Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака Эдуарда Куфко

4 сакавіка споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага мастака з Брэста Эдуарда Куфко – чалавека, які сваім жыццём і сваёй мастацкай творчасцю выказаў мужную грамадзянскую пазіцыю ЧАЛАВЕКА з ліку непакораных духам. Ён першы ў Беларусі і былым Савецкім Саюзе звярнуўся ў  мастацкай творчасці да тэмы зверстваў у фашысцкіх канцэнтрацыйных лагерах і савецкім ГУЛАГу.

 

Некалькі разоў я меў магчымасць бываць у майстэрні Эдуарда Станіслававіча сумесна з мастаком Канстанцінам Калодзічам (у свой час у іх склалася моцнае сяброўства). Пілі гарбату, размаўлялі пра мастацтва… Адным разам патрапілі падчас працы мастака над работай «Мужык-беларус» для абласнога краязнаўчага музея: пры нас ён рабіў нязначныя праўкі палатна. Эдуард Куфко быў і маім суседам па Граеўцы. Жыў на суседняй вуліцы. І мне заўжды было цікава і прыемна сустракаць яго, вітацца, адчуваць, што ў мяне такі сусед-калега, які жыве па вуліцы Мірнай... Хаця мірным жыццё мастака Эдуарда Куфко было не заўсёды, асабліва калі пачалася вайна...

 

Эдуард Станіслававіч быў чалавекам складанага і драматычнага лёсу. Да вайны паспеў скончыць толькі два курсы Яраслаўскага мастацкага вучылішча, потым была служба ў арміі, вайна, фронт, палон... Гітлераўскія канцлагеры. А пасля лагераў – вызваленне... І зноў калючы дрот, вышкі з пражэктарамі, злыя сабакі – цяпер ужо ў савецкіх лагерах... 

 

На долю Эдуарда Куфко выпалі цяжкія фізічныя і духоўныя выпрабаванні ў ваенныя і пасляваенныя гады мінулага стагоддзя. Але ён заўсёды ўпарта маляваў, пісаў партрэты (асабліва шмат давялося працаваць з алоўкам і фарбамі ў лагерах, дзе гэта было выратаваннем жыцця). Творчай працай пасля ГУЛАГу ён глушыў боль, які ніколі не адпускаў яго, былога вязня двух лагераў смерці.

 

 

 

У Брэсце мастак апынуўся ў 1955 годзе і адразу пачаў плённа працаваць як жывапісец, удзельнічаць у мастацкіх выставах такіх жа мастакоў-франтавікоў, як і ён сам, з 1956 года (рэабілітаваны быў у 1957-м). Гэта было вялікай патрэбай і для таго, каб здзейсніцца па жыцці чалавекам і творцам, падвёўшы рысу паслялагернай творчасці.

 

На той час пасля вайны ў горадзе сабралася неблагая суполка мастакоў, якія вярнуліся з вайны і апынуліся па розных прычынах у Брэсце. Гэта і ўдзельнік фінскай і Вялікай Айчыннай войн Пётр Данэлія, франтавы разведчык Іван Фяцісаў, кавалер савецкіх і польскіх узнагарод палескі партызан Іван Рудчык, Мікалай Чураба, які быў пад акупацыяй... Усе яны стваралі мастацкі асяродак у Брэсце, стваралі абласную мастацкую арганізацыю.

 

 

Эдуарду Станіслававічу прыйшлося шмат працаваць, каб сцвердзіць сябе ў мастацтве. Маляваць даводзілася ўсё тое, што малявалі і яго калегі, таварышы па мастацкаму цэху. Гэта былі партрэты перадавікоў сацыялістычнай вытворчасці, членаў Палітбюро ЦК КПСС, ветэранаў вайны, ну і таксама калег-мастакоў, літаратараў Берасцейшчыны, і ўвогуле цікавых людзей, сяброў.  Вынікам плённай працы стаў прыём у члены Саюза мастакоў СССР у 1965 годзе.

 

Нарадзіўся Эдуард Куфко ў сяле Славоціна Цвярской вобласці ў Расіі ў сям’і чыгуначніка. У раннім узросце адбылася высылка сям’і ў Архангельскую вобласць. У 1939 годзе будучы мастак скончыў Абазерскі лесатэхнічны тэхнікум. У 1938 – 1939 гадах вучыўся ў Яраслаўскім мастацкім вучылішчы. Паспеў скончыць два курсы, затым была служба ў войску, вайна, фронт, плен, нямецкі канцлагер. Пасля вызвалення – вязень савецка-сталінскага ГУЛАГу (1946 – 1953).

