Хтосьці можа падумаць, што са з’яўленнем электроннай пошты гэтыя знакі паштовай аплаты сёння выпускаюцца выключна для калекцыянераў-філатэлістаў. Але відаў паштовых адпраўленняў вельмі шмат, і ніводнае з іх па-ранейшаму не абыходзіцца без запаветнай маркі. Дарэчы, у свеце маркі займаюць трэцяе месца па інвесціраванні пасля золата і манет.
1 мая 1840 года на лонданскім паштамце было незвычайна ажыўлена: у продаж паступіла першая ў свеце паштовая марка. У народзе яе называлі «чорны пені», бо для яе друку выкарыстоўвалі чорную фарбу, а каштавала яна па тых часах адзін пені. Марка ўяўляла сабой мініяцюрны прамавугольнік з выявай каралевы Вікторыі і наміналу. А з 6 мая гэтую марку дазволілі наклейваць на канверты і выкарыстоўваць пры адпраўцы лістоў.
Сёння на любой паштовай марцы лацінскімі літарамі стаіць назва краіны, якая яе выпусціла. Калі назвы няма – гэта марка Вялікабрытаніі. Вялікабрытанія з’яўляецца адзінай краінай у свеце, якая не друкуе сваю назву на паштовых марках. Сусветны паштовы саюз, усталёўваючы патрабаванні да марак, абавязаў усе краіны ўказваць назву краіны-эмітэнта на паштовай марцы. Вялікабрытанія, як першая краіна, якая выпусціла марку ў абарачэнне, была вызваленая ад гэтага абавязку.
Пачынаючы з 1840 года была выпушчана неверагодная колькасць паштовых марак, сярод якіх ёсць сапраўды ўнікальныя экземпляры. З кожным годам у гісторыі гэтага тыпу калекцыянавання з’яўляюцца новыя цікавыя старонкі.
Напрыклад, Каралеўства Бутан першым ў свеце выпусціла мноства незвычайных марак, сярод іх – маркі-грампласцінкі. Выглядалі яны як малюсенькія рознакаляровыя пласцінкі дыяметрам у некалькі сантыметраў. На такіх марках былі запісаны гімн Бутана, народная музыка і тэкст на англійскай мове аб тым, што Бутан – цудоўная краіна.
Марка хутка заваявала сімпатыю паштавікоў ва ўсім свеце. І не толькі паштавікоў. Яна пакарыла сэрцы закаханых. Проста пісаць лісты ім стала нецікава, і яны пачалі выкарыстоўваць марку як сродак перадачы таемнага паслання. Паступова галоўным у лістах і паштоўках стаў не змест, а спосаб наклейвання маркі. І забава гэтая называлася «мовай марак». Размешчаная пад пэўным вуглом на патрэбнай частцы канверта марка магла паведаміць адрасату самую разнастайную інфармацыю. Выпускаліся своеасаблівыя паштоўкі-дапаможнікі, якія давалі магчымасць адрасантам і адрасатам разумець адзін аднаго. Вывучыўшы ўсе пазіцыі марак на паштоўках і канвертах, можна было таемна прызнацца ў каханні, запрасіць на спатканне, высветліць адносіны, расстацца і памірыцца.
У 1960-я гады ў Францыі былі выпушчаны «смачныя» маркі, дзе ў клей дадавалі лімонны сок, мяту, ванілін. Нават была марка з дабаўкай перцу. А ў 2013-м у Бельгіі паступіла ў продаж серыя паштовых марак, якія дэманстравалі шакалад у розных відах.
У Марока існавалі паштовыя маркі, якія ўтрымлівалі пясок мараканскай Сахары.
У стварэнні марак адзначылася фірма «Свароўскі». Пошта Аўстрыі выпусціла паштовы блок з выявай фірмовага лебедзя кампаніі і крышталя. Для гэтага выпуску было апрацавана каля дзесяці мільёнаў крышталёў.
У 1981 годзе ў Парагваі выйшла чарговая серыя жывапісу, што так любяць выпускаць у гэтай краіне. На паштовым блоку адзін з твораў вялікага Дзюрэра. Матэрыялам для гэтага блока паслужыў тонкі драўляны шпон. Для трываласці пласт шпону з нанесеным малюнкам налеплены на паперу. На думку аўтараў выпуску, малюнак на натуральным шпоне лепш адлюстроўвае дух арыгінала карціны мастака.
Першая паштовая марка суверэннай Беларусі была выпушчана ў 1992 годзе. На ёй намаляваны Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай – страчаная, а затым узноўленая беларуская нацыянальная рэліквія.
З таго часу Беларусь не проста наладзіла выпуск уласных марак, але і дабілася сур’ёзнага міжнароднага прызнання. На Сусветным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA», які з 1881 года праходзіць у Вене, беларускія паштовыя мініяцюры ўжо некалькі разоў уваходзілі ў дзясятку лепшых.
Сёння ў Беларусі штогод выпускаецца да шасцідзесяці мастацкіх паштовых марак, тыраж кожнай з якіх складае ад 30 да 60 тысяч экземпляраў. Друкуюцца яны ў Бабруйскай узбуйненай друкарні імя А.Ц. Непагодзіна і выдавецтве «Беларускі Дом друку» ў Мінску. За кожнай паштовай мініяцюрай – маленькае апавяданне аб мінулым краіны. На марках намаляваны вядомыя людзі: выдатныя гістарычныя асобы і асветнікі, пісьменнікі, вучоныя, кампазітары, палітыкі, маракі, касманаўты, мастакі, а таксама выдатныя беларускія замкі і палацы, шэдэўры нацыянальнай культуры, святы, знамянальныя даты, флора і фауна.
У фондах Пружанскага палацыка захоўваецца калекцыя “Філатэлія”, якая налічвае каля тысячы марак. Сярод іх першая паштовая марка суверэннай Беларусі (мал. 1), наш зямляк Рыгор Шырма – беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст (мал. 2) і карціна знакамітага жывапісца Станіслава Жукоўскага, таксама нашага земляка (мал. 3).
Пагадзіцеся, маркі – гэта не толькі сродак для пазначэння аплаты паштовага адпраўлення. Яны і гістарычныя рарытэты, і творы мастацтва, і захавальнікі гісторыі ды культуры розных краін і народаў.
Марына КАЎТУНЮК,
галоўны захавальнік фондаў узея-сядзібы «Пружанскі палацык»