Паважаныя землякі!
Перагорнута яшчэ адна старонка прафесійнага жыцця вялікай і руплівай каманды аграрыяў Іванаўскага раёна – завершаны чарговы аграсезон. Сёлетняя ўборачная кампанія ў каторы раз паказала, што хлебаробы Іванаўшчыны падрыхтаваны да любых выклікаў надвор’я, ведаюць, як зменшыць іх адмоўны ўплыў і атрымаць добры ўраджай сельскагаспадарчай прадукцыі, каб умацаваць харчовую бяспеку радзімы.
Вынікам высокай культуры земляробства, памножанай на вытрымку і адказнасць задзейнічаных на жніве працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Іванаўшчыны, стаў шчодры дар – каравай вагою 104,2 тысячы тон зерня (з улікам рапсу, без кукурузы). Леташняе лідарства на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур пацвердзіла УП «Моладава-Агра»: ураджайнасць склала 50,1 цэнтнера з гектара. Амаль 47 цэнтнераў на круг атрымалі аграрыі ААТ «Снітава-Агра». Увогуле, у шасці з дванаццаці сельгаспрадпрыемстваў Іванаўскага раёна ўраджайнасць перавысіла сярэднераённы паказчык (38,6 ц/га), што сведчыць пра належны ўзровень арганізацыі вытворчага працэсу.
Падчас уборачнай кампаніі былі задзейнічаны 91 камбайн і больш за сто адзінак транспартных сродкаў. Слаўна папрацавалі камбайнеры. Шэсцьдзясят пяць экіпажаў пераадолелі планку па намалоце зерня ў тысячу тон, камбайнеры Руслан Вячаслававіч Супрун (ААТ «Агра-Моталь») і Сяргей Сяргеевіч Барташ (ААТ «Дастоева») – у дзве тысячы тон. Дарэчы, сямейнаму тандэму родных братоў Аляксандра і Міхаіла Галаўчукоў (ААТ «Снітава-Агра») не хапіла ўсяго трыццаць тон, каб далучыцца да герояў-двухтысячнікаў. Зладжанасць у працы прадэманстравалі вадзіцелі, якія адвозілі збажыну з поля на зернесушыльныя комплексы. Прыемнай навіной для іванаўцаў стала тое, што на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026» узнагароды атрымалі як вопытны, так і малады вадзіцелі ААТ «Бакунова» – Сяргей Васільевіч Павяльчук (2-е месца) і Вадзім Сяргеевіч Барычэўскі (3-е месца). Пераможцам абласнога спаборніцтва таксама стаў галоўны інжынер адкрытага акцыянернага таварыства «Снітава-Агра» Дзмітрый Васільевіч Шпырко.
Шаноўныя жыхары Іванаўшчыны! Здаецца, нядаўна мы сачылі за ходам жніва, радаваліся працоўным дасягненням перадавікоў нашага краю, а сёння жывём новымі клопатамі. Спадзяванні на шчодрасць хлебнай нівы ў наступным годзе падмацаваны чарговай важнай справай аграрыяў: у раёне ў аптымальны тэрмін будзе завершана сяўба азімых культур. Дык дай Божа, каб усё было гожа!
Мікалай БОРТНІК, старшыня Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта