаваліся яйкі. А перад Пальмавай нядзеляй забівалі кабанчыка, запякалі і вэндзілі каўбасы, мяса.
Пахі стаялі ў хаце проста-такі невымоўныя. Канечне ж, вельмі хацелася пакаштаваць гэтую смакату, але так хацелася адчуваць сябе дарослым – і я цярпеў. У суботу нарыхтоўваўся Пасхальны кошык і мяне з сястрою адпраўлялі да касцёла яго бласлаўляць. І мы з нецярплівасцю чакалі Велікоднай Нядзелькі.
Гутарыла Ірына АРЛОВА