Гары Потэр стаў беларускім. Сустрэлiся з перакладчыцай першай кнігі

Журналіст Zarya.by” сустрэўся з перакладчыцай першай кнігі “Патэрыяны” Аленай Пятровіч. Менавіта дзякуючы ёй Гары Потэр стаў “беларускім”.

 

– Што выступае для вас галоўным пры выбары перакладу твора пэўнага аўтара: асабістае жаданне, замова друкарні, слыннасць аўтара ці іншыя крытэрыі?

 

– Відаць, многія адкажуць, што асабістае жаданне, але ідэальным для мяне з’яўляецца выпадак, калі яно супадае з замовай выдавецтва. Часам, вядома, перакладаеш нешта ўласна на замову, але ў гэтай сітуацыі, канечне, заўжды прымаеш для сябе рашэнне: ці не супярэчыць твор нейкім тваім перакананням, і толькі тады бярэшся за працу. Пра слыннасць аўтара як асобны крытэрый я ніколі не думала.

 

Сярод твораў, што я перакладала, былі як фікшн, так і нон-фікшн. У двух словах пра ўсё не раскажаш, таму спынюся толькі на адным творы ў жанры нон-фікшн ‒ гэта кніга польскай аўтаркі Малгажаты Шэйнэрт “Насыпаць горы”, якую мы разам з Марыяй Пушкінай пераклалі на беларускую мову. Гэта кніга пра беларускае Палессе, пра людзей і мясціны, напісаная, што важна, не “знутры”, і ад гэтага яшчэ больш цікавая. Аўтарка падарожнічала па Палессі, сустракалася з яго жыхарамі, а пасля расказвала іх гісторыі, як яны ўкладаюцца ў гісторыю краю. І я лічу важным, што яна выйшла па-беларуску і стала даступнай у нас.

 

– Хто ініцыяваў пераклад на родную мову “Гары Потэра”? Чаму пераклад быў зроблены не ў 1997-м, калі выйшла ў свет першая кніга, не ў 2008-м, калі Джаан Роўлінг напісала апошнюю, сёмую?

 

Я даведалася, што ў выдаўца Андрэя Янушкевіча зявілася такая ідэявыдаць перакладГары Потэра”, і я сама да яго прыйшла з прапановай сваёй кандыдатуры перакладчыцы, бо раней супрацоўнічала з гэтым выдавецтвам. Я пераклала адзін ці два першыя раздзелы і прынесла іх на прагляд выдаўцу. Вядома, у ідэале, калі ўсё будзе добра, я хацела б перакласці ўсе сем кніг, зараз я працую над другой. Пакуль толькі магу сказаць, што кніга мусіць выйсці сёлета, а пра канкрэтны час адкажа хіба толькі выдавец.

 

Чаму кніга выйшла не раней? Справа ў тым, што ёсць аўтарскія правы, якія выдавецтва мусіць купіць у праваўладальнікаў. Калі пры перакладзе нейкага твору на тыя мовы, на якіх размаўляюць і чытаюць мільёны, пакупка правоў заўжды будзе апраўдана, то ў сітуацыі, напрыклад, з беларускай мовай, гэта крыху складаней. Ну і плюс патрабаванні праваўладальнікаў: яны пільна адсочваюць, каб кніга вышла на ўзроўні, нават у плане якасці паперы і друку.

 

 

– Як доўга вы перакладалі “Гары Потэр і філасофскі камень”? Што было самым складаным у гэтай справе?

 

– Агулам кнігу я перакладала амаль год, але гэта не была пастаянная праца. У тым сэнсе, што спачатку я пераклала некалькі першых раздзелаў, далей чакала адказу ад выдаўца, пасля быў настрой ‒ і я перастала чакаць адказу і працягнула перакладаць. Пасля зноў была паўза, бо ў мяне ёсць асноўная праца, я выкладаю беларускую мову ў БДУ, і былі вельмі загружаныя месяцы. Таксама маю кандыдатуру мусілі зацвердзіць яшчэ і праваўладальнікі, і таму стопрацэнтнай упэўненасці не было. Але пасля, увесну, я вырашыла, што, як бы ні было, я даперакладаю гэтую кнігу, з’ехала на тыдзень у Кіеў, там вельмі плённа папрацавала, і акурат калі я была там, прыйшла навіна ад выдаўца, што мяне зацвердзілі ў якасці перакладчыцы.

 

І гэта пачатак адказу, які датычыцца часу і месца. Мне трэба змяняць абстаноўку, калі я працую над вялікім тэкстам. Таму з большага я перакладала, седзячы ў розных кавярнях, а вось аднойчы, як я сказала вышэй, нават з’ехала ў Кіеў, зняла там кватэру на тыдзень, і гэта сапраўды быў самы плённы перыяд для маёй працы ‒ там увесь час было сонца. Увогуле, у мяне няма ніякага такога рытуалу тыпу з’есці цукерку (я ўвогуле не люблю цукеркі), але мне адназначна дапамагае сонца. У сонечны дзень я заўжды перакладу больш, я тады працую з вялікай ахвотай. Такім чынам, меркаваць пра хуткасць выхаду наступных кніг можна, адсачыўшы колькасць сонечных дзён у годзе. Безумоўна, гэта жарт, але сонца мне дапамагае.

 

І таму ўласна я не магу сказаць, колькі старонак у дзень я перакладала, бо гэта было вельмі па-рознаму. Цяпер, перакладаючы другую кнігу, я распрацавала для сябе план па часе, але гэта мой сакрэт, бо раптам я абяцанне не стрымаю.

 

– Ці любіце вы фантастыку? Хто ваш любімы аўтар?

 

– Шчыра кажучы, ніколі не была вялікай прыхільніцай фантастыкі ці фэнтэзі. Вядома, чытала нешта, але ўсё адно гэта былі творы з класікі, накшталт “Згублены свет” Конан-Дойла, асобныя творы Брэдберы. Пасля спрабавала нешта чытаць з тыповага фэнтэзі, ды нешта мне было нудна. Але “Гары Потэр” для мяне ‒ гэта не магія дзеля магіі, мне здаецца, гэтыя фэнтэзійныя элементы там проста другасныя, гэта дарослая кніга пра дарослыя рэчы.

 

 

– Раскажыце пра зацвярджанне вашай кандыдатуры ў якасці перакладчыка “Гары…”. Ці ўзнікалі “коскі” на гэтым шляху? Ці былі сумненні ў вас?

 

– Асноўная праблема была ў тым, што калі я склала сваё перакладчыцкае рэзюмэ, выявілася, што ў мяне няма цэлых кніг, перакладзеных з англійскай мовы. Усё, што выходзіла ўласна кнігамі, я перакладала з польскай, а з англійскай былі апублікаваныя толькі асобныя апавяданні, напрыклад, Конан-Дойла пра Шэрлака Холмса. Таму, вядома, сумневы былі. Дапамагло тое, што я дапоўніла рэзюмэ, дапісаўшы туды, што маю PhD ў лінгвістыцы (па-нашаму гэта кандыдат філалагічных навук). Па праўдзе, не меркавала, што гэта можа быць настолькі важным.

 

– У чым, на вашу думку, сакрэт прывабнасці твораў Роўлінг?

 

– Гэта твор пра сур’ёзныя рэчы, аднак з мінімальным намёкам на маралізатарства, і толькі ў першых кнігах, дзе галоўным героям 11-12 гадоў.

 

Калі я была дзіцем і падлеткам, я ненавідзела, калі мяне нехта нечаму вучыць, у сэнсе, прамым тэкстам. І вось тут гэтага няма. У кнізе спалучана ўсё, што можа хваляваць чалавека ў момант сталення: сяброўства, стасункі ў сям’і, вучоба, спорт, каханне, здрада… ‒ яшчэ шмат чаго важнага, але на першы погляд, не так ярка заўважнага, як стаўленне да “немажарытарных груп”, стасункі з уладай і г.д. Гэта ўсё тое, што цікавіла мяне, калі я была падлеткам. Ды і, прызнаюся, мяне яно і дагэтуль цікавіць.

 

Пра кожную кнігу казаць асобна не буду, бо на свежа памятаю толькі першую і другую, але з улюбёных эпізодаў, калі Дамблдор, а пасля і Герміёна спрабуе растлумачыць Гары, што бяда, якая здарылася з Сірыусам Блэкам, была выклікана сярод іншага тым, як ён ставіўся да свайго хатняга эльфа, што, дарэчы, яднала яго з Цёмным бокам. І гэта вельмі важны момант для разумення ўсёй філасофіі кнігі, на маю думку.

 

І яшчэ люблю момант у той жа кнізе, калі Гары разносіць кабінет Дамблдора ‒ ён там такі сапраўдны падлетак, вельмі жывы.

 

 

– Чым кіраваліся пры перакладзе на беларускую мову асабовых імён, некаторыя пададзены ў іншым варыянце, чым зрабілі перакладчыкі “Росмэну”.

 

– Глабальна ‒ я намагалася не надаваць твору “славянскасці” за кошт знішчэння “англійскасці”. Мой прынцып ‒ перакладаць толькі “гаваркія” ўласныя імёны, а не проста тыя, якія можна хоць неяк этымалагізаваць, як гэта рабілі, напрыклад, некаторыя перакладчыкі з прозвішчам “Снэйп”. Я напісала пра гэты прынцып праваўладальнікам, і яны зацвердзілі гэты падыход.

 

– Ці сустрэліся па тэксце з аўтарскімі, роўлінгскімі, неалагізмамі. Для мяне вісусы-свавольнікі – гэта адзін з такіх прыкладаў. Ці я памыляюся?

 

– Так, яны там ёсць, і ў наступных кнігах іх яшчэ больш, і перакладаць іх найбольш цікава. “Вісусы-свавольнікі” ‒ гэта з мовы палтэргейста Назолы, наколькі я памятаю, і ў яго такая своеасаблівая мова, я намагалася неяк перадаць гэта ў перакладзе.

 

– На мой погляд, у нашым мульцілінгвістычным свеце да кожнай кнігі не перашкодзіў бы маленькі перакладны слоўнічак – зазірнуў у канец і знайшоў дакладны пераклад таго ці іншага слова. Якой думкі прытрымліваецеся на гэты конт вы?

 

– У мяне ёсць такі рабочы файл з уласнымі імёнамі, заклёнамі, назвамі кніг і г.д. Але ператвараць раман у нейкую паўакадэмічную працу мне не хацелася, бо гэта прыносіць атмасферу нейкай павышанай сур’ёзнасці ў і без таго сур’ёзную кнігу.

 

– Калі б надарылася сустрэцца з пісьменніцай Дж. Роўлінг, пра што б спыталі найперш?

 

– Шчыра кажучы, ні пра што б не пытала. Думаю, у яе запыталі ўжо пра ўсё на свеце па тысячы разоў, і гэтыя адказы можна недзе знайсці. Пра асабістае мала хто шчыра адкажа, пра пісьменніцкую справу ўсё ўжо прагаворана, а пра планы таксама ніхто ж не прызнаецца.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

 

 

 

 

Опубликовано: 12:00 - 26.02.2020г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.