930. Пачынаецца ўсё з любвi...



    Ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных юбілею, прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Андрэевіч Сумар, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Аляксандравіч Цупрык, кіраўнікі Пінскіх раённай і гарадской адміністрацый, прадстаўнікі творчых грамадскіх арганізацый, шматлікія прыхільнікі творчасці Янішчыц.
    У рамках святкавання юбілея ўручана літаратурная прэмія Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка, а таксама падведзены вынікі літаратурнага конкурсу “Мой вечны шлях, мая Айчына”, прысвечанага 60-годдзю паэтэсы. Ён, гэты конкурс, ужо другі год запар ладзяць Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і філалагічны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна. 
    Лаўрэатамі прэстыжнай прэміі  (гэтая дзея сталася самай галоўнай на свяце) сталі (у намінацыі “Паэзія”) аўтары кнігі “Трохперсце” Міхась Рудкоўскі (пасмяротна), Мікола Пракаповіч ды Алесь Каско. У намінацыі “Проза” – Зінаіда Дудзюк за кнігу “Кола Сварога” ды Васіль Ласковіч – за дакументальна-мастацкую кнігу “Отзвук далекой грозы”. У намінацыі  “Дзіцячая літаратура” прэмію атрымаў Расціслаў Бензярук за кнігу казак “Зайцаў кажушок”.
    Як літаратурную прэмію імя Ул.Калесніка, гэтак жа і ўзнагароды ды падарункі (“Літаратурную карту Берасцейшчыны”, зборнік лепшых твораў мінулагодніх дзіцячых літаратурных конкурсаў “Адкрыццё”...) пераможцам сёлетняга літаратурнага конкурсу “Мой вечны шлях, мая Айчына”, прысвечанага зноў жа юбілею Янішчыц, уручыў дарослым і пачынаючым літаратарам Канстанцін Андрэевіч Сумар.
      Падчас уручэння прэміі перад прысутнымі выступілі, акрамя лаўрэатаў, дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” Алесь Карлюкевіч, галоўны рэдактар “Народнай газеты” Уладзімір Андрыевіч, які, да ўсяго, уганараваў дзяцей, што сталі пераможцамі ў літаратурным конкурсе, дыпломамі газеты, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Савета па прысуджэнні літаратурнай прэміі імя Ул. Калесніка, галоўны арганізатар дзіцячага конкурсу Анатоль Крэйдзіч, а галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” паэтэса Раіса Баравікова яшчэ і прэзентавала апошні нумар гэтага аўтарытэтнага літаратурнага выдання, у якім змешчаны творы дзесяткаў аўтараў-берасцейцаў  і шмат старонак прысвечана Янішчыц.
    Наогул, на Піншчыне цягам года праводзіліся самыя розныя літаратурныя ды культурныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею выдатнай зямлячкі, якія аб’яднаны адзінаю назвай – “Пад зоркай Яўгеніі Янішчыц”. Пры падтрымцы гарадскіх ды раённых уладаў у дзесятым выпуску часопіса “Нёман” быў апублікаваны “Пінскі сшытак”, у якім знайшлі месца публіцыстычныя ды мастацкія творы сучасных літаратараў Піншчыны, а таксама цыкл крытычных і дакументальных матэрыялаў, прысвечаных жыццю і творчай дзейнасці Яўгеніі Янішчыц.
    Як вядома, паэтэса нарадзілася 20 лістапада 1948 года, а 25 лістапада 1988-га яе, на жаль, не стала. Такім чынам, яна пражыла ўсяго 40 год. Праўда, за сваё кароткае, але яркае жыццё  “ластаўка Палесся” паспела зрабіць столькі, што яе імя па праву лічыцца паэтычным сімвалам Беларусі, Палесся. Таму невыпадкова ў дзень нараджэння Яўгеніі Янішчыц на Піншчыне высадзіўся пашанотны і даволі шматлікі літаратурны дэсант. А юбілейныя мерапрыемствы пачаліся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая, дарэчы, ужо 10 год носіць яе імя. Пачаліся яны з прэзентацыі часопіса “Нёман”, дзе і змешчаны “Пінскі сшытак”.
    Сталічныя госці, а разам з імі шматлікія прыхільнікі таленту Янішчыц, здзейснілі паездку па мясцінах, звязаных з яе імем. Да мемарыяльнай дошкі на доме ў в.Рудка, у якім нарадзілася паэтка, прадстаўнікамі райвыканкама і членамі пісьменніцкай дэлегацыі ўскладзены кветкі. А на будынку Парэцкай базавай школы, якой напярэдадні дадзена імя Янішчыц, таксама ж ва ўрачыстай абстаноўцы  адкрыта мемарыяльная дошка.
    Пабывалі госці і ў музеі Янішчыц у гэтай жа школе, які дзесяць год таму стварыла і па сённяшні дзень кіруе ім Антаніна Паўлаўна Сідарук.
    Затым культурныя мерапрыемствы, звязаныя з юбілеем паэтэсы, перамясціліся ў сельскі клуб вёскі Велясніца. Адметна, што з гэтымі трыма палескімі пасяленнямі – Рудка, Велясніца, Парэчча – цесна перапляліся жыццёвы  і творчы лёс Яўгеніі Янішчыц. У першай яна нарадзілася, у другой жыла і вучылася ў васьмігадовай школе, а ў трэцяй заканчвала сярэднюю школу і зрабіла першы крок у вялікую літаратуру.
    Ты паклiч мяне. Пазавi.
    Там заблудзiмся ў хмельных травах.
    Пачынаецца   ўсё з любвi,
    Нават самая простая ява.
    Так, усё пачынаецца  з любві – да маці, да роднай зямлі, да Радзімы... Іменна такой была, ёсць і застанецца для Палесся, для ўсёй Беларусі Яўгенія Янішчыц. Гэта яскрава пацвердзілі два дні, на працягу якіх на Піншчыне пабывалі некалькі літаратурных дэлегацый са сталіцы, пісьменнікі і філолагі з усёй вобласці, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Усе яны былі адзіныя ў адным: кіраўніцтва Берасцейшчыны робіць усё для захавання багатай культурнай спадчыны краю, падтрымлівае творчых людзей, якія працуюць у літаратуры ды іншых відах мастацтва. Пра гэта, прынамсі, як раз і сведчыць заснаванне абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка. Безумоўна, не менш робіць абласная ўлада і для развіцця таленавітай моладзі.


Опубликовано: 00:14 - 19.01.2038г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.