Начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык заўважыла: «Для гасцей, што прыязджаюць у наш раён, гасцінна расчынены дзверы шасці музеяў. Завітаўшы ў кожны з іх, можна здзесніць цікавыя падарожжы ў дзівосны свет мастацтва, народных рамёстваў і медыцыны увогуле беларускай і непадзельнай яе часткі – палескай культуры».
У адным з такіх самабытных куточкаў – Мотальскім музеі народнай творчасці ў сераду, у Міжнародны дзень музеяў, дарэчы, пабывала і карэспандэнт Zarya.by. Магчыма для чытачоў раскажу маленькую сенсацыю: гэты вясковы музей, фонды якога налічваюць амаль 28 тысяч экспанатаў, мае ўласную старонку ў Вікіпедыі. Аднак, безумоўна, не гэты факт стаў вызначальным, каб адкінуўшы ўсе прафесійныя справы, і вельмі важныя ў тым ліку, паехаць у аграгарадок Моталь. Галоўная нагода быць у тутэйшым музеі 18 мая – разам з вучнямі мясцовых школ спрычыніцца да таямніцы нараджэння тканых вырабаў.
– Такое традыцыйнае беларускае рамяство, як ткацтва, у Моталі мае сваю гісторыю ўзнікнення. У складаныя дзевяностыя гады мінулага стагоддзя, вы не паверыце, дзякуючы і яму таксама, а правільней сказаць – тканым хусткам маталяне ўзбіліся на грошы. І вялікія, дарэчы, па тых часах. Каму кросны «падарылі» каляровага тэлевізара, а хто змог нагандляваць нават на «Жыгулі». Вось які бізнэс! Цяпер у аграгарадку стала гэтым рамяством займаюцца каля дзесяці жанчын рознага ўзросту. Яны дасканала і адмыслова валодаюць тэхнікай мотальскага ткацтва, – расказала дырэктар музея Вольга Кульбеда.
Бездакорна ўмеюць ператвараць пражу ў тканіну ў тым ліку супрацоўніцы Мотальскага музея народнай творчасці. У Дзень музеяў яны і паказалі майстар-клас «Мотальскае ткацтва: традыцыі і сучаснасць». Ён стаў адным з мерапрыемстваў ініцыятывы «Рамесны двор «Над Ясельдай», які рэалізуецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ланшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельда пры ўдзеле мясцовага насельніцтва».
Практычная частка майстар-класа складалася з чатырох этапаў. Спярша школьнікі нітку пралі на «потасі», пасля яе сукалі на цэўку на «потаку», затым мясцовая вучнёўская моладзь спрабавала азы ткацтва на мініяцюрных настольных станках. Апошнім выпрабаваннем для іх стала ткацтва на вэрстату. Не спецыяльна, але давялося пачуць, як перашэптваліся падлеткі:
– Не ведаю, як нашыя бабулі так многа ткалі. Гэта ж вышэйшая матэматыка!
Адразу ўспомнілася даўняя размова з мясцовай ткачыхай Марыяй Кульбедай. Час ад часу я перапытвала і ўдакладняла інфармацыю пра ткацтва, якое, без перабольшанняў, было новым светам для мяне. Каб запомніць толькі ткацкія тэрміны, трэба добра напружыць звіліны! Снывныцы, статовына, брускі, воротыло, колэсо, цыўка, чоўнык, бэрдо, ныт, сучка, рыдкі, поножы… Помню, Марыя Васільеўна, заўважыўшы на твары збянтэжанасць, супакоіла: маўляў, не адна ты такая, тут адразу «нэ пэрэжуеш».
Вярнуўшыся да дому пасля майстра-класа, падумала: спешчаная выгодамі сучаснага жыцця, адчуваю сябе бяззбройнай… перад магіяй мотальскіх кроснаў.
Наталля КРЫВЕЦКАЯ
Фота аўтара