Кропка на карце: вёска Сулавы Іванаўскага раёна

06.03.2022

Сулавы. Вёска з такой незвычайнай назвай – крайняя кропка ва ўсходніх межах Іванаўскага раёна. Завітаць туды захацелася і па той прычыне, што звестак пра гэты населены пункт небагата ў прасторы медыя крыніц.

 

Вікіпедыя паведамляе, што ў 1999 годзе тут жыў 81 чалавек, праз дзесяцігоддзе – амаль удвая менш. Як расказалі ў Бродніцкім сельсавеце, на сённяшні дзень у вёсцы прапісана трынаццаць чалавек, дзевяць з іх пражываюць тут пастаянна. Патэлефанавала сталым жыхарам – Івану Пятровічу і Вользе Андрэеўне Пажывілкам, якія ветліва запрасілі ў госці.

 

– Мы жывём на вуліцы Першамайская. Едзьце ажно пад лес. Там кладачку пройдзеце, праз плот – наша хата, – растлумачыла Вольга Пажывілка.

 

 

Сулавы – вёска «разгалістая»: ад галоўнай дарогі ў розныя бакі адыходзяць некалькі сцяжынак. Знайсці герояў за першай спробай не ўдалося. Лагічная выснова – дзе з коміна ідзе дым, там і жыццё – не падвяла. На ганку карэспандэнта сустрэў усмешлівы гаспадар.

 

Спачатку Іван Пажывілка паказаў халоднае памяшканне, размаляваныя сцены ў якім падказвалі, гэта ці то майстэрня, ці то дзіцячы пакой. Мядзведзь, які вудзіць рыбу, асілак на кані – не трэба было падключаць інтуіцыю, каб аддаць перавагу другому варыянту.

 

– Унукі, як былі малыя, летам любілі тут бавіцца. Вось і вырашыў ім зрабіць сюрпрыз – перад канікуламі распісаў сцены. Праўда, я – мастак-самавук, – расказаў Іван Пятровіч.

 

 

Праходзім далей, у калідор. На адной са сцен вісіць вышыўка на казачную тэматыку. Пасля погляд спыняецца на карціне, якая нагадвае сцяг Паўночнай Македоніі з тым адрозненнем, што на ёй два анёлы, з надпісам «Got – unsere Schicksall».

 

– З нямецкай мовы азначае: «Бог – наш лёс». Не проста так падпісаў свой «шэдэўр». Тое, што без Бога, не да парога, адчуў на сабе. Дзякуючы яму, напэўна, жыву столькі год, – удакладняе гаспадар.

 

Да размовы падключаецца жонка, Вольга Андрэеўна, якая расказала жудасную гісторыю:

 

– У 18 год майго Івана збілі ў Куйбышаве. Там быў у заробках. Урач з Масквы, які рабіў аперацыю, сказаў тады несуцяшальнае: жыць засталося лічаныя гадзіны. Насуперак хваробе, якая паралізавала, з часам вярнуўся да жыцця, ажаніўся, выгадаваў трое дзяцей. Ёсць сем унукаў і чатыры праўнукі. А які музыкант быў мой муж! Усе вяселлі наўкола праходзілі пад яго акардэон, які нас таксама з’яднаў.

 

На гэтых словах Іван Пажывілка паведаміў: трагічны для яго дзень, 28 мая, прыпаў на першы дзень Сёмухі. Ад безвыходнасці Иван нават спрабаваў спыніць летапіс свайго жыцця. Асабліва цяжкай была сустрэча з роднай маці пасля доўгага лячэння і рэабілітацыі.

