Безліч назваў у свеце аб’яднаны «лясным» тапонімам «Баравая»: і населеныя пункты, і гара, і прытокі рэк, а таксама аэрадром ды станцыя метрапалітэна. Прамаўляеш «бор, баравік» і, здаецца, паветра адразу пахне жывіцаю, ты нібы апынаешся ў палоне высачэзных соснаў з шурпатаю карою, дрэў, якія шчодра асыпаюць зямлю сваімі дарамі – шышкамі. Сённяшні прыпынак карэспандэнта – вёска Баравая ў Ляскавіцкім сельскім савеце Іванаўскага раёна.
Дарога з райцэнтра ў гэты населены пункт, дзе прапісана ўсяго восем чалавек, ляжыць праз Ляскавічы, Ляхавічы, Гараватую, Навалучкі.
І вось я сустракаюся з Марыяй Бутрым.
– Заходзьце. Давайце пройдзем у залу, – запрасіла гаспадыня.
– Вы, мабыць, калекцыянер ці механік? – пытаюся.
– Многія так гавораць, калі бачаць мае агрэгаты. Вось купіла трэцяга тэлевізара. Слаба бачу ўжо, таму часцей проста слухаю перадачы, – удакладніла бабуля.
Марыі Максімаўне 11 сакавіка споўнілася 85 год. Без свайго «чоловіка» жанчына жыве ўжо даўно. Нягледзячы на страту гаспадара, Марыя Бутрым не адразу развіталася з каровай. Пэўна, дзеці, а іх у бабулі трое – дачка Валянціна, сыны Анатоль і Вячаслаў, дапамагалі. А яшчэ ў суразмоўцы ёсць пяцёра ўнукаў і двое праўнукаў.
– Бутрымы, Шумакі – найбольш пашыраныя раней прозвішчы ў Баравой. Калісьці тут было можа і пяцьдзясят двароў, і ў кожнай хаце гадавалася многа дзяцей. Зараз апусцела вёска. Няма ў ёй аніякага руху. Зімой служба займаецца нарыхтоўкай лесу. Летам людзі з горада, суседніх вёсак прыязджаюць у ягады і грыбы машынамі. І ў мяне аднаго разу сустрэчныя пыталіся, ці ёсць чым пажывіцца ў лесе. На жаль, мой век ужо такі, што падарожжы туды засталіся ў мінулым. Хаця, прызнаюся, я – аматар пазбіраць чарніцы, пашукаць баравікі. Ды і жыву ж на вуліцы Лясной. Увогуле, грэх не любіць лес, калі ён вакол, – лічыць Марыя Максімаўна.
Колькі дзясяткаў год таму Баравая, дзе, дарэчы, ёсць яшчэ вуліца Бярозавая, поўнілася дзіцячымі галасамі. Тут нават была пачатковая школа.
– Трэцяя хата ад мяне па гэтым жа баку – і ёсць яна. І смалярня ў нас была. Кіламетры два, а можа, і два з паловай ад майго дома. А цяпер што – неперспектыўны наш куточак. Калі б хто сказаў калісьці, што яго чакае такі лёс, не паверыла. Некалі гаспадары ці не кожнай хаты трымалі карову. Спачатку была адна чарга. Потым яе падзялілі на дзве. Гналі статак на «полым» аж пад Агова, – заўважыла гаспадыня.
Мяне зацікавіў «полым». На дзевяноста дзевяць працэнтаў была ўпэўнена, што слова дыялектнае. І не памылілася. Суразмоўца растлумачыла, што так называюць месца, на якім пасля кашэння травы пасліся каровы, авечкі, коні.
Амаль насупраць дома Марыі Бутрым спыняецца аўталаўка, якая абслугоўвае вяскоўцаў тры разы на тыдзень. Калі прыязджае «магазін на колах», як правіла, і сустракаюцца жыхары Баравой. Як і ў іншых вёсках, тут таксама людзей паміж сабой клічуць па-вулічнаму: Базыліха, Тэкля, Максіха…
– Ужо няма каго зваць па мянушках. Колькі нас засталося! Прыйшлі да аўталаўкі, купілі неабходныя тавары, словам-другім перакінуліся – і дадому, – прамаўляе Марыя Максімаўна.
Пасля яшчэ жанчына, якая адна жыве ў хаце, расказала, як працавала паляводам, потым малаказборшчыкам, як наведвала царкву ў Ляхавічах, як самастойна набівала дыван на сцяну, таксама паказала вышыўкі – ручнікі, абрусы. Раней гэтыя самаробныя рэчы былі вельмі папулярныя. Дзеці Марыі Максімаўны даўно паехалі ў горад, а дакладней, «до Янова» – так называе наш райцэнтр мудрая бабуля. На выхадныя ж яны прыязджаюць да матулі, якая неаднойчы падчас размовы падкрэслівала, што зімой асабліва цяжка дзень перабыць. Добра, што ёсць у гаспадыні Фелік, Рыжык, так завуць ката і сабаку, а яшчэ пяць пярэстых курачак.
– У маладосці здавалася: каб яшчэ, ну, хоць на пяць гадзін падоўжыць дзень, то колькі ўсяго паспела б зрабіць. А цяпер многа вольнага часу, аднак сілы не тыя.
Каля добра напаленай грубкі стаялі кантэйнеры з зямлёй.
– Няўжо расада? – пытаюся.
– Так. Сотак мо й пятнаццаць ля хаты. Бульбу, буракі, памідоры саджу. Як выйду на гарод, гляну на прыгажуноў-буслоў, адразу ж хочацца ўвішна працаваць, – усміхнулася бабуля.
Яе ласкавая ўсмешка на момант заспакоіла мяне. Аднак ненадоўга: разумею, што і Баравую, і іншыя маланаселеныя пункты Іванаўшчыны рана ці позна чакае незайздросны лёс наўрад ці застануцца такія населенныя пункты на карце…
Наталля КРЫВЕЦКАЯ Фота аўтара