Прайшло амаль 80 гадоў з таго часу, як для Беларусі скончылася вайна, але боль ад жудасных страт і сёння не сціхае ў сэрцах нашчадкаў тых, хто на ўласныя вочы бачыў і перажыў страшныя падзеі гісторыі або загінуў у баях за нашу Радзіму. На жаль, ужо мала засталося жывых сведкаў злачынстваў, здзейсненых фашысцкімі захопнікамі. Але застаюцца помнікі, мемарыялы, абеліскі і музеі як сімвалы нашай агульнай памяці аб трагедыі таго часу, аб мужнасці і непераможнасці духу беларускага народа.
Адным з такіх помнікаў з’яўляецца мемарыяльны комплекс «АЛА» – месца памяці і смутку, якое знаходзіцца на Міншчыне.
…Усяго два тыдні не дачакаліся вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вёска Ала і яшчэ дванаццаць навакольных вёсак.
Ала размяшчалася ў глухой мясцовасці, і жыхары суседніх вёсак, хаваючыся ад карнікаў, знайші часовы прытулак у мясцовых сялян. Людзі жылі не толькі ў дамах, але і ў гаспадарчых пабудовах, лазнях, зямлянках. Спадзяваліся перажыць навалу…
У шэсць гадзін раніцы чатырнаццатага студзеня тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года вёску акружыў нямецкі карны атрад. Пад сабачы брэх і аўтаматныя чэргі людзей сагналі ў вялікі калгасны хлеў. Іх супакойвалі, гаворачы, што збіраюцца адвезці ў тыл. На самой жа справе адводзілі ў другі канец вёскі, заганялі ў пустыя хаты і падпальвалі.
Дзяцей і дарослых, якія спрабавалі ўцячы ці схавацца ў ямах і зямлянках, знаходзілі і расстрэльвалі або заганялі ў дамы, хлявы, аблівалі гаручай вадкасцю і таксама падпальвалі… Выратавацца ў той дзень удалося нямногім… Усяго у вёсцы Ала загінула 1758 чалавек, з іх 950 дзяцей, 508 жанчын, 100 мужчын, 200 старых.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны вёска не адрадзілася. У 1958 годзе на брацкай магіле, у якой былі пахаваны мірныя жыхары і савецкія салдаты, быў устаноўлены помнік. Усяго ў магіле пахавана 2253 чалавекі. Памяць аб спаленай фашысцкімі карнікамі вёсцы Ала адлюстравана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
У 2020 годзе на месцы знішчанай ворагам вёскі быў створаны мемарыяльны комплекс “АЛА”. У цэнтры мемарыяльнай зоны – сімвалічны крыж і звон. Побач – званіца ў выглядзе стылізаванага вясковага хлява з колькасцю званоў па колькасці вёсак, жыхары якіх тут загінулі.
За 1941–1944 гады лёс вёсак Ала і Хатынь раздзяліла 9200 паселішчаў, у тым ліку і вёска Сорацні Драгічынскага раёна. У выніку нацысцкай палітыкі генацыду беларускага народа за тры гады акупацыі ў Беларусі было знішчана каля трох мільёнаў чалавек.
У нашай школе заўсёды шмат увагі надаецца патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення і захаванню памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, каб ніколі больш не паўтарылася трагедыя, што перажыў у тыя часы беларускі народ. І гэтаму садзейнічаюць урокі мужнасці, якія рэгулярна праводзяцца для вучняў школы, тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, а таксама наведванне музеяў партызанскай славы і Вялікай Айчыннай вайны, захаванне ў належным стане магіл тых, хто абараняў нашу краіну ад фашысцкіх акупантаў і загінулых у час вайны мірных жыхароў.
Напярэдадні васьмідзесяцігодддзя з дня трагедыі вёскі Ала з мэтай паглыблення ведаў вучняў школы аб гістарычным мінулым беларускага народа і фарміравання ўяўленняў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў нашай школе адбыўся Рэспубліканскі адзіны урок памяці «Ала – сястра Хатыні», на якім вучні даведаліся пра трагічныя падзеі, што адбыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Ала і душой змаглі адчуць боль і гора, якія прынеслі беларусам фашысцкія акупанты. Для школьнікаў была арганізавана віртуальная экскурсія ў Мемарыяльны комплекс “АЛА”, а таксама прагляд і абмеркаванне відэароліка “Я – памятаю”. Вучні мелі магчымасць выказаць свае думкі аб трагічных падзеях, што адбыліся ў вёсцы Ала і аб тым, чаму злачынствы фашыстаў і іх памагатых не маюць тэрміну даўнасці. А таксама задумаліся над тым, што неабходна рабіць, каб падобныя трагедыі больш ніколі не паўтарыліся на зямлі Беларусі. У канцы ўрока вучні ўшанавалі памяць ахвяр вёскі Ала і ўсіх загінулых у час вайны хвілінай маўчання.
Мы, маладыя беларусы, уваходзім у эпоху, калі хутка адзінымі сведкамі падзей Вялікай Айчыннай вайны стануць толькі такія памятныя месцы, як вёскі Ала, Хатынь, Сорацні, і таму добра разумеем, што не маем права забываць гісторыю сваёй Айчыны. Мы павінны ведаць і захоўваць памяць аб трагедыі, якую прынеслі беларускаму народу генацыд і акупацыя, каб ніколі больш не паўтарылася трагедыя вёскі Ала і другіх спаленых вёсак Беларусі, каб заўсёды на нашай зямлі панавалі мір, шчасце і згода!
Ліяна МЕШЧАНЧУК,
член гуртка “Юны журналіст” сярэдняй школы № 2 г. Драгічына