– Міністр інфармацыі вельмі слушна акрэсліў шэраг практычных пытанняў, якія ўзнікаюць у сувязі са стварэннем дзіцячага канала. Мяркую, што такі грандыёзны сацыяльны праект проста немагчымы без стабільнай дзяржаўнай падтрымкі. А прыватным асобам ніхто не замінае ўзяць удзел у дабрачыннай падтрымцы дзіцячых праектаў, зрабіць свой уклад у добрую справу для самых юных грамадзян нашай краіны.
Наш праект «Міністэрства дзяцінства» мает надзейную падтрымку Міністэрства інфармацыі, Белтэлерадыёкампаніі, кіраўніцтва любімага канала «Беларусь4. Брэст». Наша праграма выконвае некалькі важных функцый: адукацыйную, выхаваўчую, сацыяльную і забаўляльную. Мы стараемся даць маленькаму гледачу веды пра Беларусь, яе мінулае, сучаснасць і акрэсліць перспектывы на будучыню. «Міністэрства дзяцінства» аб’ядноўвае не толькі дзяцей. У творчы працэс актыўна ўключаюцца бацькі, родныя, педагогі і ўсе нераўнадушныя да лёсу дзяцей. Родная мова ў праграме – наша пярліна. Мы робім унікальны нацыянальны праект, наш айчынны – беларускі! У свеце многа дзіцячых праграм. І добра, калі ў гэтым шэрагу ёсць якасныя беларускія праграмы, якія вучаць цаніць і любіць сваё. Беларускі дзіцячы кантэнт – гэта сапраўды знак якасці. Бацькі і педагогі могуць быць упэўнены: калі дзеці глядзяць нашы праграмы, яны атрымаюць толькі карысныя веды і станоўчыя эмоцыі.