 

– Усе хлопцы, з кім паехалі разам працаваць, праз пэўны час вярнуліся дадому. Я застаўся ў Куйбышаве. Па вёсцы пайшла чутка, што я знік ці загінуў. Калі выпісалі з бальніцы, прыехаў на радзіму. Выйшаў на станцыі ў Юхнавічах і пешшу падаўся ў Сулавы. Было цёмна. Я пастукаўся ў акно бацькоўскай хаты. Маці ці то не чула, ці то знарок не адчыняла. Нарэшце яна кінула такую фразу: адыдзі, нячыстая сіла. Мацней стаў прасіцца ўпусціць мяне ў дом, называючы сваё і яе імя. Калі яна выйшла і пабачыла мяне, то адразу ж упала, страціўшы прытомнасць. Я не пакрыўдзіўся, бо разумеў: у думках яна пахавала мяне, – са скрухай у голасе прамовіў Іван Пятровіч.

 

Праз некалькі год пасля той сустрэчы, дакладней, 14 студзеня 1962 года, Іван ажаніўся. Сустрэча са сваёй палавінкай адбылася выпадкова. Вольга прыйшла наймаць на вяселле роднай сястры музыканта з Сулавоў. Івана Пажывілку тады клікалі на вяселлі ў розныя вёскі і гарады. Навучыўся ён іграць спярша на хромцы (гармонь з двума радамі клавішаў), а потым на баяне, дудцы самастойна.

 

 

– На ноч Вольга сцяліла гасцям начлег. Мне дала зялёную коўдру. Сам не чакаў: як перадала мне яе, дык сэрца заёкала. Я зразумеў, у чым справа. З таго часу мы заўжды разам. 60 год ужо, – падзяліўся Іван Пятровіч.

 

Таксама дзядуля, якому хутка споўніцца 81 год, расказаў пра іспыты ў Гродзенскае культасветвучылішча. На праслухоўванні іграў «Фінскую польку». Экзаменатары, здзіўленыя бездакорным выкананнем, не маглі не спытаць хлопца:

 

– Хто вас рыхтаваў?

 

– Сам. На слых запомніў ноты.

 

Праз некалькі дзесяцігоддзяў гэтую ж установу заканчвала дачка і ёй паказвалі бацькаву дыпломную работу. Дарэчы, Наталля і малодшы сын Аляксандр з сем’ямі жывуць у Пінску, старэйшы Іван працуе ў Міністэрстве ўнутраных спраў у Калінінградзе.

 

– Раней галоўны пасаг – зямля. У маёй маці яе было сем гектараў. Куды ні глянь – то агароды, то жыта расло. А што зараз у Сулавах – страх Божы. Усё зарасло. Раней тут была школа-сямігодка. Дарэчы, нам настаўнікі расказвалі, што сапраўдная назва вёскі Салаўі. Калісьці сто двароў у ёй налічвалася. Тры статкі рагуль хадзіла. Вялікую гаспадарку і мы раней трымалі… Некалькі год назад прадалі казу Мусю. Цяпер ёсць толькі кошка, мой лекар Нюся, – паведамляе суразмоўца.

 

А колькі гісторый з працоўнага жыцця расказаді Іван і Вольга Пажывілкі! Вольга Андрэеўна была і паштальёнам, і прадаўцом, і цялятніцай. Іван Пятровіч – загадчыкам клуба ў Юхнавічах, бібліятэкарам у Якшы, інспектарам пажарнай службы. На сумесным шляху шмат было розных перашкод і цяжкасцяў, якія ўдалося пераадолець і выкаваць асабістае шчасце. На гэты конт Іван Пажывілка напісаў у вершы:

 

О, жизнь, ты скользкий мост

над пропастью Вселенной,

Мелодия добра и красоты,

Желание свободы неизменной

И боль от неисполненной мечты.

 

– Ёй цаны няма, – гаворыць пра жонку Іван Пятровіч.

 

– Усяляк у жыцці бывала. Аднак муж у мяне самы лепшы, – дадае Вольга Андрэеўна.

 

Пакідаючы Сулавы, падумалася: нездарма ж я натрапіла менавіта на Пажывілкаў. Іх прозвішча – лепшы тост і гаспадарам вёскі, і самому населенаму пункту. Дык, па-жы-віце!

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота аўтара