Рынька, мамзель, макотра, банька, поляк, паўадзінец, спарыш – такія каларытныя назвы ў розных відаў посуду, што ствараюць ганчары вёскі Гарадная Столінскага раёна. Да цяперашняга часу ганчарная справа захоўвае тут сваю аўтэнтычнасць, бо сакрэты апрацоўкі гліны і мастацкія прыёмы перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
У мінулую нядзелю Гарадная, якая вядома сваім промыслам яшчэ з пачатку XVI стагоддзя, стала цэнтрам прыцягнення шматлікіх гасцей. Тут цэлы тыдзень праходзіў Міжнародны пленэр ганчароў, які па традыцыі завяршыўся святам «Гараднянскі кірмаш».
Трэба адзначыць, што ўпершыню ганчарны пленэр адбыўся ў 2008 годзе з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы захавання і падтрымкі ўнікальнага ганчарнага рамяства.
У VII Міжнародным пленэры ганчароў прымалі ўдзел больш за 20 майстроў керамікі, якія валодаюць тэхналагічнымі і мастацкімі прыёмамі вырабу дробнай пластыкі і ганчарства, а таксама займаюцца адраджэннем і развіццём ганчарнага промыслу. Ганчары ў Гарадную прыехалі з розных гарадоў Беларусі, а таксама Расіі. Падчас пленэру керамісты абменьваліся вопытам, праводзілі майстар-класы, выставы. Адбыліся цікавыя творчыя сустрэчы, ушанаванні патомных ганчароў вёскі Гарадная.
На свяце «Гараднянскі кірмаш» падвялі вынікі пленэра, узнагародзілі яго таленавітых удзельнікаў. На кірмашы можна было пазнаёміцца з майстрамі, пабачыць вырабы, створаныя імі на працягу тыдня, набыць сувеніры. Праўда, свае карэктывы ў праграму свята ўнёс дождж, таму керамісты і рамеснікі размясціліся не на вуліцы, як гэта было звычайна, а ў памяшканні мясцовага Цэнтра ганчарства.
Тым не менш, паглядзець было на што – ганчары паказалі свае адметныя працы. Кожная з іх нібыта маленькі цуд, які, дзякуючы прыроднаму матэрыялу, ганчарнаму колу, фантазіі, цяплу рук аўтара, агню набыў непаўторныя рысы. Так, сапраўды, у гатовых вырабах бачны стыль ганчара. Напрыклад, традыцыйныя гаршкі з Гарадной адрозніваюцца ад іншых – яны жоўтага і зеленаватага колеру, простай шаравіднай формы. У многіх дамах на Палессі яшчэ можна знайсці такія гаршкі, жбаны, глечыкі, міскі, бо іх у мінулыя часы прадавалі як на кірмашах у Пінску, так і па вёсках. Ганчары з Гарадной з цэлым возам посуду, як успамінаў у адным са сваіх матэрыялаў пісьменнік і журналіст Мікалай Елянеўскі, былі жаданымі гасцямі ў сёлах, а іх вырабы – галоўнымі ў любой хаце. Сапраўды, цяжка ўявіць нешта больш смачнае, чым каша ці суп, прыгатаваныя ў гліняным гаршку ў печы!
Сучасныя маладыя ганчары, безумоўна, развіваюцца ў любімай справе – працуюць з разнастайнымі колерамі і формамі. Гаршкі, вазы, талеркі, кубкі, сувеніры і нават упрыгожванні з гліны цяпер можна знайсці на любы густ. Самае важнае, што старадаўні промысел захоўваецца, і ўсё больш людзей аддаюць перавагу экалагічнаму глінянаму посуду.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ, Столінскі раён Фота аўтара