Калі глядзіш на карціны Тамары Варабей, то ствараецца ўражанне, што яны не вышыты, а быццам намаляваны алеем, акварэллю ці то алоўкам. Для Тамары Васільеўны «маляванне» карцін ніткамі ‒ гэта і хобі, і цікавая работа, і адпачынак ад стомленасці, і задавальненне для душы.
‒ Гэта вельмі карысны занятак, ‒ гаворыць жанчына, ‒ паколькі выклікае добры настрой і радасныя эмоцыі. Працэс вышывання заспакойвае, прыводзіць мае пачуцці і думкі ў парадак. Бывае, што адключаю нават і тэлефон, каб нішто не перашкаджала, бяру іголку і паглыбляюся ў працу. Вышыўка крыжыкам – занятак займальны, карпатлівы, складаны і патрабуе вялікага цярпення, руплівасці, акуратнасці, уважлівасці, уседлівасці. Акрамя таго, неабходна ведаць і пэўныя сакрэты вышывання, інакш крыжыкі не атрымаюцца акуратныя, роўныя. І самае, напэўна, важнае: любую працу трэба рабіць з любоўю. Тады і вынік будзе станоўчым.
Тамара Варабей кажа, што дакладна ўжо не памятае, калі ўпершыню ўзяла ў рукі тканіну і іголку. Першай жа настаўніцай у дзяцінстве стала маці. Потым, калі пайшла на свой хлеб, вышыўка не стала хобі. Не было на гэта часу, бо цалкам прысвяціла сябе сям’і і працы. Дарэчы, пасля заканчэння медыцынскага вучылішча Тамара Васільеўна амаль 44 гады працавала медыцынскай сястрой, з іх апошнія 25 гадоў – у Маларыцкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Сур’ёзна і ўсвядомлена вышываць крыжыкам жанчына пачала ўжо ў сталым узросце, дакладней ‒ у 2014 годзе. Пачалося ўсё з таго, што неяк яна паскардзілася жонцы братавага мужа Галіне Уладзіміраўне са Стаўрапаля (Расія) аб тым, што ў яе, ужо пенсіянеркі, з’явілася шмат вольнага часу. Любімая работа засталася ў мінулым, а хатнія справы не задавальняюць і не даюць супакою.
«Калі прагне чагосьці душа, то трэба знайсці ёй справу да спадобы, ‒ параіла Галіна Уладзіміраўна. ‒ Напрыклад, паспрабуй вышываць крыжыкам. Можа, гэтага табе якраз і не хапае». Тамара Васільеўна прыслухалася да яе слоў. Праз некаторы час Галіна Уладзіміраўна нават даслала адпаведныя схемы, дала першыя ўрокі па вышыўцы крыжыкам. Спачатку Тамара Васільеўна думала, што ў яе нічога не атрымаецца. Але ўсё ж такі вырашыла паспрабаваць.
– Сказаць, што вышыўка крыжыкам мяне захапіла, значыць, амаль нічога не сказаць, – гаворыць Тамара Варабей. – Яна «паглынула» мяне ўсю з галавой. Памятаю, з якім стараннем працавала над карцінай «Шыпшына, якая цвіце». Атрыманы вынік першай спробы вельмі парадаваў, акрыліў, усяліў надзею, жаданне сваімі рукамі ствараць прыгожае, надаў стымул для далейшай працы. Захацелася вышыць яшчэ адну карціну, а пасля яшчэ і яшчэ… Ад вышыўкі нельга было адарвацца. Мяне, як кажуць, моцна зацягнула нітачкай. Вышыванне на пэўны момант стала часткай жыцця. Рукатворная прыгажосць прываблівае, і яе хочацца паўтарыць, атрымліваючы асалоду ад працэсу творчасці. Вышываю карціны рознай тэматыкі. Цяпер большасць з іх упрыгожвае пакоі кватэры.
‒ А якая вышытая карціна для вас самая любімая? – цікаўлюся.
‒ Яны ўсе для мяне як родныя дзеці. У кожную з карцін закладзена часцінка маёй душы. Аднак асабліва дарагая работа «Жасмин».
Сапраўды, усе вышытыя карціны майстрыхі адметныя і непаўторныя, напоўнены шчырай любоўю, сардэчнай цеплынёй і, здаецца, нейкай жыццёвай энергіяй. Работы Тамары Варабей маюць назвы, аздоблены прыгожымі рамкамі, што дадае ім адметную асаблівасць, прывабнасць і непаўторнасць.
‒ Свае работы дару вельмі рэдка, ‒ кажа Тамара Васільеўна. ‒ Карціны ствараю найперш для сябе. Вышыўка для мяне ‒ гэта захапленне, якое адцягвае ад паўсядзённых клопатаў і турбот, ад будзённасці і аднастайнасці жыцця. Для мяне цяжка расставацца з рэчамі, у якія ўклала душу, цеплыню сэрца, патраціўшы шмат часу. Пачынала з невялікіх і простых карцін, паступова перайшла да больш складаных работ, вышыўка якіх займае ад 1‒1,5 да 3 месяцаў, а то і больш.
Тэрміны работы над карцінай залежаць ад складанасці элементаў мастацкага твору. Напрыклад, каб карціна «Зіма» набыла рэалістычны выгляд, неабходна было яе вышыць 40 колерамі нітак, а ў «Іспанскіх матывах» выкарыстаць ніткі 10 адценняў сіняга. Неабходна яшчэ ўлічыць і тое, што за адзін «прысест» працую не больш за дзве гадзіны, бо стамляюцца вочы і ім неабходны адпачынак. Зрэдку бывае, што калі не магу заснуць, то таксама бяру ў рукі нітку з іголкай…
Сапраўды, карпатлівая гэта справа вышываць! Яна залежыць не толькі ад складанасці схемы ці яе памераў, але яшчэ і ад настрою, ад стану душы.
У цёплую пару года Тамара Варабей вышывае нячаста. Яна бярэ своеасаблівы адпачынак ад творчай работы. У гэты час жанчына з задавальненнем праводзіць на дачы, калі ёсць магчымасць, то ходзіць па ягады і грыбы. А як пахаладае, зноў бярэ ў рукі іголку з ніткай і вышывае. Восень і зіма – самы плённы час для творчасці.
– Тамара Васільеўна, творчасць якога мастака вам падабаецца?
– Работы многіх мастакоў да спадобы. Мяне захапляюць, напрыклад, творы французскага жывапісца Клода Мане. Была нават думка вышыць адну з яго карцін.
На сваіх работах жанчына імкнецца паказаць людзям прыгажосць навакольнага свету, прыроды, падарыць ім добры настрой, станоўчыя эмоцыі. І ад гэтага Тамара Варабей адчувае сябе шчаслівай.
‒ Тамара Васільеўна, хто першым ацэньвае вашы вышытыя работы?
‒ Самы першы і строгі суддзя – муж Васілій Сяргеевіч. «Экспертамі» таксама з’яўляюцца сын Уладзімір, нявестка Марыя, унукі Максім і Аліна. Да іх заўваг і прапаноў, калі ёсць, заўсёды абавязкова прыслухоўваюся.
Мікалай НАВУМЧЫК, г. Маларыта
Фота аўтара