Напярэдадні аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў – Нараджэння Хрыстова, а таксама надыходзячага года, калі Пінская рымска-каталіцкая епархія будзе адзначаць сваё стагоддзе, біскуп дыяцэзіі Антоні ДЗЯМ’ЯНКА адказаў на пытанні «Зари».
– Шаноўны біскуп Антоні, вас і ўсіх вернікаў Рымска-каталіцкай Царквы мы віншуем з Божым Нараджэннем! У чым жа, скажыце, сапраўдны духоўны сэнс гэтай вялікай урачыстасці?
– Духоўны сэнс святаў Божага Нараджэння добра выказаны ў малітоўным спеве вернікаў падчас кульмінацыйнага моманту літургіі Святой Эўхарыстыі: «Хрыстус памёр, Хрыстус Уваскрос, Хрыстус вернецца». Бог стаў чалавекам, каб адкрыць нам шлях да вечнага збаўлення, выратавання ад усялякага зла. На Божае Нараджэнне мы ўзгадваем Яго першае прышэсце і ўсведамляем, як важна быць падрыхтаванымі да найважнейшай асабістай сустрэчы з Ім, калі кожны з нас будзе пераступаць парог паміж зямным жыццём і вечнасцю.
– У наступным годзе Пінская дыяцэзія будзе святкаваць 100-гадовы юбілей. Давайце прыгадаем галоўныя яе вехі і раскажам нашым чытачам, што яна ўяўляе сабою на сённяшні дзень.
– Сто гадоў таму Папа Пій XI пасля Першай сусветнай вайны ўтварыў на тэрыторыі Палесся і прылеглых тэрыторый Пінскую дыяцэзію (епархію). Спробы яе ўтварэння існавалі і ў ранейшыя вякі. Напрыклад у канцы XVIII стагоддзя была спроба ўтварэння дыяцэзіі ў Пінску, але яна не ўдалася ў сувязі з тагачаснай складанай сітуацыяй у свеце.
Пры гэтым варта заўважыць, што хрысціянства лацінскага (рымска-каталіцкага) абраду на гэтых землях мае слаўную тысячагадовую гісторыю, якая сыходзіць да часоў старажытнай Русі. Таму невыпадкова менавіта старажытны Пінск у пачатку ХХ стагоддзя зноў і надоўга стаў цэнтрам дыяцэзіі. У цяперашні час тэрытарыяльна яна ахоплівае дзве вобласці Беларусі: Брэсцкую і Гомельскую. Гэта вельмі вялікая прастора. Па рэлігійным ландшафце яна вельмі разнастайная.
Перад пачаткам Другой сусветнай вайны Пінская дыяцэзія налічвала 220 святароў, больш за 150 парафій. Пасля ж ваеннага ліхалецця і часоў ваяўнічага атэзіму ў другой палове ХХ стагоддзя засталося толькі восем святароў і 16 дзеючых храмаў. Усе яны месціліся на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці. У Гомельскай вобласці не засталося на той час ніводнага святара, а ўсе храмы былі зруйнаваныя або зачыненыя.
Сёння, пасля 35 гадоў адраджэння, Пінская дыяцэзія ў дзвюх абласцях налічвае 54 святары і 84 парафіі. Адноўлены многія старадаўнія храмы, а на месцы разбураных пабудаваны новыя, у новых мікрараёнах гарадоў, куды мігрыравалі многія вернікі з вёсак, паўстаюць новыя святыні для іх.
Пінская дыяцэзія не толькі займаецца духоўным акамленнем вернікаў у храмах, але і служыць усяму грамадству, асабліва ў сферы культуры, харытатыўнай дзейнасці. Так у дыяцэзіі дзейнічае дабрачынная місія «Карытас» (лац. «міласэрнасць»), якая ўжо больш за 30 гадоў аказвае рознапланавую харытатыўную дапамогу насельніцтву, дбаючы пра найбольш безабаронных і найбяднейшых. У Гомелі сумеснымі намаганнямі Пінскай дыяцэзіі і дзяржаўных уладаў пабудаваны і паспяхова дзейнічае адзін з найлепшых у нашай частцы свету Цэнтр рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў, які аказвае бясцэнную дапамогу маючым патрэбу сем’ям і іх дзеткам. У Лагішыне каля Пінска пра пажылых людзей, якім неабходна спецыяльная дапамога, клапоцяцца супрацоўнікі Дома міласэрнасці. Пінская дыяцэзія сёння – гэта калейдаскоп шматграннага служэння Богу і кожнаму чавеку.
– Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды юбілею ўжо распачаліся. Калі ласка, раскажыце падрабязней аб тым, што плануецца ў межах святкавання.
– Святкаванне юбілейнага года Пінскай дыяцэзіі мы распачалі сёлета восенню ў Ружанах, дзе адбылося пасвячэнне адрамантаванай гістарычнай капліцы святога Казіміра. Таксама ў мясцовым старадаўнім касцёле Святой Тройцы быў адноўлены велічны арган і пачалася серыя юбілейных канцэртаў духоўнай музыкі.
На працягу года плануем правесці пасвячэнне некаторых адноўленых або нанова збудаваных касцёлаў. Таксама два храмы – у Баранавічах і ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна – у 2025 годзе будуць адзначаць адпаведна 100- і 200-гадовы юбілеі. Для іх ён будзе патройны: акрамя юбілею ўласнага касцёла і стагоддзя Пінскай дыяцэзіі, 2025 – сімвалічны Юбілейны год для Каталіцкай Царквы ва ўсім свеце (кожны 25-год – юбілейны, ад даты нараджэння Хрыста). Цэнтральнае святкаванне стагоддзя Пінскай дыяцэзіі запланавана ў Пінску 25 кастрычніка 2025 года, напярэдадні гістарычнага дня яе ўтварэння. Сардэчна запрашаю ўсіх на гэтае свята ў Пінскую катэдральную базіліку.
– На пасадзе біскупа Пінскай дыяцэзіі вы больш за 10 гадоў. Што, на ваш погляд, за гэты час атрымалася? За што ўдзячны Богу? Якія маштабныя намеры на бліжэйшы час?
– Увогуле біскупам я служу ўжо больш за 25 гадоў. Як кіручы біскуп Пінскай дыяцэзіі – 12 гадоў. Заданне, якое стаіць перад кожным святаром, а тым больш перад біскупам, адно: нястомна абвяшчаць Евангелле і асвячаць людзей праз служэнне ў святых сакрамэнтах (таінствах). У сваім служэнні я працягваю місію сваіх папярэднікаў на пасадзе біскупа, сярод якіх вялікі муж веры – святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня яго нараджэння.
Маё прызначэнне як біскупа – дбаць найперш аб тым, каб добра функцыянавалі парафіяльныя супольнасці вернікаў. Там, дзе кампактна пражывае значная колькасць католікаў, неабходна ўмацоўваць парафіі, калі трэба – падтрымаць іх у пабудове новых месцаў культу. Гэта таксама клопат аб тым, каб святары на належным узроўні неслі пастырскае служэнне, каб у парафіях вернікі мелі доступ да катэхізацыі, рэлігійнай асветы, набажэнстваў. Важнае значэнне мае і харытатыўная, і сацыяльная апека над найбольш абяздоленымі і маючымі патрэбу ў дапамозе. Гэтага патрабуе ад нас запаведзь безумоўнай і ўніверсальнай любові да бліжняга.
– Ксёндз біскуп Антоні, калі ласка, раскажыце пра сябе – адкуль вы родам, з якой сям’і і што прывяло вас да свяшчэнства?
– Я нарадзіўся на Міншчыне ў каталіцкай сям’і, дзе практыкаванне веры мела вельмі важнае значэнне, дзе вякамі захоўвалася хрысціянская традыцыя. Таксама я ўзрастаў у каталіцкім асяроддзі ў роднай мясцовасці. Бацькі выхоўвалі нас, дзяцей, у духу пашаны да аўтарытэтаў: старэйшых людзей, святароў, настаўнікаў. Думаю, вялікі ўплыў на маё святарскае пакліканне меў прыклад мясцовага святара, які служыў у маёй роднай парафіі ў вёсцы Дзераўное Стаўбцоўскага раёна. Яго руплівасць, шчырасць, мудрасць, любоў да Бога і бацькоўская ўвага да патрэбаў кожнага чалавека запальвалі сэрцы многіх вернікаў. Сведчанне гэтай сталай хрысціянскай любові было непараўнальна мацнейшае за вучэнне атэістаў. Такое моцнае ўсведамленне веры нараджае жаданне яе наследаваць.
