21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Для беларусаў гэта своеасаблівая дата, якая сведчыць пра нацыянальную каштоўнасць, якая, з аднаго боку, павінна яднаць народ, бо любая мова, найперш, злучае тых, хто яе складае, з другога боку, нагадвае пра неабходнасць пэўных захадаў, каб зберагчы самабытны скарб.
Прапаную ўспомніць некаторыя цікавыя словы беларускай мовы.
Не ведаю, як вас, а мяне радуе тое, што хутка будзем збіраць пралескі (подснежники). Вясна ўжо дыхае ў патыліцу зіме.
Хахуля (выхухоль), між іншым, мае 44 зубы. Спачатку мускусныя залозы гэтай жывёлы выкарыстоўваліся ў якасці выдатнага замацавальніка паху духоў. Потым хахуля цікавіла прамыслоўцаў выключна з-за футра.
А вы любіце мачаць хлеб у лёк? Забыліся, што гэта? Так называецца селядзечны расол.
Наш зямляк Віктар Братчэня мае моцныя біцэпсы і трыцэпсы, а таму спартсмен добра барукаецца на руках.
Слухайце, паспрабуйце зрабіць каганец самастойна. Каганец – гэта масляная лямпа. Замест парафіну ў ім выкарыстоўваліся тлушч, алей ці сала. Карусь Каганец – такім цікавым псеўданімам падпісваў свае творы Казімір Кастравіцкі.
Давайце ўспомнім добрую часіну – школьныя паходы. Падчас іх летам на ражончыках – тонкай завостранай палачцы без сучкоў – смажылі сала над агнём.
А вы б хацелі жыць на выспе – невялікім востраве, часцей пясчаным?
У папулярнай казцы ўнучка задавала «бабулі-ваўку» розныя пытанні: чаму ў яе вялікія рукі, вушы, зубы, вочы. Май бабуля вялікі нос, яе можна было б назваць аднаслоўна яндоўкай.
Ну і нарэшце, па-беларуску капец – месца для захавання на зіму гародніны. І націск абавязкова трэба ставіць на другім складзе.
Я хоць і не паэт, але лічу:
Пасаг ад Бога ў беларусаў мова –
Крыштальна-мілагучная струна,
Што мяккасцю кране любога –
Далёкага і блізкага госця…
Аднак родная мова, найперш, павінна кранаць свой народ. У такім выпадку ў яе і народа – шчаслівая будучыня. Я веру ў тое, што беларусы – шчасліўцы!
Наталля КРЫВЕЦКАЯ