30-годдзе адзначыў музей Коласа ў Пiнкавiчах

Ціхім восеньскім днём, 11 лістапада,  на падворку народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа было па-асабліваму прыгожа і святочна.

 

Пазалота лістоты  гарманічна спалучалася з нацыянальным адзеннем удзельніц  народнага аўтэнтычнага фальклорнага калектыву Пінкавіцкага сельскага Дома культуры “Крыніцы” і навучэнцаў аб’яднання юных экскурсаводаў “ГіД”, якія сустракалі гасцей на святкаванні, прысвечаным  30-годдзю музея.

 

“Чацвёрты дзясятак – усяго пачатак” – пад такой назвай прайшло святочнае мерапрыемства. Важным яго момантам стала ўсталяванне QR-кода на будынку музея. Народны музей стаў восьмым аб’ектам у раёне, які займеў QR-код, што дазваляе атрымліваць дадатковую інфармацыю аб экспанатах музея, гістарычных асобах, звязаных з Якубам Коласам і тутэйшымі мясцінамі… Выкарыстанне сучасных тэхналогій дазваляе пашырыць кругагляд наведвальнікаў музея, дапамагае і ў пошукавай дзейнасці. Тым больш прыемна, што новыя тэхналогіі дайшлі і ў сельскую музейную ўстанову.

 

Гасцей свята запрасілі ў музей, у вестыбюлі якога сваёй віртуознай ігрой сустрэў іх народны  інструментальны ансамбль выкладчыкаў Пінкавіцкай дзяржаўнай школы мастацтваў “Мяцеліца”. А  песня “Мой родны кут” на словы Якуба Коласа кранула затаемныя куточкі сэрца бадай кожнага з прысутных.

 

Пад музычнае суправаджэнне госці накіраваліся да выставы святочных паштовак, якая падагульніла раённую акцыю “Віншаванка-вышыванка”. І…не змаглі адарваць ад яе вачэй. Цеплыня і любоў да нашага музея і творчасці славутага пясняра адчувалася працах,  кожная з іх – унікальна! Удзел у акцыі прынялі амаль ўсе ўстановы адукацыі Пінскага раёна. Вялікая падзяка ўсім. Падумалася, а чаму б не паказаць гэтую выставу ў Музеі Беларускага Палесся і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа?

 

Натхнёныя пачутым і ўбачаным госці з задавальненнем прайшліся па музею, азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай беларускаму песняру. А напрыканцы свята ўсіх жадаючых чакала пасяджэнне ў “Літаратурнай гасцёўні”. На ім былі першыя збіральнікі музейных прадметаў, былыя юныя экскурсаводы і супрацоўнікі музея,  прадстаўнікі мясцовай ўлады і прадпрыемстваў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі,  члены клуба літаратараў “Пінчукі”, мясцовыя жыхары.

 

Добрым словам успаміналі стваральніка музея І.І. Калошу, які, дарэчы, яшчэ ў 1962 годзе паклаў аснову яго экспазіцыі. Вучні і калегі гэтага апантанага справай настаўніка адзначалі, што не адзін педагог, напэўна, не ўзгадаваў столькі сваіх паслядоўнікаў, столькі ўлюбёных у роднае слова і музейную справу асоб. А вынік яго неабыякавасці да працы, да  нашай мясцовасці – кніга “Пінкавічы. Вішавічы. Мінулае і сучаснае”,  якая не паспела выйсці ў свет, як ўжо стала настольнай кнігай землякоў.

 

Разбаўлялі цёплыя ўспаміны музычныя нумары ў выкананні мясцовых паэтаў-бардаў Віктара Мяцельскага і Анатоля Козіча. А Валянціна Бегеба,  дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь даслала свае віншаванні і пажаданні музею-юбіляру.

        

Вось і папоўніўся музейны летапіс яшчэ адной цікавай на падзеі старонкай.

 

Жанна ВЕРЫЧ, метадыст ЦТДіМ

Фота аўтара

 

Опубликовано: 02:00 - 21.11.2020г.
Поделиться новостью