– А як складваўся ваш шлях да цяперашняй пасады?
– Пасля падрыхтоўкі да святарства і службы ў арміі ў 1980-я я спачатку нёс пастырскае служэнне ў Навагрудку. Канец 1980-х і 1990-я гады былі часам адраджэння парафій, рамонту і адбудовы касцёлаў. Святароў было тады зусім мала. Вернікі з больш чым 20-ці парафій вакол Навагрудка чакалі падтрымкі, дапамогі. Акрамя таго, у тыя часы гродзенскі біскуп даручыў мне кіраванне харытатыўным служэннем у дыяцэзіі, прызначыўшы кіраўніком рэлігійнай місіі «Карытас».
У 1998 годзе Папа Ян Павел ІІ прызначыў мяне дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Адначасова я быў рэктарам Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, пробашчам (настаяцелем) катэдральнай парафіі ў Гродне, сакратаром Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. З 2006 па 2012 гады служыў у Мінску, спачатку дапаможным біскупам, а пазней – адміністратрам Мінска-магілёўскай архідыяцэзіі. У 2012-м Папа Бенедыкт XVI прызначыў мяне кіруючым біскупам Пінскай дыяцэзіі.
– Пэўны час вы служылі арганістам. Ці іграеце на аргане зараз?
– Так, у часы падрыхтоўкі да святарства я служыў арганістам. Пазней, калі стаў святаром, іграць на аргане даводзілася рэдка. Хіба што трэба было дзесьці часам дапамагчы ў музычным суправаджэнні літургіі або паказаць нейкім зацікаўленым асобам прыгажосць і дыяпазон гучання гэтага геніяльнага інструмента. Тады з задавальннем сядаў за клавіятуру і славіў Бога ігрой на аргане.
– Ведаю, што адзін са старэйшых і самых вялікіх арганаў краіны, які належыць менавіта Пінскага касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, гучыць падчас набажэнстваў. Хто садзіцца за клавішы?
– Пінская катэдральная базіліка мае бясцэнны дар – адзін з найстарэйшых, найбольшых і добра адрэстаўраваных арганаў у Беларусі, іграць на якім – вялікі гонар для сусветнага ўзроўню арганістаў. Аб гэтым сведчаць міжнародныя фестывалі арганнай музыкі, якія праводзяцца ў Пінску на працягу апошніх сямі гадоў. Добры мясцовы арганіст у парафіі – гэта скарб. Нашая катэдральная базіліка мае таленавітага і высокакласнага арганіста ў асобе мясцовага верніка і педагога Аляксандра Карповіча. Мы яму вельмі ўдзячныя за яго служэнне.
– Як біскуп што лічыце найважнейшым ў вашым служэнні Хрысту і людзям?
– Для мяне як біскупа найважнейшае ў служэнні – гэта следаваць прыкладу Хрыста – Добрага Пастыра. Святарскае, у тым – біскупскае, служэнне, паводле каталіцкай дактрыны, – гэта працяг рэалізацыі Хрыстовага задання апосталам у гэтым свеце, якое складаецца з трох аспектаў: навучанне (абвяшчэнне Евангелля), асвячэнне (яднанне людзей з Богам) і кіраванне супольнасцю (пастырства). Гэта і ёсць аснова майго служэння.
– Шаноўны біскуп Антоні, гэтымі святочнымі днямі што вы пажадаеце вернікам Рымска-каталіцкай Царквы ды ўсім людзям наогул?
– У гэтыя калядныя дні, калі мы святкуем таямніцу Божага Нараджэння, хачу пажадаць не губляць пачуцця бясцэннасці кожнага чалавека і кожнага спаткання. Раство нагадвае нам пра тое, што Бог сышоў да нас на зямлю, каб раздзяліць з намі зямное жыццё з усімі яго радасцямі і болямі. Бо мы – Яго дзеці, Яго вобраз і падабенства. Кожны чалавек – безумоўная каштоўнасць. Будзем жа цаніць дар кожнай асобы і кожнай сустрэчы. Шчаслівых Калядаў і шчодрага Божага благаслаўлення на новы 2025 год!
– Вялікі дзякуй за размову.
Гутарыла Ірына АРЛОВА
Оставить комментарий