Да Дня роднай мовы: адмысловыя назвы вёсачак

Кропкай адліку святкавання Міжнароднага дня роднай мовы стаў 1999 год. Zarya.by выправілася нядаўна ў падарожжа па Іванаўскім і Драгічынскім раёнах, з тым, каб знайсці ў іх адмысловыя беларускія назвы населеных пунктаў.

 

Беларускія шклозаводы маюць поўнае права называцца гутамі. Справа ў тым, што гута – гэта традыцыйная старабеларуская назва майстэрні, дзе  выраблялася шкло. Тыя, хто працаваў на ёй, зваліся гутнікамі. Цікавая інфармацыя змешчана на сайце ААТ «Шклозавод «Нёман»: «Гісторыя прадпрыемства пачалася з маленькай гуты мясцовага памешчыка Зянона Ленскага…». Такім чынам, дадзены завод па-беларуску мог гучаць як ААТ «Гута «Нёман». Як па мне, то ўнікальна і патрыятычна. У Драгічынскім раёне ёсць вёскі Гута і Гутава, у Іванаўскім – Загута. Напэўна, калісьці там былі невялікія гуты, якія вызначалі жыццё вяскоўцаў.

 

Працягваючы вытворчую тэматыку, ўспомнім населеныя пункты Смольнікі і Гарбаха ў Іванаўскім раёне. У Смольніках спачатку людзі жылі па хутарах, назва якіх паходзіла ад прозвішча, родавых мянушак ці месца нараджэння іх гаспадароў. Дык вось, каля Галуцаў, помняць старажылы, была некалі смалярня – прадпрыемства, дзе перапрацоўвалася смала. Яе збіралі з соснаў у тутэйшых лясах. Адсюль пайшла назва населенага пункта Смольнікі, яго жыхароў – смалянаў, якія ў 50 – 60-х гадах мінулага стагоддзя масава перасяляліся з хутароў у вёску. У Гарбасе размяшчалася цагельня – завод, дзе выраблялася цэгла. Цікавы факт: на цаглінках пазначалася месца і дата іх вырабу. Пра гэта выпадкова пачула ад чалавека, які трымаў у руцэ такі «экспанат».

 

 

На Драгічыншчыне ёсць вёсачка Старамлыны. Мяркуючы па назве, можна дапусціць думку, што раней тут людзі займаліся млынарствам – малолі зерне на муку. Прымаўка «На Лаўрына спяшайся да млына» звязана са святам млынароў, якое па народным календары адзначаецца 23 жніўня.

 

У Іванаўскім раёне месціцца вёска Журавок. Хацелася б, каб ад назвы традыцыйнай беларускай стравы жур (аўсяны кісель) пайшло імя мясцовасці. Хаця не выключана, што яе насялялі тыя, хто падоўгу мог журыцца, маркоціцца. У суседнім раёне ёсць вёска Скібічы. Скіба як луста хлеба альбо як пласт узаранай зямлі – у гонар гэтага слова, думаецца, названы Скібічы ў Драгічынскім раёне.

 

 

Назвы вёсак Залядынне і Лядавічы паходзяць, хутчэй за ўсё, ад лядаў – дзялянак высечанага лесу. Яшчэ адзін населены пункт у Іванаўскім раёне, Вартыцк, мабыць, сэнсава звязаны са словамі варта (ахова) ці варты (рус. – достойный), Кужалічын ад кужаля – так называецца валакно ачэсанага лёну. Нейкая незвычайная думка, штосьці стрэліла ў галаву чалавеку ці групе людзей, – і вёска, як варыянт, пачала звацца Стрэльнам. Там, дарэчы, ёсць музей зёлак, куды раю наведацца.  

 

 

Месца, дзе стаяла гумно, – вялікая халодная будыніна для складвання і абмалоту зжатага збожжа, завецца па-беларуску гумнішча –  у Драгічынскім раёне ёсць вёсачка з такой назвай. Брадок – яшчэ адна назва населенага пункта з вядомай этымалогіяй. Так называюць неглыбокае месца на рацэ альбо возеры, зручнае для пераходу. У Опальскім сельсавеце Іванаўскага раёна знаходзяцца Туляцічы. Напэўна, утворана назва ад слова туляцца – хадзіць без пэўнай мэты, або знаходзіцца дзе-небудзь, хаваючыся ад каго ці чаго-небудзь. Туляга ў крапівінскай п’есе «Хто смяецца апошнім» – бадай, самы запамінальны персанаж у беларускай літаратуры з прозвішчам, якое паходзіць ад гэтага дзеяслова. Падобнае па гучанні, але куды з больш прыемным сэнсам, слова туліцца – гарнуцца да кагосьці, адчуваць вялікую прыязнасць і быць адданым гэтаму чалавеку. Да матулі звычайна туляцца дзеці.

 

 

 

Адным словам, родная мова – своеасаблiвы код нацыі, як і павінна быць, жыве паўсюдна. Кожны народ сам вызначае тэрмін прыдатнасці гэтага кода, адначасова ўплываючы паміж іншым і на свой лёс.

 

Наталля КРЫВЕЦКАЯ

Фота Марыны ЛЯШКЕВІЧ

 

Опубликовано: 03:20 - 21.02.2021г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.