Як прайшло свята хлебаробоў у Міжлессі Лунінецкага раёна

14.09.2026

Раённыя «Дажынкі» ў Міжлессі сталі яшчэ адным яркім сведчаннем таго, як самааддана на Лунінеччыне ўмеюць працаваць і гэтак жа шчыра і хораша адпачываць.

Свята чакалі, да яго рыхтаваліся, тры гады запар у аграгарадку па розных уважлівых прычынах адкладвалі, і нарэшце яно адбылося. Маляўнічыя стылізаваныя падворкі прадставілі абсалютна ўсе гаспадаркі раёна, трапна падкрэсліўшы сваю самабытнасць і гасціннасць. Намесніку старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктару Рафаловічу, старшыні Лунінецкага райвыканкама Аляксандру Савіне, членам райвыканкама і гасцям спатрэбілася нямала часу, каб наведаць кожны, аддаўшы даніну творчай вынаходлівасці землякоў. Паўсюдна разгортвалася захаплючае імправізаванае дзейства, якое анікога не пакідала абыякавам. Вялікай папулярнасцю карысталіся дэгустацыйныя пляцоўкі, на якіх шчодра была прадстаўлена прадукцыя як мясцовых вытворцаў, так і многіх вядучых прадпрыемстваў Берасцейшчыны, а таксама фермерскіх гаспадарак. Незабыўныя эмоцыі выклікала святочнае шэсце: да афармлення калон у гаспадарках падышлі з асаблівым імпэтам. У выкананні таленавітых самабытных калектываў гучалі песні, сярод якіх асаблівую ўвагу звяртала на сябе напісаная спецыяльна да хлебаробскага свята ў Міжлессі.

А яно сёлета было асабліва знакавым: упершыню за шмат гадоў Лунінецкі раён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых. Са святам лунінецкіх хлебаробаў павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. «Сёлетні сельскагаспадарчы сезон залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Лунінецкага раёна. Праявіўшы сапраўдны гераізм, надзвычай высокую самааддачу і жалезную дысцыпліну, вы ўпершыню ў гісторыі раёна пераадолелі запаветны рубеж і намалацілі 100 тысяч тон зерня з улікам рапсу. Выдатны трыумф, які павялічыў мінулагодні вынік у 1,4 раза, стаў сенсацыяй жніва на Брэстчыне. Як сапраўдныя палешукі, вы працавалі на роднай зямлі ад світання да змяркання, паспяхова пераадольваючы капрызы прыроды. Ваш гістарычны рэкорд – важкі ўклад у харчовую бяспеку Рэспублікі Беларусь і яркае пацверджанне высокага патэнцыялу аграпрамысловага комплексу першага рэгіёну», – сказана ў прывітальным адрасе, які Віктар Рафаловіч перадаў Аляксандру Савіне. Ад сябе Віктар Анатольевіч не без гонару дадаў, што сёння Лунінеччына – перадавы рэгіён.

– І гэта не проста словы. На абласных «Дажынках» у Жамчужным з шасці намінацый у чатарох пераможцамі сталі сельгасарганізацыі Лунінецкага раёна. 15 разоў працаўнікі Лунінеччыны ўзнімаліся на абласную сцэну! І гэта таксама самая вялікая колькасць узнагароджаных у параўнанні з іншымі рэгіёнамі вобласці. 53 экіпажы-тысячнік , 3 – двухтысячнікі, больш за 40 вадзіцеляў-рэкардсменаў сведчаць пра тое, што пашана гэтая па заслугах. Ніколі не адступайце назад. Разам мы зможам усё! У крыві палешукоў – заўсёды быць побач, плячо да пляча. Інакш на Палессі і не выжывалі ніколі. Не сумняваюся, што і 2027 год прынясе добры плён, – сказаў Віктар Рафаловіч, пажадаўшы землякам моцнага здароўя, мірнага неба і дабрабыту ў сем’ях.

Афіцыйная цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы вырашчанага ўраджаю таксама была працяглай – Лунінеччыне ёсць кім ганарыцца. Трошкі стомленыя, загартаваныя гарачым сонцам, у гэты дзень усе ўдзельнікі жніва шчодра дарылі ўсмешкі, крыніцай якіх было ўсведамленне сумленна выкананай справы.

Свята спакваля вылілася на абноўленыя вуліцы аграгардка, упрыгожаныя палаткамі выязнога гандлю, і завяршылася позна ўвечары ўражваючым фейерверкам.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ
Фота аўтара