 

 

Першыя буйныя палотны Эдуарда Куфко, якія з’явіліся ў канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў, мінулага стагоддзя былі прысвечаны менавіта антыфашысцкай тэме, пазней мастак стварыў цыкл палотнаў «Вязні фашызму» («Не забудзем», «Антыфашысты», «Праўда», «Асвенцым», «Вызваленне»). Аднымі з першых значных твораў сталі палотны «Праклён фашызму», «Непакораны», «Пабег»,  прысвечаныя тым людзям, чые дух і воля былі не зломлены цяжкімі іспытамі фашысцкіх лагераў. Мастак апавядаў пра  жахі лагераў смерці па праву чалавека, які праз гэты ад прайшоў сам. Там сустракаў ён мужных людзей, якія знаходзілі ў сабе сілы не толькі каб маральна не згубіць сябе, але і выказваць яшчэ свой гнеў ды абурэнне ў процістаянні адскай машыны фашызму.

 

Антыфашысцкую тэму завяршыла кампазіцыя «Памяці вязняў Ламсдорфу», у якой Эдуард Куфко паказаў, пераасэнсаваў дзве эпохі – час фашызму і сучаснасці. Гэты твор з’яўляецца напамінам-перасцярогам жывым. 

 

Творчай манеры Эдуарда Куфко характэрна экспрэсіўнасць, выразнасць каларыту, арыгінальнасць кампазіцыйнай пабудовы, шырокае выкарыстанне сімволікі.

 

 

Гады савецкіх лагерных выпрабаванняў не прайшлі дарэмна. Эдуард Куфко ўсё часцей і часцей звяртаецца ў творчасці да тэмы ГУЛАГу. Ён шмат прыпамінае, пераасэнсоўвае перажытое. І каб ніколі падобныя лагерныя жахі не паўтарыліся ў жыцці людзей, мастак пераносіць на палотны свае ўспаміны аб перажытым, свае хваляванні, думкі. Творы на савецкую лагерную тэму з’яўляюцца адзін за другім. Так і стварылася серыя жывапісных работ «ГУЛАГ». 

 

А першы твор гэтага цыклу ўбачылі ўжо ў сярэдзіне 1980-х – «Іван Дзянісавіч». Гэта быў абагульнёны вобраз непакоранага героя апавядання былога вязня Аляксандра Салжаніцына і адначасна нібыта аўтапартрэт мастака-аўтара ў лагерным адзенні... 

 

У 1992 – 1996 гадах з вялікім поспехам прайшлі выставы твораў мастака  ў Беларусі і ЗША. Яго палотны пераязджалі з горада ў горад, з галерэі ў галерэю, распавядаючы пра жахі сталінскіх рэпрэсій.

 

Не прыходзіцца здзіўляцца таму, што творы Эдуарда Куфко  ў сваёй большасці прысвечаны ваенна-лагернай тэматыцы як па каларыту, так і па зместу і манеры выканання. Але мастак верыў у прыгажосць, пісаў і цудоўныя пейзажы, светлыя запамінальныя партрэты, нацюрморты насуперак усяму таму, што засталося за пакутаванымі гадамі. Любіў кветкі, любоўна вырашчаныя жонкай у сваім садзе-гародчыку на Граеўцы, верыў у Чалавека.

 

Эдуард Станіслававіч вельмі любіў літаратуру, шмат чытаў. Мо таму ў сваёй творчасці звяртаўся неаднаразова да стварэння жывапісных партрэтаў берасцейскіх літаратараў, з якімі любіў сустракацца, бавіць час. У спадчыну засталіся партрэты Уладзіміра Калесніка, Міхася Рудкоўскага, Міколы Пракаповіча, Алеся Каско,  Мікалая Аляксандрава, драматурга-празаіка Раберта Святаполк-Мірскага. Сярод іншых  можна вызначыць партрэты кампазітара Эдуарда Ханка, партызана Міхаіла Хлебнікава, пісьменніка Фёдара Дастаеўскага, Аляксандра Салжаніцына.  Да лірычных партрэтаў адносяцца «Дзяўчына з Палесся», «Партрэт жонкі», «Ірына», «Рая», у якіх мастак паказаў прыгажосць і ўзнёсласць жанчын – муз і натхняльніц творчасці мастакоў.

 

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Эдуард Куфко пайшоў з жыцця 18 кастрычніка 1998 года ў Брэсце.

 

Эдуард Станіслававіч любіў жыццё з яго прыгожымі краявідамі, з цікавымі людзьмі. З ім самім заўжды было цікава сустракацца, размаўляць. Ён быў чалавекам-легендай. Такім і застаецца ў памяці мастакоў, літаратараў і ўсіх людзей, хто добра ведаў яго, памятае як непакоранага Чалавека і Мастака.

 

 

Леанід ВАЛАСЮК, г. Брэст

Опубликовано: 11:20 - 03.03.2021г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.